Четверг, 23 октября 2025

Няхай маладзее сельская гаспадарка!

430

Пра цесную сувязь горада з вёскай гаворыцца многа. Гэта можна бачыць у абмене рэсурсамі, інфармацыяй, таварамі і паслугамі. А яшчэ людзьмі, калі хлопцы і дзяўчаты ўсё часцей пакідаюць свае гарадскія кватэры і з задавальненнем уладкоўваюцца на працу ў сельгаставарыствы.

А чаму б і не? На дадзены момант сельская гаспадарка нашай краіны трывала стаіць на нагах. На пастаяннай аснове праводзіцца мадэрнізацыя тых жа малочнатаварных комплексаў і фермаў. Абнаўляецца парк тэхнікі. Не на апошнім месцы забеспячэнне жыллём маладых спецыялістаў, грашовая падтрымка. Дарэчы, заработная плата на вёсцы цяпер можа задаволіць любыя патрэбы як у адзенні і абутку, так і ў набыцці рознай бытавой тэхнікі, пакупцы нават таго ж аўтамабіля.

Мы гэта не прыдумалі, а толькі перадалі пачутае падчас сустрэчы з маладымі спецыялістамі, якія са жніў-ня бягучага года працуюць у ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс». Не пабаяліся памяняць камфорт горада на вясковае жыццё, вырашылі паспрабаваць свае сілы ў сельскай гаспадарцы, з якой дагэтуль былі знаёмы даволі павярхоўна. Такая яна, наша моладзь, мэтанакіраваная, поўная жадання быць карыснай сваёй Радзіме.

Нарадзілася ў Брэсце, але з дзяцінства марыла менавіта даглядаць кароў, гэтую спакойную і пакладзістую жывёлу. І вось яно самастойнае жыццё, якое пачалося для Кацярыны Валчковай пасля сканчэння УА «Віцебская ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны». Цяпер дзяўчына — дыпламаваны ветэрынарны ўрач. Паціху асвойваецца, уваходзіць у курс справы. Гасцінна сустрэлі, кіраўніцтва сельгаставарыства выдзеліла дом прысядзібнага тыпу, падтрымала матэрыяльна. Так што цяпер, згодна з мэтавым дагаворам, Кацярына на працягу пяці гадоў будзе пры любімай справе і з каханым мужам Іванам, з якім у сакавіку гэтага года стварылі сям’ю і поўныя надзеі на хуткае папаўненне. Дарэчы, галава новай ячэйкі грамадства хутка таксама на такі ж тэрмін прыйдзе ў ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» пасля вучобы ў той жа ўстанове, абраўшы ідэнтычную спецыяльнасць. А па жыцці, як вядома, удвух крочыць весялей, ведаючы, што пра цябе думаюць і клапоцяцца.

Падчас усёй размовы з усмешлівай Кацярынай чамусьці расла ўпэўненасць, што яна правільна зрабіла выбар прафесіі і ў будучым не будзе шкадаваць, а наадварот, набярэцца вопыту і праз некаторы час сама пачне выступаць у ролі настаўніка для маладых спецыялістаў. А пакуль што займаецца аказаннем прафілактычнай і лячэбнай дапамогі буйной рагатай жывёле, вырашае арганізацыйныя пытанні. Не адмаўляецца і ад падтрымкі старэйшых калег, якая праяўляецца як у парадах, так і на практыцы. Дый гэта было б неразумна, бо адразу ахапіць увесь спектр работ даволі складана, вопыт жа не адразу прыходзіць, яго трэба назапасіць.

Галоўнае — ісці да сваёй мэты, не апускаць рукі, быць смелым у сваіх жаданнях. Такім жыццярадасным і паўстаў перад карэспандэнтамі «раёнкі» вядучы інжынер ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» Мікалай Карнялюк, нядаўні выпускнік Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Малады чалавек таксама не захацеў сядзець у чатырох сценах кватэры ў Івацэвічах. Вырашыў для сябе: чыстае паветра здароўю не пашкодзіць ды і быць часткай дружнай кагорты сельскіх працаўнікоў таксама дарагога каштуе.

З чаго пачынаўся шлях у прафесію? Па-першае, бацька Іван Сцяпанавіч у свой час таксама вучыўся ў вышэйназванай навучальнай установе, таму было з каго браць прыклад. Па-другое, усёмагутная дача, дзе малады чалавек вучыўся круціць гайкі на матацыклах, таксама маецца і легкавік «Жыгулі». Таму і было вырашана выбраць спецыяльнасць «Інжынер-механік». І думаецца, што два гады адпрацоўкі праляцяць для Мікалая, як адно імгненне, бо вочы гараць на работу, бачыцца перспектыва, будуюцца планы. А калі чалавек не застойваецца на месцы, значыць, мае намер дамагчыся многага, праявіць усе свае здольнасці.

Канечне, цяжка. Інакш і быць не магло. На такой пасадзе і вучыцца асабліва няма калі, бяры сябе ў рукі і кіруй. Тут трэба кожны дзень сачыць за выпускам тэхнікі, аховай працы, арганізаваць работу так, каб не было прастояў, так сказаць, колы круціліся і рухавікі вуркаталі. Але нічога, усё атрымаецца. Проста, як гаворыцца ў народнай мудрасці, стаўся да людзей з павагай, і яны за табой пацягнуцца, нягледзячы на малады ўзрост і невялікі вопыт.

Рабочы час у сельскай гаспадарцы. Ён, бывае, палохае маладых людзей, бо вельмі ж хочацца ў суботу і нядзелю адпачываць. А тут не атрымаецца жыць па раскладзе. Часам і ў выхадныя дні героям нашага рэпартажу даводзіцца працаваць. Адным словам, узяўся за гуж, то не кажы, што не дуж. Але, дзякуй Богу, гэта не пра Кацярыну і Мікалая. У іх усё атрымаецца самым лепшым чынам!

Вадзім Раўнейка. Фота Руслана Басака