Гісторыка-патрыятычны аўтапрабег «Дарогамі Перамогі. Сувязь пакаленняў» прайшоў 5 мая. Арганізатарам гэтай акцыі выступіла раённае аб’яднанне прафсаюзаў, а ўдзельнікамі былі прадстаўнікі арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў раёна.

Адзначу, што на працягу руху аўтакалоны з дзяржаўнымі сцягамі і сцягамі прафсаюзаў, грамадскіх арганізацый мы спыняліся не толькі каля помнікаў вызваліцелям Пружаншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, брацкіх магіл ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, але і ў памятных месцах, звязаных з дзейнасцю партызанскіх атрадаў і інш.
Першы наш прыпынак быў у аграгарадку Шані. Тут ля помніка савецкім воінам, партызанам і мірным жыхарам, якія загінулі ў баях за незалежнасць нашай Радзімы, расстраляным і па-зверску закатаваным фашыстамі, сабраліся вучні, настаўнікі, жыхары аграгарадка.

Да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, які павіншаваў усіх са святам Вялікай Перамогі, заклікаў захоўваць незгасальную памяць пра подзвігі нашых дзядоў, пажадаў моцнага здароўя і мірнага неба над галавой.
Затым – самотная хвіліна маўчання і ўскладанне кветак да помніка.
Як было сказана вышэй, на шляху руху картэжа былі прыпынкі каля памятных знакаў, брацкіх магіл. Расказвалі пра подзвігі вызваліцеляў старшыня Шаняўскога сельвыканкама Сяргей Лапука, старшыня райкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Святлана Карповіч, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Пружанскай ЦРБ Ірына Шэйко, старшыня Шчарчоўскага сельвыканкама Віктар Ванека, начальнік Пружанскага РАНС Павел Талстой.

Пранікнёныя словы ўсіх выступоўцаў, асабліва дзяцей у Шанях і Шчарчове, краналі за душу, выклікалі гордасць за вялікі подзвіг нашых продкаў. Гэта назаўсёды павінна застацца ў памяці ўсіх, хто жыве і будзе жыць на беларускай зямлі.
Напрыканцы ўдзельнікам аўтапрабегу вельмі цікава было наведаць музей Міколы Тарасюка ў в. Стойлы.
Віктар Ільюшчанка, фота аўтара
