
Традыцыйна напрыканцы года ў Пружанах адбылася штогадовая цырымонія ўзнагароджання «Дараванне-2024», падчас якой былі адзначаны дасягненні таленавітых навучэнцаў, творчых і спартыўных калектываў, а таксама навуковых аб’яднанняў раёна. Гэтая прэмія прызначаецца пераможцам міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў і алімпіяд, фестываляў, выстаў мастацкай творчасці, а таксама паспяховым навучэнцам школ і пазашкольных устаноў адукацыі.
Нездарма назва прэміі «Дараванне» паходзіць ад слова «дар», якое азначае ўнікальны талент, здольнасць або асаблівасць, якая адрознівае чалавека ад астатніх. Гэта не толькі прыроджанае майстэрства, але і вялікая праца над сабой, жаданне развівацца і дасягаць новых вышынь. Гэта не проста вучоба, а імкненне да выканання пэўнай дзейнасці на высокім узроўні. І, мяркуючы па колькасці ўдзельнікаў, а сёлета іх 274 разам з калектывамі, таленавітай моладзі ў нас хапае. І такая падтрымка, якую аказвае ім дзяржава, мясцовыя ўлады, безумоўна, добры штуршок, каб не спыняцца на дасягнутым, а рухацца наперад і яшчэ раз даказаць — я лепшы!

Як зазначыў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, цырымонія «Дараванне» — напэўна, лепшы навагодні падарунак для ўсіх, хто сваімі поспехамі яшчэ раз падкрэсліў важнасць і значнасць сваіх намаганняў дасягаць новых вяршынь.
— Кожны з вас — ужо пераможца, у першую чаргу, над самім сабой. А вынікі вашай упартай працы гавораць самі за сябе. І я вельмі ганаруся тым, што Пружаншчына багата на таленты, і яшчэ раз падкрэсліваю, што наша моладзь самая лепшая. За вамі будучыня, менавіта вам давядзецца будаваць сваю дзяржаву, пісаць сваю гісторыю роднага краю. Гледзячы на вашы поспехі, я разумею, што ў вас усё атрымаецца, а мы вам у гэтым дапаможам, — зазначыў Міхаіл Міхайлавіч.
Вельмі прыемна, што з пачатку першай цырымоніі, якая адбылася ў 2012 годзе, колькасць таленавітых дзяцей значна павялічылася. Усяго ў гэтым годзе лаўрэатамі міжнароднага ўзроўню былі вызначаны 103 навучэнцы і выхаванцы, у іх ліку таксама творчыя, спартыўныя і навуковыя аб’яднанні. Старшыня райвыканкама ўручыў спецыяльныя дыпломы 70 пераможцам. Больш за ўсіх іх атрымалі навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў імя Рыгора Шырмы. Такія ж узнагароды атрымалі 33 творчыя і спартыўныя аб’яднанні.
Падтрымаць таленты прыйшлі не толькі іх настаўнікі, трэнеры, выхавальнікі, але і бацькі, сябры, блізкія. Хваляванню пераможцаў не было мяжы, калі з рук кіраўніцтва многія ўпершыню атрымалі такія высокія ўзнагароды, а некаторыя ўжо сталі неаднаразовымі лаўрэатамі.
— У мяне ўжо каля 11 узнагарод. Першы дыплом атрымала ў 9 гадоў, гэта быў першы клас музычнай школы, аддзяленне фартэпіяна. У гэтым годзе я стала лаўрэатам міжнароднага конкурсу «Сябры». Кожны раз вельмі хвалююся, не хочацца падвесці свайго педагога Галіну Іванаўну Малясаву, якая вучыць мяне ўжо шосты год, дапамагае ва ўсім, падказвае. Я вельмі задаволеная сваімі поспехамі. Цяпер буду яшчэ больш старацца і хачу звязаць сваё далейшае жыццё з музыкай, — відавочна хвалюючыся, расказвае навучэнка Ліноўскай дзіцячай школы мастацтваў Ганна Аістава.

— Я сёмы год іграю на домры. Выступаў у складзе ансамбля і індывідуальна. У агульным заліку ў мяне каля 70 узнагарод. Мой педагог Марына Уладзіміраўна Пстыга прывіла любоў да струнных інструментаў і, дзякуючы ёй, зноў атрымаў вышэйшую ўзнагароду міжнароднага конкурсу «Сябры». Вельмі ганаруся сваімі дасягненнямі і спадзяюся, што ў далейшым мне гэта спатрэбіцца, — з гонарам гаворыць навучэнец Ліноўскай дзіцячай школы мастацтваў Аляксей Шаўцоў.

На вяршыню п’едэстала на рэспубліканскім узроўні падняўся 61 пераможца. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец таксама выказаў шчырыя словы падзякі вучням і настаўнікам, якія іх падрыхтавалі, своечасова раскрылі іх талент, дапамаглі рухацца ў пэўным накірунку. І як вынік — першая ступень поспеху ў межах краіны.

На абласным узроўні ў агульным заліку пераможцамі сталі навучэнцы першай і другой СДЮШАР, агульнаадукацыйных устаноў раёна. Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч уручыў высокія ўзнагароды 88 навучэнцам і 19 камандам, а таксама адзначыў, што для гэтых таленавітых дзяцей адчынены дзверы ў любыя навучальныя ўстановы, галоўнае — правільна зрабіць свой выбар, каб у далейшым прынесці карысць не толькі раёну, але і ўсёй краіне.
Цырымонія «Дараванне—2024» стала не толькі святочным мерапрыемствам, але і важным крокам у развіцці таленавітай моладзі Пружанскага раёна. Яна дае магчымасць кожнаму ўдзельніку адчуць сябе часткай вялікай супольнасці і ўнесці свой уклад у будучыню.
Сапраўдную святочную атмасферу мерапрыемства стварылі работнікі раённага Палаца культуры, узорныя калектывы і мясцовыя артысты. Праграма атрымалася насычанай цудоўнымі нумарамі і яркімі выступленнямі. І гэты ўзнёслы настрой кожны прысутны возьме з сабою ў новы год, ад якога чакае міру, спакою і пакарэння новых вяршынь!
Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік