Суббота, 18 апреля 2026

Пружанцы, як вам мінулая зіма?

2 237

Сёння апошні дзень зімы, якая паднесла нам снегапады і моцныя маразы. Гэта стала нечаканасцю для беларусаў, бо ўжо адвыклі ад пастаяннага іскрыстага снежнага покрыва і такіх нізкіх тэмператур. Цікава, як жа ўсё гэта перажылі жыхары нашага раёна ці не адмарозілі вушы і нос?

Кацярына Кавелька, аг. Клепачы:

Успомніла дзяцінства, калі гэта была заканамернасць: гурбы снегу і зусім не слабы мароз. І было шчасце для нас, цэлымі днямі прападаць на вуліцы, ляпіць снегавікоў. Дый для здароўя лепш такое надвор’е, чым слата вакол. Так што, з нецярпеннем буду чакаць паўтарэння зімовай казкі ў бягучым годзе. Спадзяюся, што мая мара спраўдзіцца.

Яна Карунас, в. Мокрае:
—Проста цуд! А калі ўспомніць неймаверныя малюнкі на вокнах, вытанчаныя і іскрыстыя сняжынкі, то наогул з’яўляецца жаданне застацца ў гэтай казцы. І для мужа Валерыя з сынам Маркам было за шчасце пакідаць снег на дарожках, нават у дом загнаць нельга было. Дый не такі страшны мароз, як яго малююць.

Валянціна Астапчук, г. Пружаны:
Ужо і забыліся, што такое сапраўдная зіма, нават Новы год у апошні час сустракалі без настрою, часам пад дождж. А так змаглі па-сапраўднаму адчуць сябе Снягуркамі і Дзядамі Марозамі. Дый калі паглядзець з практычнага боку: снежнае покрыва і ў наступным талая вада — немалаважны фактар для будучага ўраджаю.


Марына Шарашовец, в. Казлы:
Ужо і забыла, што ў мяне дублёнка ёсць, а сёлета давялося ўспомніць. А дзеці Антон і Анастасія як радаваліся снегу! Гэта ж і лыжы, і санкі. Вакол неапісаная прыгажосць, дрэвы ў інеі, снег зіхаціць так, што ажно вочы слепіць. Пра настрой і гаварыць не даводзіцца: быў заўсёды прыўзняты, хацелася ім падзяліцца з навакольнымі і крыкнуць: «Вось такая зіма мне па душы!».

Гутарыў Вадзім РАЎНЕЙКА
Фота Кацярыны МАСІК