Понедельник, 20 апреля 2026

Памяці ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Міхайлавіча Алякумава

314

Журавы сёлета адляталі позна, доўга збіраліся ў клін, круціліся над гарадскімі ваколіцамі, над рэчкай Мухай, курлыкалі, нібы клікалі за сабой. Напэўна, таму пранізлівыя радкі Расула Гамзатава адразу ўзгадаліся з нагоды зыходу з жыцця ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, пружанскага старажыла Івана Міхайлавіча Алякумава.

«Настанет день, и с журавлиной стаей
Я поплыву в  такой же сизой мгле,
Из-под небес по-птичьи окликая
Всех вас, кого оставил на земле…»

Ён нарадзіўся без малога стагоддзе таму, 6 жніўня 1924 года, у Петрапаўлаўцы — невялікім раённым цэнтры Варонежскай вобласці ў сялянскай шматдзетнай сям’і. Бацька рана пайшоў з жыцця, клопаты пра дзяцей ляглі на плечы маці, а Івану давялося нароўні са старэйшымі дапамагаць ёй. 10 чэрвеня 1942 года юнак атрымаў атэстат сталасці, але замест выпускнога балю ўчарашняга школьніка чакала служба ў арміі.

Іван Алякумаў у складзе 108-га асобнага армейскага батальёна супрацьтанкавых ружжаў стаў на абарону Варонежа. «Маім домам стаў франтавы акоп, а адзеннем і ложкам — шэры шурпаты салдацкі шынель. Мая ваенная служба доўжылася 13 гадоў і шэсць месяцаў, у тым ліку тры гады падчас вайны», — узгадваў сам ветэран. Першае баявое хрышчэнне юнак атрымаў у дзень свайго 18-годдзя, 6 жніўня 1942 года: трапіў пад артылерыйскі абстрэл праціўнікам пазіцый батальёна. Калі снарады пачалі класціся зусім блізка, упаў на зямлю і нібы абняў яе…

Вясной 1943 года, калі батальён аказаўся на пярэднім краі Курскага выступу, Іван Алякумаў быў ужо вопытным байцом. Тым больш, што да цяжкай працы ён прывык з дзяцінства, а вайна была такой жа штодзённай працай, толькі суправаджаў яе подых смерці. Іван Міхайлавіч з‘яўляўся наводчыкам станковага кулямёта і потым прызнаваўся, вельмі страшна было з кулямётным разлікам хавацца ў акопе, каб прапусціць міма сябе танкі. «Машына літаральна засыпала нас зямлёй, здавалася, нас хаваюць жывымі. Тым не менш мы павінны былі ўставаць амаль з таго свету і быць гатовымі да адсячэння пяхоты ад танкаў», — гэта таксама радкі з успамінаў франтавіка.

Пасля Курскай бітвы, якая стала адной з самых буйных у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Іван Алякумаў са сваёй часцю прыняў удзел у вызваленні Украіны. Восенню 1943 года на жытомірскай зямлі атрымаў скразное кулявое раненне левай паловы грудной клеткі. Лячэнне зацягнулася на чатыры месяцы. А пасля шпіталю была вучоба ў авіяцыйнай школе паветраных стралкоў-радыстаў. Івана Алякумава залічылі ў 54-ы авіяцыйны полк пікіруючых бамбардзіроўшчыкаў. Ён ваяваў да таго дня, калі над рэйхстагам узвіўся савецкі сцяг…

Яго ратныя подзвігі адзначаны шматлікімі ўзнагародамі: ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне», «За свабоду і незалежнасць Польшчы». Але ветэран заўсёды падкрэсліваў, што не дзеля ўзнагарод ваяваў, а за свабоду і незалежнасць сваёй Айчыны. Што даражэй за любую ўзнагароду — спакой і шчасце родных людзей.

Так сталася, што менавіта Пружанчына стала яго другой Радзімай: ужо ў мірны час сустрэў Іван Алякумаў сваю «палавінку», настаўніцу Лію Мікалаеўну. Разам з ёй выхавалі дзвюх дачок, разам дачакаліся ўнукаў і праўнукаў. Верным заставаўся і выбранай пасля вайсковай службы справе: амаль 40 гадоў працаваў у сістэме ваеннага гандлю. Дрэнна працаваць проста не мог: не тая загартоўка, у яго працоўнай кніжцы — каля 80 падзяк.

Лёс падараваў Івану Міхайлавічу доўгае і слаўнае жыццё: у сёлетнім жніўні ветэран Вялікай Айчыннай вайны адзначыў сваё 99-годдзе. Ён заўсёды заставаўся вельмі сціплым і патрабавальным да сябе. Шмат займаўся работай па патрыятычным выхаванні моладзі, дзяліўся ўспамінамі, збіраў літаратуру па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і шэраг каштоўных кніг перадаў у цэнтральную раённую бібліятэку. Да апошняга часу прымаў удзел у мерапрыемствах, што праводзіліся ў Пружанах з нагоды Дня Перамогі, Дня Незалежнасці і інш. Удзельнічаў у рабоце ветэранскай арганізацыі і працяглы час быў адказным сакратаром раённага савета ветэранаў, у 2013 годзе ўдастоены звання «Ганаровы ветэран».

Светлая памяць пра Івана Міхайлавіча Алякумава застанецца ў сэрцах яго нашчадкаў, людзей, якія жылі побач, што ведалі яго. Будзе памятаць пра ветэрана і ўся Пружаншчына. І кожную восень покліч адлятаючага жураўлінага кліна заўсёды будзе нагадваць: ён там, у нябесным страі…

Пружанскі раённы выканаўчы камітэт.
Пружанскі раённы Савет дэпутатаў.
Пружанскі раённы савет ветэранаў.