Суббота, 18 апреля 2026

Наша апытанне: Штамп у пашпарце — неабходнасць?

854

Стасункі паміж мужчынам і жанчынай — тэма невычэрпная. Чалавецтва заўсёды будзе знаходзіцца ў пошуках свяшчэннага Грааля сям’і, але дакладна зразумела адно: няма адзінага меркавання наконт пабудовы паспяховых адносін, гэта ўсё вельмі далікатная, суб’ектыўная і індывідуальная справа. Беручы гэта да ўвагі, мы вырашылі даведацца: ці па-ранейшаму аддзел ЗАГС мае важкі аўтарытэт і ці дапамагае пасведчанне аб заключэнні шлюбу жыць у згодзе і каханні.

Святлана з вёскі Новыя Засімавічы:

— Шлюб сябе не зжыў. Па-першае, сувязь паміж мужчынам і жанчынай неабходна замацоўваць на заканадаўчым узроўні для таго, каб адчуваць падмурак у юрыдычным плане. Па-другое, інстытут шлюбу закладваўся стагоддзямі, таму мы павінны перадаць яго нашым нашчадкам. Але асуджаць людзей, якія жывуць у «грамадзянскім» шлюбе, я не буду. Кожны мае права выбару. У любым выпадку сямейныя канфлікты не стануць частымі гасцямі ў доме, калі вы будзеце кахаць, паважаць і шанаваць адзін аднаго, а дыялог дапаможа пазбегнуць вострых момантаў.

Наталля з аграгарадка Калядзічы:

— Мне здаецца, што паняцце «шлюб» ужо страціла сваю актуальнасць. Ну, падкажыце, калі ласка, як пячатка ў пашпарце дапаможа каханню? Галоўнае — адносіны паміж людзьмі, і калі яны складваюцца добра, то ўсё роўна, замацаваны яны ў ЗАГСе ці не. Каб захаваць сям’ю, трэба навучыцца саступаць, падтрымліваць абранніка ў любых сітуацыях, а ў пэўных момантах нават умець закрываць вочы.

Ксенія з аграгарадка Калядзічы:

— Заключэнне шлюбу — асабістая справа кожнага. Я лічу куды больш паказальнымі рэальныя стасункі паміж людзьмі. Калі жанчыне або мужчыне маральна важна афіцыйна пацвердзіць свае адносіны, то чаму не. Асноўная праблема са шлюбамі заключаецца ў тым, што людзі спяшаюцца ажаніцца, не спазнаўшы адзін аднаго як след. Сярод маіх знаёмых гэта асноўная прычына разводаў. Нічога якаснага не атрымаецца, калі кіравацца выключна эмоцыямі і прымаць рашэнні імпульсіўна. Ружовыя акуляры спадуць паступова, і не так балюча, калі вы паспрабуеце пажыць разам, спазнаеце ўсю «прывабнасць» побыту.

Леанід і Алена:

— Мы разам ужо 43 гады, маем двух дзяцей. Буйных сварак, здаецца, і не было, так, рознагалоссі па дробязях, як і ў любой сям’і. Напэўна, нічога новага мы вам не раскажам. Трэба адзін аднаго кахаць, паважаць, ва ўсім падтрымліваць, быць цярпімым да недахопаў партнёра. Перарабіць людзей цяжка, трэба проста прымаць, прыстасоўвацца да характару абранніка, а не зыходзіць з пункту гледжання: «Я заўсёды маю рацыю».

Юрый Мікалаевіч:

— Я не лічу афіцыйны шлюб устарэлым паняццем, наадварот, гэта вельмі важная рэч. Так званы «грамадзянскі» шлюб ні да чаго не абавязвае. Я жанаты, хутка споўніцца 50 год сумеснага жыцця, і на практыцы магу сказаць, што для трывалых адносін важны давер. Калі ёсць магчымасць — саступайце, стаўцеся з павагай да жонкі або мужа. На мой погляд, няма сэнсу трымацца за шлюб, калі людзі перасталі разумець адзін аднаго, тады проста разыходзьцеся ў розныя бакі.

Васіль:

— На жаль, статыстыка малюе нам сумную карціну. Вельмі шмат шлюбаў распадаецца. Таму, калі маладыя людзі хочуць стварыць новую ячэйку грамадства, яны павінны разумець, з якімі цяжкасцямі і выпрабаваннямі могуць сутыкнуцца. Але даведка ў ЗАГСе, на мой погляд, вялікай ролі не іграе. Калі чалавек мае розум, гонар і сумленне, то яго чакае не толькі шчаслівае сямейнае жыццё, але і агульнае задавальненне сваім лёсам. Я жанаты, праз некалькі год будзем святкаваць залатое вяселле. Канфлікты былі, галоўнае — умець іх вырашаць, іншы раз, калі вымушае сітуацыя, «сціснуўшы зубы».


Сваім меркаваннем падзялілася начальнік аддзела ЗАГС Наталля Цібароўская:

— Калі людзі вырашаюць на заканадаўчым узроўні замацаваць свае адносіны, у іх узнікаюць гарантыі і адказнасць. Аб гэтым кажа 20 артыкул Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і: «Правы і абавязкі мужа і жонкі ўзнікаюць з дня рэгістрацыі заключэння шлюбу».

Патлумачу простымі словамі: шлюб важна заключаць, каб адчуваць зямлю пад нагамі, мець гарантыі, што, калі каханне раптам пройдзе, ты не застанешся ні з чым.

Напрыклад, пры скасаванні шлюбу дзеці застаюцца пры адным з бацькоў, а дзяржава сочыць за тым, каб маці або бацька з дзецьмі своечасова і ў поўнай ступені атрымлівалі аліменты. Шлюб дае гарантыі і ў жыллёвым, побытавым плане. Калі маёмасць была набыта ў шлюбе, то сужэнцы маюць на яе агульныя правы.

Пры скасаванні шлюбу спрэчныя пытанні, якія могуць узнікнуць паміж былымі мужам і жонкай, будзе вырашаць дзяржава, і гэта значыць, што кожны з суб’ектаў разбору будзе валодаць роўнымі правамі. Таму ўзаконены шлюб — гэта ваша ўласная бяспека.

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік і з асабістага архіву Наталлі Цібароўскай