
У чацвер на бягучым тыдні адбылося чарговае пасяджэнне выканкама з абмеркаваннем шэрага надзённых пытанняў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч, першы намеснік старшыні Дзяржкамітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь Пётр Броўкін, намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама Ігар Жыгалаў.
Адкрыла пасяджэнне абмеркаванне пытання аб рабоце раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. З дакладам выступіла галоўны санітарны ўрач Кацярына Папко, якая завастрыла ўвагу на мерах па забеспячэнні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва Пружаншчыны. У цэлым, як запэўніла Кацярына Анатольеўна, удалося захаваць стабільную сістэму папярэджання і прафілактыкі парушэнняў СанПіНа, у тым ліку і дзякуючы асабліваму кантролю эпідэміялагічнага стану. Спецыяліст засяродзіла ўвагу на імунізацыі насельніцтва, якая даволі паспяхова праводзіцца ў раёне. Між тым, па словах галоўнага санурача, трывожыць абстаноўка з кляшчамі: ужо зарэгістравана 47 выпадкаў укусаў небяспечнымі насякомымі, што паказвае рост у параўнанні з мінулагоднім аналагічным перыядам. Патрэбна актывізацыя работы ўсіх устаноў, каб не дапусціць распаўсюджання пагрозы.
Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч у наступным выступленні прааналізаваў развіццё турызму ў нашым рэгіёне. Па многіх паказчыках можна было б і задаволіцца: летась атрымана каля 1,5 мільёна долараў ЗША ад экспарту адпаведных паслуг, наш край наведала каля 60 тысяч гасцей, і гэта з дакладна падлічаных. Вось толькі працэс ідзе марудна, хаця патэнцыял вычарпаны не да канца. Значны штуршок мог бы даць прамысловы турызм, які развіваецца ў іншых рэгіёнах краіны. Ёсць пытанні да аграсядзіб, да ўстаноў грамадскага харчавання і іншых накірункаў. З мэтай актывізацыі рэкламнай кампаніі ў раёне створаны першы ў вобласці турыстычна-інфармацыйны цэнтр, які зможа стаць своеасаблівым пуцяводным рэсурсам для патэнцыйных гасцей Пружаншчыны.
Трэцяе пытанне агучыў намеснік начальніка райаддзела міліцыі Сяргей Курмыса, які расказаў аб выкананні суб’ектамі гаспадарання прафілактыкі злачынстваў, звязаных з наркотыкамі. З заўвагай да дакладчыка звярнуўся намеснік міністра ўнутраных спраў, які заклікаў да ўдакладнення падыходаў у прафілактычнай дзейнасці праваахоўнікаў.
У завяршэнне пасяджэння было абмеркавана выступленне галоўнага архітэктара Аляксандра Глушко, які азнаёміў з сітуацыяй па адчужэнні кінутых жылых дамоў у сельскай мясцовасці. З аднаго боку, работа вядзецца даволі значная, аб’ёмы ўпарадкавання пустых сядзіб неблагія, нават на абласным узроўні. Вось толькі працэнт вяртання дамоў у абарот са зменай гаспадароў не задавальняе. Больш аб’ектаў руйнуецца, чым находзіць свайго пакупніка. Вось на што завастрыў увагу старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, які паўшчуваў за тое, што слаба рэкламуецца наяўнасць вакантнага для продажу жылля.
Па ўсіх абмеркаваных пытаннях складзены праект рашэння, які пасля яго падпісання стане асновай для далейшай стратэгіі дзеянняў.
Алег Сідарэнка