Суббота, 18 апреля 2026

Сваёй дружнасцю заўсёды здзіўляе калектыў з ААТ «Ружаны-Агра»

1 002

Тут кожнае падраздзяленне — гэта не асобны індывід, а частка цэлага, дзе пануе лад паміж кіраўніцтвам і падначаленымі, калі кожны хварэе за канчатковы рэзультат. І так павінна быць, а не інакш, узаемаразуменне — вялікая сіла! Аб шчырасці і павазе гаварылі літаральна ўсе, з кім напярэдадні Новага года пагутарылі карэспандэнты «раёнкі».


А ён жа не за гарамі. Хутка-хутка будзем разам загадваць жаданні на 2026-ы. Зразумела, што ў кожнага яны будуць розныя, але з накірункам толькі на лепшае і светлае. Мы адзіныя ў наступным: каб панаваў мір у непаўторнай Беларусі, нараджаліся дзеткі, кожны дзень прыносіў задавальненне і заўсёды радавалі наша вока і гасцей прыгожыя і роўныя палеткі. Вось, дарэчы, аб багатых ураджаях заўсёды дбаюць пружанскія аграрыі. Сельскія працаўнікі з года ў год у думках трымаюць веру ў спрыяльнае надвор’е, свае сілы і нязломнасць духу. А яшчэ яны прывыклі заўсёды падводзіць вынікі сваёй цяжкай працы за год, каб у наступным дасягнуць яшчэ большых вышынь, знайсці новыя перспектыўныя шляхі для развіцця сваёй гаспадаркі.

Андрэй Босак, дырэктар сельгаставарыства:
Галоўны патэнцыял ААТ «Ружаны-Агра» — гэта людзі, якія на самым высокім узроўні выконваюць свае працоўныя абавязкі. Таму нам пад сілу любая задача. Мы не проста марым, а ўвасабляем у жыццё ўсё, што запланавалі. Адзіная мэта згуртоўвае працаўнікоў і дазваляе з упэўненасцю рухацца наперад, не баючыся аступіцца ці нават спыніцца. Многа гаварылася пра сёлетняе капрызнае надвор’е. Але судзіце самі: упершыню за пяцігодку мы не будзем закупляць зерне, яго нам хопіць на 1,5 года, нават плануем прадаць каля 2 тысяч тон. Выканалі дзяржзаказ, пры гэтым яшчэ і аказалі дапамогу сельгаставарыствам раёна. Кармоў таксама нарыхтавалі больш чым дастаткова. За гэта неаднаразова ўзнагароджваліся механізатары і вадзіцелі. Ды што гаварыць, любая наша галіна заўсёды арыентавана на прыбытак. Усюды наведзена чысціня, адладжаны механізм работы кожнага ўчастка. Адным словам, з такім годным і зладжаным калектывам не страшна ні непагода, ні іншыя перыпетыі. Пераступілі — і пайшлі далей. Дзякуй, дарагія, за самаадданасць абранай справе.

Ілья Юнаш, галоўны аграном:

Агранамічная служба сельгаставарыства заўжды напагатове. Пацвярджэннем таму з’яўляецца сёлетняе жніво, падчас якога атрымана 32220 тон зерня, рэкордны ўраджай за час існавання сельгаставарыства. І ўраджайнасць парадавала — 47,9 ц/га. Значыць, нам усё пад сілу, не напужала надвор’е. Дарэчы, яравы ячмень месцамі ўбіралі па 80-90 ц/га. Прытрымліванне тэхналогіі, якасныя мінеральныя ўгнаенні, адказныя работнікі — і рэзультат гарантаваны. Азімыя культуры пасеялі своечасова, арганіку ўнеслі. Цяпер займаемся ачысткай насення, некаторыя яго гатункі будзем закупляць, бо спрабаваць нешта новае — значыць накіроўваць сябе на дасягненне яшчэ большых вышынь. І да яравой сяўбы мы гатовы. У любым выпадку не падвядзём.

На фота: загадчыца Наталля БАроўская,
буфетчыцы Крысціна Краўчанка і Ірына Гарус.

Наталля Бароўская, загадчыца сталовай у г.п Ружаны:
— Хочаш смачна паабедаць ці лянота дома гатаваць? Заўсёды дзверы адчынены ў нашай сталовай. Кожны дзень разнастайнае і каларыйнае меню з трох пазіцый. Сюды ж дададзім і душэўнасць, з якой абслугоўваюць наведвальнікаў нашы работнікі. Акрамя таго, у сталовай можна правесці карпаратыў, у нас усё па-сучаснаму і ўтульна. Тут жа вашай увазе свае паўфабрыкаты, яблыкі, каўбасы. Будзем рады бачыць кожнага!

