Суббота, 18 апреля 2026

Што робяць жывёлаводы ААТ «Мурава» для захавання статку і маладняку ў неспрыяльных умовах

2 354

Сёлетняя зіма выдалася дужа марознай. Таму сельгаставарыствы па ўсёй краіне прымаюць меры для таго, каб абараніць сваё пагалоўе ад моцных халадоў, захаваць статак здаровым, асаблівая ўвага надаецца цялятам.

У дбайнага гаспадара на першым месцы заўсёды стаіць жывёла. Сам не паеш, а яе пакармі. Маеш, напрыклад, у гаспадарцы карову. Твой абавязак, а не суседа, забяспечыць рагулю кармамі ўдосталь, паклапаціцца аб тым, каб было сухое і чыстае стойла, не забыць пра мяккую падсцілку для камфортнага адпачынку. Не лішняе і добрае слова, якое разумее ўсё жывое на зямлі. Што ўжо гаварыць пра малых цялятак, якім удвая больш патрэбна аддаваць клопату, пільна сачыць за правільным рацыёнам, праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы супраць хвароб. Фронт работ немалы, але і аддача потым не прымусіць чакаць у тых жа прывагах і літрах малака.

Жывёлаводаў нашага раёна халады не заспелі знянацку, аператыўна былі прыняты меры, каб, у першую чаргу, маладняк не пацярпеў ад маразоў. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргея Уроніча, які курыруе жывёлагадоўлю, штодзённа спецыялістамі падраздзялення праводзяцца выязныя маніторынгі па фермах і комплексах, да якіх падключаюцца супрацоўнікі раённай ветэрынарнай станцыі. Падчас кантролю даюцца рэкамендацыі для недапушчэння падзяжу цялят, раздаюцца памяткі аб кармленні, звяртаецца ўвага і на аплату працы жывёлаводаў за работу ў экстрэмальных умовах. Адным словам, сельгаставарыствы не засталіся самнасам у складанай сітуацыі.

Возьмем для прыкладу ААТ «Мурава». На дзвюх фермах і комплексе ўтрымліваецца 3850 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 1620 — дойны статак. Жывёлаводы МТК «Мурава» на 1100 галоў на дадзены момант усе сілы прыкладаюць для таго, каб 200 цялятам дапамагчы перажыць суровую зіму. Як расказаў намеснік дырэктара па вытворчасці Уладзімір Асіпчук, арганізавана дзяжурства на прафілакторыях з 3-разовым выпойваннем малаком усяго маладняку. Норму сутачнай дозы можна павялічыць да 1 літра, але паступова, з грамаў 200.

Аслабелых цялят кормяць 4 разы дыетычнымі, пажыўнымі растворамі. Раздача малака толькі з дапамогай малочнага таксі, пры тэмпературы не менш за 45 градусаў з улікам хуткага астывання.
На кожным прафілакторыі працуе па 4 цялятніцы. Каб неяк кампенсаваць цяжкія ўмовы работы ў халодны перыяд, у ААТ «Мурава» людзям, якія абслугоўваюць цялят, уведзена даплата. І гэта правільна, чалавек павінен адчуваць пра сябе клопат, гэта стымулюе і надае сіл. Таксама не крыўдзяць грошамі ў гаспадарцы і вартаўнікоў, якія ў начны час пояць аслабелых і хворых цялят некалькі разоў дыетычнымі растворамі. Яны маюць пастаянны доступ да падагрэву вады і парашкоў, якія лёгка дазіруюцца.


Як дадатковая мера, у прафілакторыях пастаўлены цеплавыя пушкі, усе памяшканні ўцеплены саломай. На адкрытых пляцоўках па ўсім перыметры выстаўлены цюкі таксама з саломай. Для нармальнай работы цялятніц у сельгаставарыстве забяспечана дадатковае асвятленне. Ва ўсіх доміках маецца падсцёл таўшчынёй не менш за 30 см.

У абавязковым парадку праводзяцца ветэрынарныя мерапрыемствы. З першых дзён жыцця цялятам два разы даецца сыроватка ў лячэбнай дозе. Аслабелым ставяцца цёплыя кропельніцы з глюкэцінам. Дарэчы, у Брэсцкай абласной лабараторыі ёсць магчымасць аператыўна абследаваць матэрыял ад хворых цялят на ўсю ўмоўнапатагенную мікрафлору.

З вышэйсказанага робім вывад: калі разам і з жаданнем, можна ўсё перамагчы, нават вялікія маразы. А ў сельскіх працаўнікоў запалу да работы заўсёды было многа.


Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік