
У плыні навін і штодзённай мітусні мы часта шукаем гісторыі, якія нагадваюць пра вечнае — сілу чалавечага духу і пра тое, як можна перажыць гора і не стаць жорсткім, а працягваць сеяць дабро і прыгажосць. Лёс Лідзіі і Валерыя — не толькі велізарны стаж працы з пчоламі, але і глыбокі, пранізлівы прыклад таго, як можна пераадолець страту, сплятаючы яго ва ўзоры і вырабы з лазы, ператвараючы боль у памяць, а памяць — у мастацтва.
У ціхім і ўтульным пасёлку Шарашэва, дзе паветра напоена водарам палявых кветак і хваёвых лясоў, ёсць асобная кропка на карце — гэта пчальнік сям’і Хеншаль. Тут жыццё цячэ ў рытме, зададзеным прыродай, а галоўныя гаспадары — тысячы паласатых працаўніц. Але за гэтым салодкім царствам стаіць гісторыя не проста пчаляроў, а двух захопленых людзей, чый саюз доўгі і трывалы, як самы якасны мёд.
Каб вытрымаць складаны рытм жыцця і справіцца з выпрабаваннямі, неабходна была асаблівая аддушына. Сваю любоў да вышыўкі Лідзія прывезла з Украіны два дзесяцігоддзі таму. Тады, на мясцовым вяселлі, яна і падгледзела гэтую прыгажосць. У той час не было ні падзелаў, ні палітычных баталій, усе жылі дружна і шчасліва. І менавіта там яна ўпершыню ўбачыла старадаўнія абрадавыя ручнікі, якія ўразілі яе сваёй незвычайнасцю і сакральным сэнсам.
— Гэта было так цудоўна і прыгожа, што, вярнуўшыся дадому, я не магла выкінуць вобразы з галавы, — успамінае Лідзія. — Я адразу набыла першае палатно з дробнай канвой, спецыяльныя часопісы па вышыўцы і прынялася за справу, выбраўшы асноўны стыль — вышыўку крыжыкам. Так паціху і асвоіла гэтае рамяство.
Але самая кранальная частка гэтай гісторыі ў тым, што галоўным яе настаўнікам стаў сын Андрэй. Менавіта ён першым узяў у рукі ніткі і іголку, навучыўся акуратна выводзіць ўзоры і ствараць прыгожыя краявіды. Потым ужо за пяльцы села і сама Лідзія, ствараючы на абрусах і ручніках выразныя, чароўныя лініі. Карціны сына, як самая дарагая сямейная рэліквія, дагэтуль упрыгожваюць гасціную. Гэтыя маўклівыя сведкі шчаслівай сям’і нагадваюць аб тым, калі ўсе былі разам.
На адзін выраб ідзе каля месяца карпатлівай работы. Гэта патрабуе неверагоднай уседлівасці і ўвагі, але і дае нешта большае, нейкі тэрапеўтычны эфект. Кожны крыжык — асаблівая медытацыя, ціхая размова з памяццю і жаданне зрабіць свет вакол сябе хоць крышачку прыгажэйшым.
У Валерыя свой спосаб дыялогу з мірам — лозапляценне. Ён адкрыў для сябе гэтае рамяство каля 30 гадоў таму, выпадкова ўбачыўшы ў часопісе «Работніца і сялянка» працы майстроў. Яго, чалавека з залатымі рукамі, гэта так захапіла, што ён узяўся за справу з усёй грунтоўнасцю.
І зараз увесь працэс пачынаецца з прыроды. Ён ведае, дзе ўздоўж каналаў знайсці прыдатную лазу і па восені робіць нарыхтоўкі: спачатку варыць пруты, затым здымае кару, звязвае ў пучкі і сушыць, а перад пачаткам працы вымочвае ў цёплай вадзе для гнуткасці. На стварэнне аднаго вырабу ідзе прыкладна 5-6 гадзін бесперапыннай працы, пакуль не давядзе яго да дасканаласці. Фінальны штрых — пакрыццё спецыяльным лакам, які падкрэслівае форму і прыродную тэкстуру.
Сёння ў калекцыі майстра — цэлы мір, сплецены з лазовых прутоў: кошыкі, пано, ажурныя люстры і таршэры, вытанчаныя кветкі, палічкі, дэкор для люстэркаў, усяго і не пералічыць. А яшчэ адно захапленне — галубятні з дэкаратыўнымі птушкамі. Назіранне за іх мірным жыццём, мабыць, трэцяя аддушына ў гэтым доме, напоўненым клопатам і цяплом.
Работы майстроў вядомы далёка за межамі раёна. Як каштоўны сувенір і памяць аб Беларусі, іх набылі госці з Ізраіля, ЗША, Канады, Нарвегіі. Яны ўбачылі свет на маштабных раённых святах, у Стойлах, Пінску… Кожны выраб нясе ў сабе не толькі майстэрства, але і часцінку душы гэтай дзіўнай сям’і, дзе ўсё напоўнена сэнсам: глыбокім, вечным і трапяткім…
Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік
