
Вельмі сімвалічна, што першы дзень восені супадае з Днём ведаў, а сёлета і з пачаткам новага працоўнага тыдня. Для кагосьці гэта першы званок і новыя школьныя сябры, для іншых —апошні год перад выпускам, а для бацькоў і педагогаў — час хваляванняў, спадзяванняў і вялікіх планаў. Як сустрэне гэты навучальны год наша сістэма адукацыі? Ці гатовы школы да навучальнага працэсу? І як зрабіць так, каб кожны школьнік адчуў, што вучоба — гэта не проста ўрокі, а сур’ёзныя інвестыцыі ў будучыню? Пагаворым аб самым важным перад стартам новага навучальнага марафону з начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандрам Момлікам.
— Аляксандр Канстанцінавіч, мы ведаем, што лета для работнікаў адукацыі — не проста адпачынак, але і сур’ёзная падрыхтоўка да новага навучальнага года. Што зроблена за гэты час ва ўстановах адукацыі горада і раёна?
— У 2025 годзе аддзелам па адукацыі сумесна з падведамаснымі ўстановамі і Цэнтрам па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Пружанскага раёна працягнута работа па ўмацаванні і развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы. Выкананы комплекс рамонтна-будаўнічых работ і арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў дае магчымасць да 1 верасня 2025 г. забяспечыць умовы для бяспечнай арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўсіх установах адукацыі ў адпаведнасці з зацверджанымі планамі і праграмамі. На 19 жніўня камісіяй Пружанскага райвыканкама праведзена прыёмка гатоўнасці да новага 2025/2026 навучальнага года ўсіх устаноў адукацыі. Таксама праводзяцца мерапрыемствы па забеспячэнні школ падручнікамі, вучэбнымі праграмамі і метадычнымі дапаможнікамі.
— У гэтым годзе сімвалічны пачатак навучальнага года, калі 1 верасня пачынаецца з панядзелка. Якім будзе першы ўрок?
— Для Беларусі 2025 год вельмі знакавы — гэта 80-годдзе Вялікай Перамогі, таму і тэматыка першага ўрока выбрана не выпадкова: «Нам ёсць, чым ганарыцца. Нам ёсць, што берагчы». Пасля ўрачыстай лінейкі традыцыйна на першы ўрок у многія школы запрошаны ганаровыя госці — прадстаўнікі раённай улады, старшыні сельвыканкамаў, грамадскіх арганізацый. Безумоўна, самым цікавым і займальным ён пройдзе ў першых класах, паколькі для малых усё будзе ўпершыню. Ну і, вядома, для выпускнікоў, як дарослых асоб, якія ўжо сфарміраваліся, маюць свае меркаванні і ўласныя погляды на жыццё.
— Пагаворым пра змены ў школьнай праграме. Ці будуць новыя прадметы?
— У сістэме адукацыі апошнія гады ішла пэўная рэструктурызацыя вывучэння матэрыялу па прадмеце «Гісторыя Беларусі». Калі раней дзяржаўны экзамен па гэтаму прадмету здавалі пасля 11 класа, то зараз пасля 9-га. Адпаведна, гэты курс на трэцяй ступеньцы ў старэйшых класах трэба было перабудаваць. Мінулы год быў першым у гэтай галіне, і ў 10 класе змяніўся сам прадмет, калі гісторыя Беларусі і сусветная ўвайшлі ў адзін падручнік пад агульнай назвай «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі». Прадмет напоўніўся яшчэ большым аналітычным сэнсам, у якім паказаны шляхі развіцця нашай краіны на фоне геапалітычнага становішча ў свеце. Тут яшчэ большае пагружэнне ў змест, звязаны з развіццём сучаснай Беларусі ў кантэксце ўнутрыпалітычных пытанняў і сусветных крызісаў. Менавіта гэты прадмет сёлета ўпершыню будзе ў 11 класе.
— У 2023/24 навучальным годзе ў Беларусі была ўведзена
адзіная школьная форма дзелавога стылю з адметнымі элементамі для кожнай школы. Як у нашым раёне прытрымліваюцца гэтых навінак?
— Так, сапраўды, школьную форму дзелавога стылю зараз носяць усе навучэнцы без выключэння, толькі на свой выбар і густ. Швейныя прадпрыемствы прапануюць шырокую лінейку для ўсіх узростаў, таму праблем з гэтым няма. І кожная школа, нават самая маленькая, базавая ці пачатковая, мае свае адметныя элементы і знакі адрознення. Напрыклад, вызначанага колеру гальштук ці пэўны значок. Гэта можа быць вышыўка з якім-небудзь сімвалічным малюнкам або прынт — усё на вырашэнне ўстановы адукацыі. Гэта сістэма ўжо адпрацавана на працягу некалькіх гадоў і яе з задавальненнем выкарыстоўваюць усе ўстановы адукацыі.
— Наконт школьных электронных дзённікаў. Якую перспектыву ў гэтым бачыць уся педагагічная супольнасць?
— Калі яны ўпершыню ўводзіліся, то ўсе ўспрынялі гэта адмоўна, аргументуючы дадатковай нагрузкай на настаўніка. Але праз год ён настолькі палюбіўся педагогам і бацькам, што вяртацца ў мінулае ўжо ніхто не хацеў. Электронны дзённік не замяняў папяровы носьбіт, а толькі дапаўняў яго. Усе адзнакі паспяховасці, вынікі кантрольных, хатнія заданні з’яўляліся ўжо да канца дня, і бацькі маглі бачыць усю карціну адразу. Гэта значна спрашчала працэс кантролю і ўзаемадзеяння адзінага ланцужка — «настаўнік-вучань-бацькі». Цяпер усё стала на паўзу, але мы чакаем, што электронны дзённік і класны журнал зноў да нас вернуцца, але на больш удасканаленай платформе, паколькі нават апрабаваны варыянт паказаў сваю эфектыўнасць.
— Аляксандр Канстанцінавіч, што тычыцца кадравых змен. Колькі сёлета маладых спецыялістаў папоўняць рады педагогаў раёна?
— Да нас сёлета прыйшлі 12 маладых спецыялістаў. Радуе тое, што ў родны раён вяртаюцца выхадцы з гэтых месцаў і да нас нават прыязджаюць з іншых абласцей. У гэтым годзе геаграфія дастаткова шырокая: Бярозаўскі, Баранавіцкі, Ваўкавыскі раёны, г. Мазыр і многія іншыя. Калі маладыя спецыялісты жадаюць прыехаць менавіта на Пружаншчыну, то мы робім выснову, што сваю працу ўсе праводзім правільна, прапануем лепшыя ўмовы для жыцця і працы з разлікам на далейшую перспектыву. У нашых інтарэсах усяляк ім дапамагчы адаптавацца на новым месцы, зацікавіць, захапіць, каб пасля адпрацоўкі дыплома маладыя спецыялісты захацелі тут застацца.
— І яшчэ закранём гучную тэму. Як у школах раёна будзе рэалізавана забарона на выкарыстанне мабільных тэлефонаў?
— Мы некалькі гадоў падступаліся да гэтага рашэння, як заўсёды акуратна, інтэлігентна, камусьці магло здацца, што нават нерашуча. Сёння грамадства ў цэлым гатова да прыняцця дадзенага рашэння, у першую чаргу бацькі, якія бачаць колькі часу і з якой «карысцю» іх дзеці праводзяць у гаджэтах. Мэта зразумелая — ні ў аднаго вучня ні пры якіх умовах у школе не павінна быць мабільніка (за выключэннем медыцынскіх выпадкаў). Наша задача на першых парах стварыць умовы бяспечнага захоўвання маёмасці: у кожнай школе вызначана месца, дзе знаходзіцца шафа з паліцамі, на якіх дзеці ў пачатку навучальнага дня будуць пакідаць свае тэлефоны, а ў канцы дня забіраць. Усё будзе адбывацца пад кантролем настаўніка. Ён жа дапаможа вырашыць вучню пытанне сувязі з бацькамі, але толькі пры экстраннай неабходнасці.
— І ў канцы нашай сустрэчы ў першую чаргу хочацца падзякаваць Вам за цікавую гутарку і за прадстаўленую магчымасць пачуць вашу думку па розных напрамках дзейнасці ў сістэме адукацыі. А зараз — віншаванне калегам напярэдадні Дня ведаў.
— Настаўнікі — гэта асаблівыя людзі. Яны мяккія і ранімыя, і ў той жа час трывалыя і моцныя, як скала. Сваім прыкладам яны фарміруюць вобраз будучыні нашых дзяцей, нясуць вялікую адказнасць за іх жыццё і лёс.
1 верасня — гэта іх доўгачаканае свята. Ад усёй душы я віншую ўсіх педагогаў і выхавацеляў з гэтым цудоўным Днём. І няхай новы навучальны год падорыць масу прыемных уражанняў ад поспехаў вучняў. Ад таго пачуцця выкананага абавязку, калі настаўнік бачыць, што яго вучань справіўся, што ён вывучыў, пастараўся, пасля стаў студэнтам, інжынерам, навукоўцам ці проста добрым чалавекам. А галоўнае — пераўзышоў свайго педагога. Здароўя вам, паважаныя калегі, шчасця, міру, працвітання і дабра!
Гутарыла
Ірына Велясевіч