У працоўных і навучэнцкіх калектывах працягваецца абмеркаванне Паслання Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь.

На мінулым тыдні старшыня раённага аб‘яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук наведала шэраг школ Пружанскага раёна, дзе падзялілася з педагогамі і старшакласнікамі сваімі ўражаннямі ад удзелу ў такім маштабным форуме. Таццяна Юр‘еўна заўважыла, што падчас Паслання былі агучаны вельмі шматгранныя тэмы, якія ідуць ад нашага з вамі жыцця, таму абмеркаванне ўзнятых пытанняў настолькі блізка ўсім грамадзянам нашай краіны.
– Я не першы раз прысутнічала на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнка, але на гэты раз у прамове Прэзідэнта нашай краіны вельмі ўразіла тое, як ён казаў пра вайну, словы яго пра тое, што на гарызонце, «дзякуючы» намаганням ЗША і іх памагатых мільгае трэцяя сусветная – ядзерная вайна. Гэта ўсё страшна, але рэаліі дня такія, што не варта недаацэньваць цяперашнюю сітуацыю. І зразумелым становіцца размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі нашай краіны. Галоўнае – зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць яе прымянення.
Падчас гутаркі ў ДУА «Шарашоўская сярэдняя школа» сваімі меркаваннямі падзяліліся яе педагогі і вучні:
Павел Васільевіч Пракаповіч, дырэктар:

– Самае галоўнае, на маю думку як педагога, гэта тое, што мы, дарослыя людзі, бацькі і настаўнікі, павінны навучыць сваіх дзяцей цаніць, зберагаць і прымнажаць багацці краіны. Не толькі матэрыяльныя, але і духоўныя каштоўнасці, традыцыі. У нас вельмі многа ўсяго добрага, што народ ствараў вякамі, і наша задача – перадаць усё гэта добрае наступным пакаленням.
Алёна Паўлаўна Шарашовец, настаўнік гісторыі:

– Сёння больш за ўсё нас хвалюе абстаноўка, звязаная з нашымі суседзямі, шматлікія санкцыі, якімі імкнуцца перашкодзіць нашаму эканамічнаму развіццю. Падобнае вельмі напружвае, тым больш што ад знешнепалітычнай абстаноўкі залежыць не толькі спакойнае жыццё грамадзян нашай краіны, але і іх дабрабыт. Беларусь праводзіць шматвектарную палітыку, але цяпер многія сувязі аказаліся разарванымі. Галоўная задача, якая стаіць перад кіраўніцтвам, зноў наладзіць іх або шукаць новыя. Мне здаецца, з гэтым выпрабаваннем наша краіна паспяхова спраўляецца.
Марыя Грынкевіч, вучаніца 9 класа:

– Мяне вельмі ўсхваляваў момант, калі расказвалі пра плануемыя магчымасці забеспячэння жыллём маладых спецыялістаў, якія прыязджаюць у невялікія населеныя пункты. Мне здаецца, цяпер гэта вельмі сур‘ёзная праблема, бо менавіта адсутнасць жылля, неабходнасць ездзіць, напрыклад, на працу ў сельскі населены пункт з райцэнтра, прыводзіць да нежадання спецыяліста заставацца тут пасля адпрацоўкі.
Падрыхтавала Ірына Сядова. Фота аўтара