Мікалай Канановіч, галоўны інжынер-тэхнолаг:
У нашай гаспадарцы функцыянуе два забойныя цэхі, адзін, мясанарыхтоўчы. На дадзены момант выпускаем больш за 40 відаў сырых паўфабрыкатаў. За апошнія гады павялічылі аб’ём вытворчасці ў 3 разы з той жа колькасцю працаўнікоў. У мінулым жніўні адкрылі каўбасны цэх. Напачатку распрацавалі тэхналогію і рэцэптуру. Вось на сёння рэалізуем прадукцыі больш за 10 тон у месяц, і якой яшчэ не хапае. Што да асартыменту, то гэта 45 відаў розных каўбас, сасісак, катлет. На гэтым не збіраемся спыняцца, таму ўжо ў новым годзе нашы тэхнолагі прадставяць 2 віды каўбасных сервелатаў. Набыць смакату можна ў нашых гандлёвых кропках, у тых жа Пружанах. З навінак — аўтамагазін, які будзе курсіраваць па Пружанскім раёне з 2026 года, маршрут пакуль адпрацоўваецца. Атрымліваецца, калі працуеш у камандзе, то і рэзультат не прымусіць сябе чакаць.

На фота:
аператар газавай кацельні Уладзімір Маразевіч, аператар працэсу перапрацоўкі зерня Ігар Крайній, вадзіцель ЗСК Юрый Козак, прыёмшчык сыравіны Вячаслаў Макарэвіч і начальнік цэха Мікалай Чаргейка.

Мікалай Чаргейка, начальнік камбікормавага цэха:
За 11 месяцаў вырабілі звыш 45 тысяч тон камбікорму розных відаў, з іх трэць для свіней. Сабекошт прадукцыі — у сярэднім 819 рублёў тона. Таксама працуе цэх па перапрацоўцы масланасення рапсу. Гэта дазволіла забяспечыць сябе маслам, лішкі рэалізоўваем. За месяц перарабляем каля 200 тон. Падчас сёлетняй уборкі зернесушыльны комплекс дапрацаваў і прасушыў звыш 20 тыс. тон зерня. Па гэтым паказчыку мы лідары ў вобласці. Кожны з работнікаў на сваім месцы, з патрэбнай кваліфікацыяй і смелымі планамі на 2026 год.

На фота: слесар Дзяніс Бойдзіч, галоўны інжынер Андрэй Шапавал, майстар-наладчык Віталь Бароўскі і слесар Алег Маразевіч.

Андрэй Шапавал, галоўны інжынер:
На дадзены момант наш аўтапарк складаецца з 68 аўтамабіляў усіх відаў, 97 трактароў, з якіх 21 — энерганасычаны. На балансе 20 зернеўборачных камбайнаў і 8 кормаўборачных. Тэхніка размяшчаецца на 4 мехдварах, дзе па патрэбнасці якасна рамантуецца, праводзіцца яе тэхагляд. Прастояў наогул не дапускаем, таму што гэта можа негатыўна паўплываць на рабочыя працэсы, тую ж на дадзены момант вывазку арганікі, дастаўку саломы ці мінеральных угнаенняў. Таксама закупляем новую тэхніку. У гэтым годзе набылі трактары «Беларус 3522» і «John Deere 8 R», кормаўборачны камбайн. На 100 % справіліся з пастаноўкай тэхнікі на захоўванне. Дарэчы, з запчасткамі праблем няма ніякіх. Са студзеня пачнём займацца падрыхтоўкай пасяўных агрэгатаў. Галоўнае — разумець пастаўленую задачу, асэнсавана падыходзіць да любой работы і ўсё выконваць своечасова.

На фота: прадаўцы Алена Лабашова і Ніна Кабась, загадчыца Вольга Велікаселец.

Вольга Велікаселец, загадчыца фірменнага магазіна «Ружанскі пачастунак»:
Гандлёвая кропка функцыянуе больш за два гады, а наплыў пакупнікоў ніяк не змяншаецца. І нездарма, бо мы даражым сваёй рэпутацыяй, таму на нашых прылаўках заўсёды ўсё толькі свежае. Вашай увазе і шашлыкі, і замарынаваныя рабрынкі, і сырое мяса, і каўбасы розных відаў. Гэта павярхоўны пералік, таму чакаем вас у магазіне. Проста ўпэўнены, што нешта вашаму воку прыглянецца. А калі ў лічбах, то за дзень людзі раскупляюць 700-800 кг мяса і 200 кг каўбасы. Вось так, смачна жыць не забароніш.

