
Гэтая значная для ўстановы абноўка стала вынікам не закупкі, а прафесійнага трыумфу.
Справа ў тым, што ў Магілёве не так даўно прайшоў фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў па прафесійным майстэрстве сярод абласных арганізацыйных структур і арганізацый цэнтральнага падпарадкавання ДТСААФ. У склад кожнай каманды ўваходзілі адзін выкладчык і тры інструктары. Сярод іх быў і Сяргей Макарэвіч — выкладчык з Пружанскага ДТСААФ, які заняў у асабістым заліку трэцяе месца. Яго вынік стаў важкім укладам у перамогу Брэсцкай абласной арганізацыйнай структуры, якая заняла першае месца ў агульным заліку і атрымала галоўны прыз — Lada Granta. Абласное кіраўніцтва прыняло рашэнне перадаць аўтамабіль адной з раённых
арганізацый, чые прадстаўнікі ўдзельнічалі ў спаборніцтвах — і ёй аказалася Пружанская ДТСААФ.

— Аўтамабіль будзе актыўна выкарыстоўвацца ў навучальным працэсе. Плануецца таксама пашырэнне штата, будзе прыняты новы інструктар, а сама Lada Granta стане паўнацэнным удзельнікам падрыхтоўкі будучых вадзіцеляў, — адзначыў загадчык класа Валянцін Сіцянкоў.
Дарэчы, зараз ідзе набор групы на навучанне па катэгорыі B, і ўжо ў хуткім часе некаторыя з будучых вадзіцеляў пачнуць практычныя заняткі на новым аўтамабілі.
Руслан Басак
На здымку: інструктар Генадзь Вільчык, загадчык класа Валянцін Сіцянкоў, інструктар Сяргей Зуй, выкладчык Сяргей Макарэвіч.
Фота Кацярыны Масік
