Четверг, 9 октября 2025

На Пружаншчыне прайшло першынство Брэсцкай вобласці па веласпорце на шашы юнакоў 2009-2013 гг. і маладзейшых

615

На мінулым тыдні на Пружаншчыне прайшло першынство Брэсцкай вобласці па веласпорце на шашы юнакоў 2009-2013 гг. і маладзейшых, прысвечанае 80-ю Вялікай Перамогі на прызы алімпійскага чэмпіёна Алега Логвіна.

Урачыстая цырымонія адкрыцця адбылася ў гарадскім Палацы культуры. Павітаць юных спартсменаў сабраліся ветэраны веласпорту, балельшчыкі, а таксама знакамітыя спартсмены. Сярод іх заслужаны майстар спорту, алімпійскі чэмпіён СССР па веласпорце Алег Логвін. У сваім прывітальным слове ён падкрэсліў вялікую значнасць дадзенага мерапрыемства, а таксама адзначыў, што спорт адыгрывае ключавую ролю ў жыцці моладзі, дапамагае фарміраваць характар, умацоўвае здароўе і развівае дысцыпліну.

Перад пачаткам стартаў да юных спартсменаў звярнуўся галоўны суддзя Анатоль Замушынскі. Ён таксама адзначыў важнасць сумленнай барацьбы, павагі да сапернікаў і выканання правілаў бяспекі.

Удзельнікамі спаборніцтваў сталі каля 80 юных спартсменаў — гэта шэсць каманд з Пружан, Бярозы, Баранавіч і Брэста. Гонкі праходзілі на працягу трох дзён. Першы дзень пачаўся з індывідуальнай гонкі на 10 кіламетраў, старт якой быў дадзены на трасе Р-98, у раёне аг. Клепачы. Другі дзень спаборніцтваў працягнуўся групавой гонкай, старт і фініш адбыўся ў в. Мокрае. І завяршылася першынство групавой гонкай-крытэрыум таксама ў Клепачах.

Па выніках спаборніцтваў у індывідуальнай гонцы на 10 км сярод юнакоў 2011 года і маладзейшых 2-е месца заняў Данііл Шчэрба, 3-е — Леанід Герэль. Таксама размеркаваліся месцы і ў гонцы-крытэрыум на 20 км. У гонцы-крытэрыум на 30 км сярод юнакоў 2009-2010 гадоў нараджэння 3-е месца ў Кірыла Джумаева.

Не пакінуў сапернікам шанцаў Данііл Шчэрба ў групавой гонцы на 35 кіламетраў. У гэтым відзе спаборніцтваў у юнага спартсмена 1 месца.

У агульнакамандным заліку пружанцы ўзняліся на трэцюю прыступку п’едэстала. Юнакі паказалі добрую падрыхтоўку і пакінулі зачын для будучых перамог. Незалежна ад вынікаў кожны ўдзельнік — ужо пераможца, бо ён абраў спорт, рух і здаровы лад жыцця!

Ірына Велясевіч