
Удзел у конкурсе прынялі каманды з 17 школ, сярод якіх былі як «ветэраны», так і навічкі, якія вырашылі паказаць свой спрыт упершыню.
Як і раней, юным інспектарам неабходна было паказаць свае ўменні, практыку і веданне тэорыі ў чатырох выпрабаваннях. У кагосьці атрымалася вельмі добра прайсці праз усе іспыты, некаторыя ж па прычыне хвалявання атрымалі не такі высокі бал, як хацелася б.
Напрыклад, у тэарэтычным экзамене на веданне правілаў дарожнага руху найлепшы вынік паказалі шаняўскія школьнікі, якія абышлі па колькасці набраных балаў сапернікаў з Кляпацкай школы (2 месца) і СШ №5 (3 месца). Спіс пераможцаў у гэтай намінацыі «закрылі» хараўскія і шарашоўскія інспектары. У фігурным ваджэнні веласіпеда з пераадоленнем спецыяльных перашкод найбольшую віртуознасць праявілі ўжо школьнікі з аг. Клепачы: яны дапусцілі менш памылак, чым бліжэйшыя канкурэнты з Муравы (2) і Слабудкі (3). Амаль у самым канцы спіса ў гэтай намінацыі аказаліся ўдзельнікі спаборніцтваў з Варанілавічаў, але гэта не засмуціла вясковых спарт-сменаў і яны здолелі паказаць высокую медыцынскую падрыхтоўку, заняўшы трэцюю прыступку п’едэстала. На гэтым этапе золата змаглі заваяваць юныя інспектары з СШ № 5, якія таксама з-за адчувальнай колькасці памылак не трапілі ў «прызёры велапляцоўкі», але знайшлі ў сабе «сілы» і абышлі сапернікаў з Клепачоў (2).

Відавочна, што на працягу некалькіх конкурсаў яўных лідараў не было бачна, вельмі складана было спрачацца «ветэранам» з навічкамі, якія ўносілі свой уклад у карэкціроўку турнірнай табліцы. Што пацвердзіў заключны этап, падчас якога ўдзельнікі павінны былі прадэманстраваць навучальна-паказальную праграму. Самымі творчымі ў гэтай намінацыі ў выніку аказаліся школьнікі з Муравы (1), Лінова (2) і Клепачоў (3). У гэтым выпрабаванні суддзям было настолькі складана падводзіць вынікі, што шэрагу каманд прысуджаліся пераходныя месцы.
З-за адсутнасці яўных лідараў вызначаць пераможцаў давялося толькі па колькасці балаў. На трэцяй прыступцы пасля падсумоўвання вынікаў аказаліся юныя інспектары з СШ №5, крыху вышэй узнялася каманда з Ліноўскай СШ. Абараняць гонар раёна на занальнай спартакіядзе будуць школьнікі з Клепачоў. У іх застаецца нямнога часу да 17 красавіка, каб палепшыць сваю падрыхтоўку, тым больш, што давядзецца сапернічаць з пяццю лепшымі камандамі з іншых раёнаў вобласці. Спадзяёмся, што «родныя сцены» (пляцоўка ў СШ №1 г. Пружаны імя ЧБВА) ім дапамогуць.
Усім прызёрам ад арганізатараў спартакіяды — Дзяржаўтаінспекцыі, аддзела па адукацыі райвыканкама пры падтрымцы ААТ «Жураўлінае» — былі ўручаны памятныя падарункі.
Алег Сідарэнка
Фота Кацярыны Масік
Больше фото тут
