
Фота з архіва першага сакратара Пружанскага РК КПБ І.Р.Качура.
(Заканчэнне. Пачатак у № 57 ад 26 ліпеня 2025 г.)
Доўгі час аб месцах расстрэлаў не ведалі. Карнікі зрабілі ўсё, каб схаваць злачынствы. Паводле сакрэтнага загаду па палку паліцыі «Цэнтр», у склад якога ўваходзіў 322-гі батальён, выдадзенаму ў Беластоку 11 ліпеня 1941 г. ад імя камандзіра Мантуа, расстрэлы трэба было праводзіць у аддаленні ад гарадоў, вёсак і шляхоў зносін. Дакумент патрабаваў: «Магілы раўняць такім чынам, каб выключыць утварэнне месцаў паломніцтва. Я забараняю фатаграфаваць экзекуцыі і дапускаць да іх старонніх. Агалашэнне факта правядзення экзекуцый і месцаў знаходжання магіл забараняецца». У загадзе таксама згаданы меры па ідэалагічнай і псіхалагічнай падтрымцы карнікаў: «Паліцэйскіх неабходна ўвесь час настройваць на неабходнасць правядзення такіх мерапрыемстваў, абумоўленых палітычным становішчам. Уражанні ад падзей дня трэба здымаць пры дапамозе ладжання таварыскіх вечарын».
Масавае пахаванне ў Перарове выпадкова знайшлі ў
1952 г. Падчас рамонту лесавознай дарогі ў пушчы, капаючы экскаватарам пясок са старога кар’ера, выявілі шмат чалавечых астанкаў. Майстар дарожнага ўчастку В.В. Рабчук спыніў працу і паведаміў аб жудаснай знаходцы ў Шарашова. Шэраг астанкаў ідэнтыфікавалі па рэчах. Унучка І.Ф. Казака расказвала, што «бабуля прыехала сюды, капнула рыдлёўкай, каб пасадзіць кветкі і пад пяском убачыла дзядулеў пінжак». У выніку апазнання і ўспамінаў да 1990-х гг. было ўстаноўлена 85 імёнаў, у 2025 г. — аўтарам артыкула выяўлена яшчэ 15, у тым ліку Вольгі Мікалаеўны Габец — вядомага дзеяча Беларускай сялянска-работніцкай грамады і Кампартыі Заходняй Беларусі.
У 1963 г. па рашэнні выканкама Пружанскага Раённага Савета Дэпутатаў Працоўных на магіле ўсталявалі помнік у выглядзе бетоннай піраміды з пяціканцовай зоркай «дзеля ўшанавання памяці расстраляных грамадзян Пружанскага раёна і Гайнаўскага раёна Польскай Народнай Рэспублікі». Каля магілы ў першую нядзелю жніўня штогод праходзіць мітынг. Па ініцыятыве Пружанскага райвыканкама і Белавежскай гміны Гайнаўскага павета ў жніўні 1991 г. быў урачыста адкрыты новы помнік у выглядзе нахіленых буйных бетонных крыжоў ці зламанай свастыкі, які атрымаў у народзе назву «Падаючыя крыжы». Яго аўтарам быў скульптар, член Саюза архітэктараў БССР У.У. Сарока.
Пасля перадыслакацыі асноўных сіл 322-га паліцэйскага батальёна ў пушчы засталася яго 3-я рота, якая павінна была «выконваць свае задачы ў абмежаваных рамках да прыбыцця новага батальёна з Усходняй Прусіі» і перад адыходам правесці акцыю па ліквідацыі яўрэяў. Роце даручалася хутка эвакуіраваць сем’і расстраляных камуністаў і забіць выяўленых яўрэяў і камуністаў, якіх не ўдалося знайсці раней. Штодня часць паведамляла аб сваіх дзеяннях. Так, 8 жніўня 3-я рота «затрымала за 14 км на ўсход ад Белавежы ў н/п Чадзель банду ў колькасці 19 чал. Яны былі ліквідаваны ў Белавежы», 14 жніўня — правяла аперацыю «ў раёне Сухопаля ў пошуках узброеных банд па ўказанні акруговай камендатуры ў Пружанах».
