
Жыццё такое вось, насычанае падзеямі і новымі даляглядамі. Яно не дае спачыну, бо заўсёды за рухам наступае задавальненне зробленым. Калі ты адчуваеш сябе звязаным з тым, чым жыве ўся краіна. Так і сельскія працаўнікі, яны цяпер на перадавой жніва-2025, а яшчэ на іх плячах жывёлагадоўля, тут жа трэба паклапаціцца і пра нарыхтоўку кармоў. Дык вось, здаецца, зусім нядаўна гаварылі пра першы ўкос, а ўжо ў трэці раз выйшла на палеткі тэхніка, каб поўнасцю закрыць пытанне кармавой базы да наступнай вясны.

Таму і кіпіць работа, травінка да травінкі — вось і ежа для скацінкі. І, як адзначае аграном па кормавытворчасці ААТ «Мурава» Пётр Данілюк, цяпер укос даволі багаты: паспрыялі дажджы, хоць і нячастыя, а яшчэ падкормка кармавых палеткаў. На пятніцу бягучага тыдня ўбралі ў гаспадарцы 71% траў да скошанага (усяго — 700 га). Засталіся толькі злакавыя травасумесі, якія мяркуецца да 25 жніўня і скасіць, і закласці ў траншэі. Каб штогод забяспечваць сябе багатымі ўкосамі, у сельгаставарыстве пастаянна праводзіцца перазалужэнне — паўторная сяўба шматгадовых траў. Абнаўленне ў прыродзе — справа заканамерная, і яе пажадана прытрымлівацца і людзям.
На дадзены момант інтэнсіўна ў ААТ «Мурава» ідзе нарыхтоўка сенажу. Першапачаткова праводзіцца дэзынфекцыя сцен траншэй і ўкрыванне іх плёнкай чорнага колеру. У сукупнасці гэта станоўча ўплывае на захаванне і якасць кармоў. У дадатак выкарыстоўваецца біякансервант «Сіл-Олл» з разліку да 2 літраў рабочага раствору на тону зялёнай масы, які зніжае страты найбольш пажыўнай часткі корму, павялічвае ўтрыманне цукраў, неабходных малочнакіслай мікрафлоры для хуткага падкіслення. Навуковы падыход да справы — заклад будучых надояў і, канечне, захаванасці буйной рагатай жывёлы. Не забываюць пра разраўноўванне і трамбоўку сенажу з наступным укрываннем. Цяпер у гаспадарцы назапашваюцца кармы на МТК «Мурава», дзе размешчана 15 траншэй. Кожная змяшчае 1800-1900 тон і запаўняецца за тры дні. На сёння план па сенажы ў сельгаставарыстве амаль закрылі — 91%. Не за доўгім часам наступіць і ўборка кукурузы на сілас, якога патрэбна закласці 21203 тоны. Царыца палёў добра ўзышла і парадавала дружным ростам і буйнымі пачаткамі. Пры гэтым у ААТ «Мурава» звяртаюць пільную ўвагу і на беларускія гібрыды, якія штогод удасканальваюцца і даюць неблагі ўраджай.
Можна многа гаварыць, але толькі пацвярджэнне лічбамі надае ўпэўненасці сказанаму. У разліку на адну ўмоўную галаву сельгаставарыства ўжо нарыхтавала 11,83 цэнтнераў кармавых адзінак, гэта другі паказчык па раёне пасля філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі» (13,25 ц.к.адз.). Таму і каровы будуць сыты, і гаспадары спакойныя.
Што здзіўляе ў нашым сельскім працаўніку? Упартасць, з якой ідзе да пастаўленай задачы, што б там ні здарылася, але патрэбна дамагчыся рэзультату. Засяроджанасць і сур’ёзнасць на рабоце і ў той жа час такая непадробная душэўнасць і ўменне радавацца кожнаму дню. Відаць, яднанне з роднай зямлёй дае ім сілы жыць і працаваць.
Вадзім Раўнейка
На здымках:
- З вышыні відней для механізатара Уладзіміра Мухлыніна, як і дзе касіць.
- Аграном па кормавытворчасці Пётр Данілюк і вадзіцель Андрэй Цабрук абмяркоўваюць ход закладкі сенажу.
Фота Кацярыны Масік