Четверг, 23 октября 2025

Прафарыентацыйнае мерапрыемства «Прафесійны вектар «Крок у будучыню»

202

Адно з самых захапляльных і адначасова складаных вандровак у жыцці чалавека пачынаецца з выбару прафесійнага маршруту. Кім стаць і куды пайсці вучыцца? Для старшакласнікаў — гэта галоўнае пытанне апошніх школьных гадоў. У свеце, дзе прафесіі з’яўляюцца хутчэй, чым мы паспяваем пра іх даведацца, зарыентавацца толькі па інтэрнэту — задача вельмі складаная. Сапраўдныя адказы нараджаюцца ў дыялогу і жывых зносінах з прадстаўнікамі прафесій.

Мінулая субота ў Палацы культуры для пружанскіх навучэнцаў 9-11 класаў, іх бацькоў і педагогаў стала тым самым компасам, які ўказаў правільны напрамак, асабліва вылучыўшы на карце прафесій маршруты, якія карыстаюцца стабільна высокім попытам.

Маштабнае прафарыентацыйнае мерапрыемства «Прафесійны вектар «Крок у будучыню» сабрала ў адным месцы аўтарытэтных прадстаўнікоў адукацыі і сілавых структур. Удзельнікамі сустрэчы сталі ўпраўленне па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама, Пружанскі аддзел дэпартамента аховы, РАНС, РАУС, а таксама вядучыя ВНУ краіны: УА «Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь», УА «Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі», УА «БрДУ імя А.С. Пушкіна».

Ужо ў холе гасцей сустракала выстава-прэзентацыя, і гэта была не проста экспазіцыя буклетаў з пералікам факультэтаў, а сапраўдная інтэрактыўная пляцоўка. Старшакласнікі змаглі на свае вочы ўбачыць і прымераць амуніцыю, пазнаёміцца з рознымі відамі сучаснай ваеннай формы разведчыкаў, супрацоўнікаў МНС, унутраных спраў, а таксама разгледзець узоры ўзбраення, задаць розныя пытанні. Кожная пляцоўка стала сапраўдным парталам у прафесію, які дазваляе не проста прачытаць, але і адчуць яе спецыфіку.

Больш дэталёвая размова аб выбары будучай прафесіі працягнулася на пашыранай сустрэчы ў зале для гледачоў. Тут перад аўдыторыяй выступілі прадстаўнікі ВНУ і сілавых структур, якія прадэманстравалі відэаролікі і падрабязна асвяцілі ўсе нюансы будучай уступнай кампаніі, расказалі пра факультэты, спецыяльнасці, разнастайныя прэферэнцыі і асаблівасці навучання. Яны сталі своеасаблівымі гідамі ў свет прафесій, даючы вычарпальныя адказы на самыя каверзныя пытанні абітурыентаў.

Асаблівую цікавасць у патэнцыяльных курсантаў і іх бацькоў традыцыйна выклікалі прэзентацыі ваенных навучальных устаноў, бо ваенная адукацыя і зараз застаецца сімвалам стабільнасці, прэстыжу і асэнсаванага служэння Радзіме. Гэта не проста праца, а сапраўднае прызванне, звязанае з абаронай нацыянальных інтарэсаў і бяспекі краіны.

— Штогод у рамках акцыі «Гатовы Радзіме служыць» Беларуская акадэмія авіяцыі праводзіць сустрэчы з выпускнікамі школ. Мы знаёмім юнакоў і дзяўчат з нашай прафілізацыяй, матэрыяльна-тэхнічнай базай, поспехамі і дасягненнямі ВНУ. Я сам з’яўляюся выпускніком акадэміі, прайшоў увесь шлях ад курсанта да выкладчыка, служыў на розных авіябазах, таму ведаю ўсе тонкасці прафесіі і ахвотна дзялюся імі са старшакласнікамі. Сам я родам з Пружан, бацька быў ваенны лётчык, служыў у Новых Засімавічах, таму выбар маёй прафесіі быў прадвызначаны ўжо з дзяцінства, і ён аказаўся самым правільным, — расказаў намеснік начальніка вучэбна-метадычнай часці ваеннага факультэта УА «Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі» Тарас Цішчанка.