Да канца жніўня 1941 г. «яўрэйскае пытанне» тут фактычна было вырашана. Маральны бок «крывавай справы» не турбаваў яе выканальнікаў. На допыце ў сакавіку 1966 г. служачы 322-га батальёна адзначаў: «Яўрэі былі падобны дзічыне, якую стралялі без шкадавання, і для гэтага не патрэбны былі якія-небудзь падставы ці неабходнасць».
Падзеі вайны ў пушчы і дзейнасць паліцэйскага батальёна апісаў у рамане «Ваўчынае логава» польскі пісьменнік і ўдзельнік антыфашысцкага руху на Беласточчыне А. Амільяновіч. У творы ёсць радкі: «На сцяне вісела вялікая карта Белавежскай пушчы і прылеглых да яе раёнаў. Хелен паказала пальцам на белыя кругі з чорнымі крыжамі і патлумачыла: «Гэта пазначаны вёскі, якіх ужо не існуе. Іх спаліў летам 1941 г. батальён 322 пад камандаваннем маёра Надэля. Адных жыхароў расстралялі, другіх вывезлі. Апусцелыя палі і папялішчы вёсак будуць засаджаны лесам. Па загаду Герынга ў правядзенні акцыі прымаў удзел старшы егер інжынер Цірпінг. Ён, як ляснічы і вопытны спе-цыяліст, намячаў вёскі для знішчэння. Разам з ім аперацыю распрацоўваў унтэрштурм-фюрэр СС Бертэль — прадстаўнік генерала СС Бах-Залеўскага». Аўтар кнігі змяніў імёны рэальных асоб, таму што суд не прызнаў іх злачынцамі.
Да снежня 1941 г. Белавежская пушча стала паляўнічай гаспадаркай Германіі і сур’ёзна кантралявалася. На ахову лесу быў выдзелены спецатрад каля 700 чал., а мясцовае насельніцтва пераселена ў іншыя месцы.
Аб стане пасля карных аперацый сведчаць успаміны камандзіра Пінскай партызанскай брыгады І.Г. Шубітыдзэ, група якога ў лютым 1942 г. апынулася ў лесе: «Пушча здавалася нам бясконцым зялёным царствам, дзе нас не знойдзе ніякі фашыст. Ніхто тады не ведаў, што яна разбіта на роўныя, пранумараваныя квадраты, за кожным з якіх назіраюць гітлераўцы. Ім быў вядомы ўсялякі новы след на снезе. Разумеючы, што менавіта сюды будзе імкнуцца наш брат, немцы пастараліся ізаляваць пушчу ад бліжэйшай мясцовасці. З суседніх вёсак і хутароў не толькі былі выселены людзі, але і самі населеныя пункты былі поўнасцю спалены. Сярод рэдкай зеляніны на папялішчах тырчалі толькі чорныя пячныя трубы. І што дзіўна: практычна на кожнай спаленай сядзібе, звярнуўшыся пухнатымі клубочкамі, ляжалі кошкі. Пачуўшы чалавечы голас, яны жалобна мяўкалі, як бы заклікаючы гаспадароў хутчэй вярнуцца дамоў».
У выніку карных аперацый у Белавежскай пушчы змянілася дэмаграфічная сітуацыя. З-за масавых катаванняў і прымусовага высялення значна скара-цілася насельніцтва, знікла яўрэйства. Акупанты эксплуатавалі людзей і прыродныя багацці. «Новы парадак» быў заснаваны на тэроры і прыгнёце, антыгуманных дзеяннях, рабаванні каштоўнасцяў і гаспадаркі.
Наталія Пракаповіч
