Понедельник, 9 декабря 2024

Пра асаблівасці льготнага крэдытавання для маладых спецыялістаў расказалі ў «Беларусбанку»

280

Лёсу выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў у нашай рэспубліцы надаецца павышаная ўвага. У першую чаргу гэта абавязковае размеркаванне дыпламаваных работнікаў з гарантыяй атрымання першага працоўнага месца. Пагадзіцеся, што пры валоданні поўнай інфармацыяй аб стане эканомікі краіны размеркаванне кадраў па тых галінах, дзе ёсць у іх неабходнасць, будзе рабіцца з высокай доляй эфектыўнасці. Аднак пры гэтым дзяржава не пакідае маладых спецыялістаў сам-насам з першымі працоўнымі праблемамі, а аказвае ўнушальны спіс мерапрыемстваў у плане далейшай падтрымкі. Адным з падыходаў з’яўляецца льготнае крэдытаванне тых, хто атрымаў першую працоўную пасаду.

У лістападзе 2000 года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў падпісаны Указ № 631 «Аб дадатковых мерах па павышэнні заработнай платы і прадастаўленні льготных крэдытаў асобным катэгорыям грамадзян», у рамках якога прадугледжвалася істотная матэрыяльная дапамога маладым спецыялістам. У тым ліку і ў выглядзе аблегчанай фінансавай пазыкі, якой скарысталіся тысячы выпускнікоў ВНУ і ССНУ. За мінулыя амаль 25 гадоў былі выяўлены дадатковыя акалічнасці і спосабы ўдасканалення крэдытавання, у выніку чаго сёлета ўнесены дапаўненні і змяненні, пра якія мы падрабязней даведаліся ў галоўнага спецыяліста аддзела іпатэчнага і льготнага крэдытавання Брэсцкага абласнога ўпраўлення № 100 ААТ «ААБ Беларусбанк» Іны Шарашовец.

— Іна Аляксандраўна, давайце яшчэ раз нагадаем нашым чытачам асаблівасці льготнага крэдытавання для маладых спецыялістаў.

— Пазыка выдаецца на набыццё нехарчовых спажывецкіх тавараў, якія былі выраблены ў Рэспубліцы Беларусь. Бясспрэчна, часта маладыя спецыялісты адпраўляюцца па размеркаванні ў незнаёмыя ім рэгіёны, дзе даводзіцца вырашаць складаныя для тых, хто толькі адчуў самастойнасць, жыллёвыя або бытавыя пытанні. Для іх аблягчэння і прызначана матэрыяльная падтрымка, дзякуючы якой фінансавы цяжар на «новаспечаных» работнікаў можа быць адчувальна зменшаны. У спісе не толькі бытавыя ўстройствы, але і будаўнічыя (аддзелачныя) матэрыялы, розная іншая хатняя маёмасць.

Крэдыт могуць атрымаць выпускнікі дзяржаўных устаноў адукацыі і спажывецкай кааперацыі, якія атрымалі прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю і прыступілі да працы на дзяржаўнай або вайсковай пасадзе. Пазыка, па суме роўная 30 (раней 15) бюджэтам пражытачнага мінімуму для працазольнага насель-ніцтва (на 1 лістапада 2024 года БПМ 468 руб. 58 кап.), выдаецца на 5 гадоў пад 25% ад стаўкі рэфінансавання Нацбанка Рэспублікі Беларусь (на 1 лістапада СР НБРБ 9,5%). Крэдыт з’яўляецца аднаразовым або праз адкрыццё крэдытнай лініі.

— А якія дапаўненні і змяненні ўступілі ў сілу сёлета?

— Самае галоўнае тычыцца парадку афармлення. Зараз крэдытныя дамовы заключаюцца на працягу аднаго года (раней 2-х гадоў) з даты пачатку дзеяння першага працоўнага дагавора або кантракта.

Яшчэ больш падрабязна апісаны катэгорыі маладых спецыялістаў, якія маюць права на такую фінансавую падтрымку. У прыватнасці, не ўсе з тых, хто прыехаў на працу або службу ў гарадскія населеныя пункты, атрымаюць дапамогу, а толькі ў выпадку размеркавання не па месцы жыхарства бацькоў. Гэта справядліва, таму што такім выпускнікам давядзецца вырашаць сацыяльныя пытанні без бацькоўскай падтрымкі, на «чужыне». Аднак зроблена «паслабленне» тым, хто едзе на працу ці службу ў сельскую мясцовасць. У такой сітуацыі крэдыт даецца незалежна ад месца жыхарства бацькоў. Толькі падкрэслю, што ў сельскай мясцовасці трэба не толькі працаваць, але і пражываць.

— Якім чынам вяртаецца крэдытная пазыка?

— Пагашэнне льготнага крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты заключэння дамовы (раней з дня выдачы) роўнымі далямі на працягу вызначанага тэрміну. Акрамя таго, разгледжаны і магчымыя спрэчныя пытанні, у прыватнасці, звальненне маладога спецыяліста да заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі. У такім выпадку ажыццяўляецца пераразлік памеру працэнтаў па формуле «СР+3%».

Ад рэдакцыі. Калі вас зацікавілі дадатковыя фінансавыя інструменты па падтрымцы маладых спецыялістаў, то больш падрабязную кансультацыйную дапамогу можна атрымаць па тэл. 3-45-58, 3-41-18, або ў ЦБП №122 г. Пружаны.

Гутарыў Алег Сідарэнка

Фота Кацярыны Масік