Понедельник, 20 апреля 2026

Мітынг, прысвечаны Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа

350

Колькі б не даводзілася бываць на мітынгах у Пружанах, прысвечаных Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, заўсёды сэрца рвецца ад болю па загінуўшых у той страшэннай вайне і ад цеплыні ўсведамлення, што ніколі мы гэта не забудзем.

Дзякуючы арганізатарам жалобнага мітынгу-рэквіему, а гэта райвыканкам, аддзел культуры і ўсе жыхары горада, яго вядучым, творчым супрацоўнікам аддзела культуры, мерапрыемства пераўтвараецца ў жывую карціну, яркую тэлехроніку страшэнных падзей пачатку вайны, яе наступстваў, радасці пераможнага мая. Усе, хто прысутнічаў на мерапрыемстве, адчувалі ўвесь боль тых дзён гераізму, мужнасці, стойкасці нашага народа ў процістаянні з карычневай чумой фашызму. Ва ўсім гэтым дзеянні, у хвіліне маўчання, як метраном адгукаюцца званы Хатыні, вогнішчы спаленых вёсак разам з жыхарамі Пружаншчыны, боль і стогны ахвяр Трасцянца, Алы, Чырвонага Берага…

Час набліжаўся да поўначы 22 чэрвеня. Людскі паток вогненнай ракой накіраваўся да помніка «Спаленым вёскам». Кожны, хто прысутнічаў на мітынгу-рэквіеме, нёс у руках палымяную трапяткім агеньчыкам лампадку, як часцінку сэрца тых, каго няма разам з намі, хто аддаў сваё жыццё за свабоду і незалежнасць краіны, хто не дажыў да гэтага памятнага дня 22 чэрвеня 2025 года. Кіраўніцтва раёна, арганізатары мітынгу, жыхары і госці нашага горада нізка схіляліся перад помнікам і ставілі агеньчыкі да пастамента. Мы будзем жыць, пакуль жыве наша памяць. Не зменім ёй, не дадзім адысці ў небыццё. Гэта наш код, наш стрыжань, наша біяграфія.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік