
Цяжкая праца на зямлі. Тым не менш, з кожным годам усё больш маладых людзей папаўняе слаўныя рады сельскіх работнікаў. Зразумела, не ўсе вытрымліваюць: некаму гайкі круціць надакучыла, хтосьці жадае мільёны адразу атрымліваць, а для іншага субота і нядзеля — гэта святое і не падумаю выйсці на працу. Дык любая прафесія мае свае аднастайныя абавязкі, і грошамі на дадзены момант сельская гаспадарка не крыўдзіць. Прыкладна так і разважае малады вадзіцель з ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Крэйдзіч.

І не проста выказвае такую праўдзівую думку, а на справе даказвае, што, працуючы ў сельгаставарыстве, можна быць шчаслівым чалавекам, атрымліваць задавальненне ад еднасці з роднай зямлёй, ганарыцца прыналежнасцю да слаўных працаўнікоў на вёсцы. А яшчэ Аляксандр — гонар Пружаншчыны, яго імя падчас жніва гучыць на ўзроўні вобласці, і неаднаразова. Калі поўны энергіі, сілы маладзецкай, то пакарыцца любая вяршыня. Таму сёлета за першай перавезенай тысячай тон не прымусіла на мінулым тыдні чакаць і другая. Ведай нашых на Брэстчыне!
— Проста маладзец наш Саша, столькі запалу ў вачах, што нават пачынаеш па-добраму зайздросціць і маладосці, і тым магчымасцям, якія дае наша дзяржава хлопцам і дзяўчатам для самарэалізацыі. Сапраўдны працавіты беларус. Каб «конь жалезны» не падводзіў і хутка дамчаў да новай перамогі! І каб мацней прырос да роднай зямлі — стварыць шчаслівую сям’ю і радавацца сваім дзеткам, — ад душы з чарговым першым месцам на вобласці павіншаваў маладога вадзіцеля член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч (на здымку).
А старшыня Брэсцкай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Саланевіч адзначыў, што на такіх шчырых працаўніках трымаецца сельская гаспадарка ў краіне. Прыемна, што Аляксандр Крэйдзіч працягвае справу свайго бацькі Мікалая Фаміча, які ўжо многа гадоў калясіць па дарогах ААТ «Жураўлінае». І ў дадзеным выпадку прымаўку «Не лезь паперад бацькі ў пекла» можна трактаваць інакш: ужо сын задае тэмп, паказваючы, што ён годны нашчадак, ім можна сапраўды ганарыцца.
Не можа наша родная Беларусь не працвітаць, па словах старшыні раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольгі Зубковай, пакуль працуюць на зямлі такія людзі. Здароўя багатырскага, вялікіх планаў і мноства падстаў для радасці! Усе пажаданні толькі Аляксандру Крэйдзічу, праца-вітаму хлопцу.
Каб узнагароды ў тваёй калекцыі, Саша, ніколі не пераводзіліся і жыццё прыносіла адно задавальненне. Для цябе адкрыты ўвесь свет. Карыстайся гэтым, ідзі смела наперад, адкрывай для сябе новае.
Поспехаў ва ўсіх пачынаннях!
Вадзім Раўнейка
Фота Руслана Басака
