Четверг, 9 октября 2025

Рэальная праўда пра вайну

326

Амаль не засталося на гэтым свеце непасрэдных удзельнікаў баёў Вялікай Айчыннай вайны. Але ў архівах раённага савета ветэранаў захоўваюцца аповеды ветэранаў пра асобныя эпізоды таго вогненнага ліхалецця. Асаблівай увагі заслугоўваюць успаміны нашага земляка — Сцяпана Жука (1918-2006).

Сцяпан Фаміч прайшоў франтавымі дарогамі з самага пачатку вайны да Вялікай Перамогі. Ваяваў з фашысцкімі захопнікамі ў радах Чырвонай арміі далёка ў Карэліі, дзе яшчэ да вайны праходзіў тэрміновую службу.

Вайна заспела Сцяпана ў кавалерыйскім палку ў 12 км ад граніцы з Фінляндыяй, якая была саюзніцай Германіі. Фіны разам з фашыстамі пачалі наступ на Савецкі Саюз. Сцяпан Фаміч на ўсё жыццё запомніў той першы бой, у якім кавалерысты секлі ворагаў шаблямі.

Потым полк быў перафарміраваны ў пяхотны, а Жука накіравалі ў групу палкавых разведчыкаў. Аднойчы, выконваючы заданне, ён заўважыў на дрэвах засечкі, зробленыя варожымі лазутчыкам, якія паказвалі на дыслакацыю нашых войскаў. Важныя звесткі дазволілі палку паспець падрыхтавацца да наступлення фінаў. Бой быў вельмі цяжкім, Сцяпан вёў агонь з ручнога кулямёта. Шмат варожых салдатаў палягло на полі бою. Але і полк панёс вялікія страты і вымушаны быў адыходзіць, працягваючы жорсткія баі.

Асабліва запомніліся Сцяпану Фамічу тры «смяротныя даліны», у якіх загінула мноства нашых байцоў. У спісах забітых лічыўся і ён, Сцяпан Жук. У вёсцы Прылутчына маці атрымала на сына «пахаванку». На помніку, усталяваным побач з чыгуначнай станцыяй Качкама ў Сягежскім раёне Карэліі, ёсць і прозвішча Сцяпана Фаміча Жука. Але ўсім смерцям назло салдат застаўся ў жывых.

У 1944 годзе, як успамінаў ветэран, полк перайшоў у наступленне — Фінляндыя капітулявала. Пяхотны полк, у якім ваяваў Сцяпан Жук, падышоў да граніцы з Нарвегіяй, дзе гітлераўцы ўзвялі шматлікія інжынерныя ўмацаванні — доўгачасовыя агнявыя кропкі. Спачатку іх бамбіла савецкая авіяцыя, біла артылерыя, потым штурмавала пяхота.

Кожны бой быў вельмі жорсткім і крывавым і нярэдка пераходзіў у рукапашны. Сцяпан Фаміч распавядаў, як аднойчы ў адной з такіх атак нашы байцы з крыкам «ура!» рынуліся на ворага. Нечакана з варожага боку прагучала… рускае «ўра!». Гэта ўласаўцы, здраднікі, якія напачатку вайны былі чырвонаармейцамі, уступілі ў смяротную сутычку са сваімі землякамі. У палон не здаваліся, ведалі, што ў франтавікоў да іх няма літасці.

На тэрыторыі Нарвегіі скончылася нарэшце для прылутчынскага франтавіка вайна з гітлераўскай Германіяй. Але вярнуцца дахаты давялося не хутка. Разам з іншымі байцамі яго павінны былі накіраваць на Далёкі Усход — на вайну з Японіяй, ды неўзабаве атрымалі вестку пра заканчэнне Другой сусветнай вайны. Пэўны час Сцяпан Жук працягваў службу ў Петразаводску, дадому вярнуўся толькі ў 1946 годзе. Ажаніўся, стаў жыць з сям’ёй у в. Плябанцы.

Больш за 30 гадоў Сцяпан Фаміч працаваў у гаспадарцы саўгаса-тэхнікума, быў брыгадзірам, конюхам. Быў абраны дэпутатам Пружанскага сельскага Савета, выгадаваў дваіх сыноў, выраслі ў сям’і ўнукі і праўнукі.

Сцяпан Жук быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём «За перамогу над Германіяй у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг.». Была ў яго і вельмі рэдкая для пружанцаў узнагарода — «За абарону Савецкага Запаляр’я».

80 гадоў прайшло з таго часу, калі фашысцкая Германія падпісала акт аб капітуляцыі.

Даўно зраўняліся з зямлёй, зараслі лесам акопы і траншэі. На месцах баёў і пажарышчаў адбудавалі гарады і вёскі. Але ў памяці народнай жывуць і будуць вечна жыць імёны тых, хто па-геройску ваяваў з ворагам, не шкадуючы сябе, набліжаў Вялікую Перамогу. Светлая памяць усім тым, хто не вярнуўся дамоў, аддаўшы сваё жыццё за нашу Радзіму.

Нізкі паклон усім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны!

Уладзімір Яцкевіч