— Толькі прадстаўнікі канкрэтнай прафесіі могуць дасканала расказаць пра ўсе яе асаблівасці, указаць на пэўныя складанасці і прэстыж, каб выпускнікі з першых вуснаў змаглі дакладна і канкрэтна даведацца, што за гэтым стаіць і не звярнуць з выбранага шляху. Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Беларусі адзіны ў краіне, таму і вялікі конкурс. Жадаючыя цікавяцца, задаюць пытанні па ключавых момантах: правілы паступлення, умовы навучання, наяўнасць спартыўнага разраду і г.д. Мы зацікаўлены, каб нашы юнакі пасля заканчэння ВНУ з афіцэрскімі пагонамі вярталіся да нас на службу, — падкрэсліў намеснік начальніка РАНС Дзмітрый Казлоў.

Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Момлік таксама адзначыў важнасць і значнасць прафарыентацыйнай работы на месцах. Некаторыя выпускнікі напрыканцы вучобы ў школе так і не могуць вызначыцца з выбарам прафесіі або ў сярэдзіне вучобы пакідаюць навучальную ўстанову, займаючы не сваё месца і губляючы асабісты час. Каб такіх недапрацовак было як мага менш, і праводзяцца падобныя сустрэчы.

Практычнасці мерапрыемству дадала і начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Басак, указаўшы на магчымасці і патрэбнасці рынку працы рэгіёну. Яна адзначыла найбольш запатрабаваныя прафесіі раёна, а таксама адказала на пытанні па працаўладкаванні як дарослага насельніцтва, так і моладзі.

Мерапрыемства «Прафесійны вектар «Крок у будучыню» стала значна большым, чым проста прэзентацыяй ВНУ. Яно ператварылася ў масток паміж марамі школьнікаў і рэальнымі перспектывамі, якія адкрываюць перад імі найлепшыя навучальныя ўстановы краіны. І асабліва яскрава гэта праявілася ў сектары ваеннай адукацыі, дзе рамантыка службы спалучаецца з рэальнымі перавагамі, а жаданне служыць Айчыне падмацоўваецца канкрэтнымі ўмовамі і магчымасцю кар’ернага росту.

Пытанне «Кім быць?» пасля такога дня ўжо не здаецца такім нявызначаным. Яно напоўнілася канкрэтыкай, выявамі і дыялогамі. Тут, у жывых зносінах з тымі, хто ўжо прайшоў гэты шлях, старшакласнікі зрабілі найважнейшы крок — перайшлі ад пытанняў да адказаў, ад сумневаў да ўпэўненасці ў сваім выбары. Зараз у іх ёсць надзейны вектар для руху ў сваё дарослае, яркае і напоўненае сэнсам прафесійнае жыццё.

Думкі і меркаванні ўдзельнікаў мерапрыемства

— Я з дзяцінства захапляўся ваеннай тэхнікай, чытаў спецыялізаваную літаратуру, глядзеў фільмы. Але цвёрда вырашыў прысвяціць сваё жыццё служэнню Радзіме менавіта два гады таму, пабываўшы на такім мерапрыемстве. Гэта выдатная база для разумення, кім ты жадаеш стаць. І ўжо ў старэйшых класах упор рабіў на дакладныя навукі, каб паспяхова здаць тэсціраванне і ажыццявіць сваю мару. Тут усе мэтанакіраваныя, думаем у адным напрамку, таму вучыцца вельмі цікава, — падзяліўся курсант 2 курса факультэта сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання Ваеннай акадэміі Дзмітрый Клімец.

— Спачатку я доўга думаў, куды паступаць, але пасля сустрэчы з выкладчыкамі і прадстаўнікамі ваеннай прафесіі выбар стаў відавочны. Ужо на першым курсе, які быў дастаткова складаны, стала зразумела, што я не памыліўся. Вучоба захапляльная, шмат новых дысцыплін, палявыя выхады, знаёмства з новымі ўзорамі тэхнікі і ўзбраення — усё гэта накладвае пэўны адбітак на станаўленне характару і разумення важнасці тваёй прафесіі, — расказаў курсант 2 курса факультэта сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання Ваеннай акадэміі Арцём Свірскі.

Ірына Велясевіч. Фота аўтара