Суббота, 18 апреля 2026

Напрамак жыцця Лізаветы

788

Усё больш даводзіцца чуць пахвальных слоў аб нашых сельгаставарыствах ад хлопцаў і дзяўчат, якія толькі што прыступілі да сваіх працоўных абавязкаў. Не выключэнне ў дадзеным выпадку і ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс».

Мала таго прарэкламаваць сябе перад абітурыентамі, расказаць пра ўмовы працы і перавагі студэнтам. Хаця і без гэтага не абысціся, калі хочаш амаладзіць калектыў, даць новы штуршок для развіцця. Важным элементам з’яўляецца тое, як прынялі маладога спецыяліста ці апраўдалі яго надзеі, не пакрыўдзілі ўвагай і не пакінулі сам-насам з праблемамі? Бо інакш і жаданне працаваць адразу знікне ў невядомым напрамку ды і жыццё ўжо здасца не такім светлым, бо будзе праследаваць думка: і што, так будзе пастаянна?

Адразу ўзаемная сімпатыя ўзнікла паміж Лізаветай Бабічавай і калектывам райаграсэрвісу. А гэта быў прыярытэтны пункт для дзяўчыны пры выбары месца адпрацоўкі пасля сканчэння Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Інжынер-эканаміст». Першае ж знаёмства адбылося падчас праходжання практыкі ў гаспадарцы. Неяк усё само сабой склалася найлепшым чынам. І з канца ліпеня бягучага года Лізавета, займаючы пасаду эканаміста, адчувае сябе тут запатрабаваным спецыялістам, хоць і маладым. Але ж вопыт прыходзіць не адразу, а жадання працаваць у гэтай мілавіднай дзяўчыны хоць адбаўляй, як сцвярджаюць у сельгаставарыстве.

Пачыналася ж усё для Лізаветы з пераезду ў Беларусь з Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі ў 2017 годзе. Бацькам Сяргею Уладзіміравічу і Таццяне Мікалаеўне вельмі захацелася вярнуцца на малую радзіму, якая на карце нашай краіны пазначана як горад Пружаны. Тут ужо з 8 класа вучылася ў СШ № 1 імя ЧБВА. Як адзначае сама Лізавета, нейкі час давялося прайсці адаптацыю, звыкнуцца з новым у жыцці, знайсці новых сяброў. Але калі адкрыты для зносін, валодаеш чароўнай усмешкай, проста сімпатычны чалавек ва ўсіх адносінах, тады нішто табе не перашкода. Цяпер успрымаецца ўсё як звычайнае. А тады… Вельмі ўражваў узровень патрыятычнага выхавання маладога пакалення. Чысціня і ўтульнасць населеных пунктаў і, канечне, непаўторны смак беларускіх прадуктаў. Дарэчы, тыя ж масла, сыры, кандытарскія вырабы Лізавета абавязкова вязе ў Расію, калі наведвае роднага брата Паўла з сям’ёй. Сапраўды, як кажуць у нас, купляйце беларускае — будзе вам якасць і надзейнасць.

І бачыць на гарызонце Лізавета толькі блакітнае неба, пастаянна ўдасканальвае свае прафесійныя навыкі. Работы ж хапае. Патрэбна скласці падлік па рабоце падведамнага ўчастка (малочнатаварнага комплексу) па малацэ, прывагах кароў і цялушак. Даручылі маладому спецыялісту і нагляд за машынным паркам, што значыць кантроль за палівам і перамяшчэннем тэхнікі па GPS-навігацыі. Эканаміст — гэта і заработную плату разлічы. Ці не баіцца кіраўніцтва ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» даручаць такі фронт работ Лізавеце? Як жа тады адбыцца ў прафесіі, стаць высокакваліфікаваным спецыялістам, калі знаходзіцца пастаянна ў цені? Заўсёды ж можна падказаць, прадухіліць памылку, падтрымаць добрым словам, даць магчымасць паверыць у свае сілы. А ўдзячны работнік дарагога варты.

Вольная часіна для Лізаветы — гэта магчымасць падарожнічаць па гарадах Беларусі, палюбавацца ўжо роднымі краявідамі. Яшчэ адчуць сябе чалавекам, жыццё якога складваецца ў правільным напрамку, ёсць мэта — значыць будзе і вынік. Ён адназначна прынясе толькі радасць і задавальненне ад кожнага дня.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік