Четверг, 9 октября 2025

Пастукай у сем дзвярэй, каб адна адчынілася

591

Гэта народная прымаўка сапраўды апісвае шлях да адкрыцця сваёй справы. Зразумела, на ім давядзецца прымаць неверагодныя намаганні, пралічыць кожную дробязь, прадугледзець розныя складанасці… І толькі потым адважыцца стаць прадпрымальнікам.

Між тым, на гэтым складаным шляху ў нашай краіне прадугледжана і дзяржаўная падтрымка, якой можа скарыстацца любы жадаючы, як гэта адбылося з жыхаром Пружан Аляксандрам Клюкачом.

Як расказвае Аляксандр Мікалаевіч, дагэтуль ён працяглы час працаваў у розных будаўнічых арганізацыях, дзе атрымаў даволі важкі вопыт у правядзенні сантэхнічных работ. У яго «практычнай скарбонцы» назапасілася 17 гадоў працы на аб’ектах рознай складанасці.

— Апошнім месцам такой працы стала брэсцкая арганізацыя,— гаворыць майстар.— Аднак праз некаторы час вырашыў вярнуцца на малую радзіму, дзе жыве сям’я, і знайсці занятак у Пружанах.

Вось толькі знайсці пад сябе вакансію Аляксандру не ўдалося. У пошуку рашэння аднойчы наткнуўся на артыкул пра выдзяленне дзяржаўных субсідый на адкрыццё прыватнага бізнесу. Пэўныя сумненні былі: ці справіцца з самастойным заняткам, ці зможа пацягнуць даволі складаную справу? Безумоўна, не вельмі хацелася займацца рознымі адміністрацыйнымі працэдурамі. Аднак, на самай справе, усё аказалася і не так страшна. Больш за тое, значную дапамогу аказалі спецыялісты раённай службы занятасці, куды Клюкач звярнуўся па больш падрабязную кансультацыю.

— Мне ўсё расказалі, падказалі першыя крокі. А яшчэ накіравалі на спецыяльныя курсы, дзе атрымаў нямала карысных эканамічных ведаў.

Пры падтрымцы спецыялістаў Аляксандр склаў бізнес-план уласнай дзейнасці, які стаў трывалым падмуркам напачатку. Вынікам праходжання падобнага навучання стала атрыманне важкай фінансавай дапамогі, дзякуючы якой прадпрымальнік сур’ёзна пашырыў спектр сваіх магчымасцей. Згодна з распрацаваным бізнес-планам, майстар-сантэхнік меркаваў ахапіць поўнасцю ўсё, што датычыцца ўнутранай сантэхнікі, каналізацыі, ацяплення, устаноўкі адпаведных прыбораў. Назапашаны вопыт нават дазваляе «замахнуцца» на даволі складаныя напрамкі, якія прадугледжваюць выкарыстанне сучасных падыходаў, у тым ліку ў рамках «разумнага дома».

Дык вось у такіх паслугах яму патрэбна было сур’ёзнае абсталяванне, да прыкладу, свідравальная ўстаноўка для праходжання скрозь сцены ці падмурак. Каштуе такая прылада адчувальна, грошы на яе пакупку давялося б збіраць пэўны час. А дзяржаўная субсідыя дала магчымасць адразу набыць абсталяванне, якое ўжо неаднойчы выручала майстра ў яго рабоце.

Цяпер, ведаючы той шлях да адкрыцця ўласнай справы, ці адважыўся б Аляксандр Клюкач на паўтарэнне? Ці раіць ісці за ім іншым? Без усялякіх сумненняў! Як кажучы, любая дарога пачынаецца з першага кроку. Ён не абяцае, што будзе лёгка, што да жаданага выніку дойдуць усе. Але шанец, тым больш пры такой важкай падтрымцы, неверагодны.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік

Даведка «РБ»: у 2024 годзе па субсідыю на адкрыццё ўласнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў раёне звярнуліся і атрымалі дапамогу тры чалавекі, якія вырашылі займацца тынковачнымі, санітарна-тэхнічнымі работамі, а таксама рамонтам швейных, трыкатажных вырабаў і галаўных убораў.