Суббота, 18 апреля 2026

У мінулую пятніцу адбылася цырымонія ўшанавання лепшых работнікаў раённай сферы культуры

602

Да адзначэння свайго прафесійнага свята работнікі культуры падышлі, як заўсёды, даволі крэатыўна, абраўшы ў якасці галоўнай сцэны падзеі залу кінатэатра «Спадарожнік». Па-першае, з «іскрынкай» была падрыхтавана атмасфера, фонам стаў подыум у стылі «ўручэння Оскара». Таксама, напэўна, з улікам таго, што недзе белы колер адзення лічыцца жалобным, для гасцей і ўдзельнікаў свята арганізатары ўстанавілі чорны «дрэс-код». І па-трэцяе, вельмі захапляльнай была ўрачыстая праграма — з песнямі, танцамі, відэавіншаваннямі і выпрабавальнымі сюрпрызамі.

Цырымонію ўзнагароджання адкрыў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, які адзначыў нялёгкую працу работнікаў культуры, разам з тым, неверагоднае майстэрства і сардэчнасць кожнага, хто мае дачыненне да гэтай сферы. Яго словы працягнуў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, які падзякаваў за тое, што жыхары Пружанскага раёна маюць магчымасць дакрануцца да культуры XXI стагоддзя. І з поўным правам начальнік аддзела культуры Канстанцін Панімаш можа ганарыцца сваёй камандай, творчымі, энергічнымі, вопытнымі спецыялістамі. Сям’ёй, якая расце, папаўняецца новымі членамі, развіваецца і стварае вакол сябе аўру выдатнага настрою.

Лепшым работнікам былі ўручаны ўзнагароды ад райвыканкама, райсавета дэпутатаў, а таксама галіновых структур абласнога ўзроўню. Сваю частку трыумфу атрымалі і маладыя спецыялісты. Нямала цёплых слоў прагучала і ў відэавіншаваннях, якія рыхтавалі розныя падраздзяленні раённай галіны культуры — бібліятэчнай, музейнай справы, клубных арганізацый, кінавідэасеткі і іншыя.

Нягледзячы на тое, што нават у свята многім давялося працягваць працу, прыўзняты настрой захоўвалі практычна ўсе — і гледачы, і арганізатары. Што было бачна і па рэакцыі залы, і па «агеньчыку» у вачах тых, хто выходзіў на сцэну. А інакш і не магло быць, таму што з галоўнай задачай — несці светлае ў масы — нашы работнікі культуры заўсёды спраўляюцца на «выдатна». Тым больш, і падчас свайго прафесійнага свята.

Алег Сідарэнка (тэкст і фота)