На фота: кухонная рабочая Руфіна Кліменка, загадчыца Алена Пятрашка і повар Ганна Сінянскіх.

Алена Пятрашка, загадчыца сталовай у аг. Калазубы:
Ужо больш за шэсць гадоў мы займаемся выпечкай хлебабулачных вырабаў, якія карыстаюцца попытам, нават ёсць пастаянныя пакупнікі. Вашай увазе прадстаўляем хлеб шэры, батон любіцельскі, пляцёнку з макам, булачкі з розным начыннем, піражкі з павідлам і капустай. Усё заўжды з пылу і жару, выпечана згодна з рэцэптурай, укладзена часцінка душы. Між іншым, хлеб, батон і адзін з відаў булачак гатуем кожны дзень. Заходзьце, калі ласка!

Дзмітрый Савіцкі, галоўны заатэхнік:
За адзінаццаць месяцаў бягучага года вытворчасць малака вырасла на 4,3%, валавыя прывагі на 38%. Сярэдні надой на карову склаў 7353 кг, у плане выйсці на 8 тысяч, і для нас гэты паказчык зусім не завоблачная мара. Рэнтабельнасць малака — 65,3% (+23,2 да мінулага года). Як бачна, дзякуючы сумленнасці працаўнікоў, можна не таптацца на месцы, а зарабляць грошы і потым укладваць у рэальныя праекты. Павысілася таксама і пагалоўе буйной рагатай жывёлы з 16097 да 16971. Сёлета на МТК «Варанілавічы» пабудаваны прафілакторый, на ўсіх комплексах заменены вентыляцыя і арашэнне, абноўлены і шторы. Валавыя прывагі свіней узраслі на 2,2%. Сярэдняя вага адной галавы пры рэалізацыі — 123 кг. Па расходзе корму ў свінагадоўлі прыйшлі да лічбы ў 2,8 кармавых
адзінак. Аказваецца, усяго можна дасягнуць, калі ёсць жаданне і інтарэс да работы.

На фота: начальнік саду Вольга Гайдук, садаводы Ірына Епімахава, Аляксей Платонаў, Уладзімір Сапко, аграном-садавод Аляксандр Рыпінскі, садаводы Ірына Краўцэвіч і Святлана Валашэнка

Вольга Гайдук, начальнік пладовага саду:
Сёлета з дапамогай дзяржаўнай праграмы «Аграрны бізнес» пасадзілі 10 га маладога саду. Дзякуючы дадзенай падтрымцы, на 40 тысяч рублёў закупілі ўсё неабходнае для пасадкі, нават інструмент. Пройдзе час, і вы зможаце пакаштаваць самыя смачныя і сакавітыя гатункі яблыкаў. За лета падвязалі кожную яблыньку. Цяпер вось аднавілі пабелку, бо зіма, як бачыце, даволі мяккая, а маразабоіны могуць нанесці шкоду дрэўцу даволі значную. Змагаемся з грызунамі і праводзім актыўную абрэзку. Закладзены стабфонд у 100 тон паступова адгружаем на «Еўрагандаль» і райспажыўтаварыства, у свае гандлёвыя кропкі. Жывём работай, тым і шчаслівыя.

Аксана Наўгародская, адміністратар гасцініцы ў г.п. Ружаны:
Заўсёды рады вітаць вас у нашым прыгожым пасёлку і ў ААТ «Ружаны-Агра». А каб паспець з усім азнаёміцца, можна засяліцца ў камфортную гасцініцу. Зрабіць гэта можна кругласутачна, патэлефанаваць і забраніраваць адзін з 7 нумароў. Кошт пражывання даволі дэмакратычны — ад 36 да 80 рублёў, у залежнасці ад нумара. Вада гарачая, халадзільнік, тэлевізар, чайнік — усё ўключана, чысціня гарантуецца, як і падыход да кожнага чалавека. Маецца свая кухня, дзе кожны можа прыгатаваць сабе паесці. Таму шчыра запрашаем у госці!

Віншую ўсіх з надыходзячым Новым годам!
А яшчэ жадаю ў 2026-м дасягнуць новых вышынь, набыць тое, што неабходна вам. Моцнага здароўя, жыццёвых сіл і энергіі. Каб усе мары ўвасабляліся ў жыццё. Няхай удача заўсёды крочыць побач, а пазітыўны настрой выводзіць на новыя ўзроўні жыцця. Сям’і самай моцнай, любові чыстай і шчырай і сяброў побач самых сапраўдных і надзейных. Са святам!
Андрэй Босак, дырэктар ААТ «Ружаны-Агра»

Падрыхтаваў Вадзім РАЎНЕЙКА
Фота Кацярыны МасІк