
Традыцыйныя штогадовыя спаборніцтвы санітарных дружын сёлета прайшлі, з аднаго боку, са звыклымі акалічнасцямі. А з іншага, мелі нямала адрозненняў ад папярэдніх конкурсаў.
У параўнанні з мінулагоднім саставам крыху папоўнілася кола ўдзельнікаў, у якое ўвайшла пасля непрацяглага перапынку каманда з філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі». І забягаючы наперад, адзначым, што нездарма.

Такім чынам, у спаборніцтвах сандружын 2025 года прыняло ўдзел 11 зборных, якіх накіравалі ААТ «Пружанскі малочны камбінат», «Велікасельскае Агра», «Жураўлінае», «Шані-аграпрадукт», «Мурава», «Пружанскі райаграсэрвіс», «Агра-Калядзічы», «Пружанскі льнозавод», КУВП «Камунальнік», Пружанскі лясгас і філіял «Айчына». Сапернікі ўлічылі свае памылкі і пралікі мінулых гадоў, падрыхтаваліся на высокім узроўні, з-за чаго барацьба атрымалася напружанай як на асноўных лакацыях, так і ў творчых конкурсах.
Як зазначыў перад стартам спаборніцтваў першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Глушко, галоўная задача ўдзельнікаў — навучыцца практычна прымяняць вывучаную тэорыю, а яшчэ здабыць новых ведаў. Аднак напрыканцы вітальных слоў Сяргей Аляксандравіч усё-такі падкрэсліў, што пераможа мацнейшы. У выніку літаральна з першых мінут каманды выкладваліся па максімуме.
Гэта адразу было заўважна з першага конкурсу «Страявая падрыхтоўка». Перамогу на гэтым этапе журы прысудзіла сандружыннікам з «малочкі», а другое і трэцяе месцы адпаведна «Жураўлінаму» і лясгасу (летась быў іншы састаў прызёраў). Напэўна, яны лепш за іншых паказалі чаканены крок і ваенную выпраўку, хаця іх сапернікаў з філіяла «Айчына» можна было б вызначыць за творчы падыход, таму што іх строй суправаджаў гарманіст.

На асноўных лакацыях было не менш горача, ва ўсіх хапала правільных адказаў і памылак, што строга рэгістравалі медработнікі з Пружанскай ЦРБ і валанцёры раённай арганізацыі «Беларускі Чырвоны Крыж». Хаця некаторыя з удзельнікаў адзначылі нават прыдзірлівасць з боку «экзаменатараў», але ж «буркуны» пагаджаліся, што ў «баявой абстаноўцы» права на памылку ніхто з сандружыннікаў не мае. Таму заўвагі прымалі як падставу для далейшага самаўдасканалення.
Побач з выпрабавальнымі пляцоўкамі была размешчана лакацыя прапагандысцкіх плакатаў патрыятычна-прафілактычнай тэматыкі. У гэтым конкурсе мінулагодні пераможца ААТ «Мурава» зноў пацвердзіў свой талент і абышоў сапернікаў з «Велікасельскага Агра» (2 месца) і «Пружанскага райаграсэрвісу» (3 месца).
Завяршыліся выпрабаванні на 5-м этапе, падчас якога ўдзельнікі павінны былі прадэманстраваць сваю мастацкую самадзейнасць. На ім абышлося без сюрпрызаў, таму што шаняўцы зноў моцна здзівілі і гледачоў, і журы. Другое і трэцяе месцы занялі КУВП «Камунальнік» і ААТ «Жураўлінае».
Пасля арганізатары ўзялі паўзу на падвядзенне вынікаў, а ўдзельнікам райаддзел па надзвычайных сітуацыях на гэты перапынак «накрыў паляну» з кашай з палявой кухні. І вось пад фанфары былі абвешчаны пераможцы. Як адзначалася, сандружыннікі з «Айчыны» нездарма аднавілі свой удзел і павезлі дадому «бронзу» спаборніцтваў. «Серабро» было сёлета прысуджана ўжо «Агра-Калядзічы». А вось «залатымі» сандружыннікамі другі год запар сталі пружанскія льнаводы. Таксама журы назвала лепшым камандзірам сандружыны Аксану Ліж («Айчына»), а лепшым сандружыннікам — Вольгу Вакульчык («Велікасельскае Агра»).
Меркаванні камандзіраў:
Віктар Глушко, льнозавод:
— Мы годна прайшлі дыстанцыю, таму, мяркую, заслужылі і сёлета быць у лідарах. Магчыма, недзе маглі б паказаць і вышэйшы клас, напрыклад, у страявой. Але галоўнае, што ўсе без выключэння накіраваны на перамогу.
Наталля Майсейчык, «Велікасельскае Агра»:
— Лічу, што справіліся мы нядрэнна, хаця і былі моманты, калі дапускалі памылкі. Вось толькі перажывалі мы іх разам, таксама сумесна выпраўляліся, таму што мы — зладжаная каманда. Будзем вучыцца далей, каб у наступныя гады паказаць больш высокі ўзровень.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік