Суббота, 18 апреля 2026

На мінулым тыдні на базе турыстычнага комплексу «Мікалаеўскі» ў в. Мокрае быў праведзены штогадовы раённы конкурс майстэрства сярод работнікаў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы

208

Дыпломы і грашовыя прэміі ў сямі намінацыях пераможцам уручалі першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Глушко і дырэктар племянной станцыі па Пружанскім раёне Мікалай Цэван.


Лепшым аператарам па штучным асемяненні БРЖ была прызнана Святлана Шмыгоўская (на здымку) з ААТ «Шані-аграпрадукт». На першую прыступку п’едэстала паднялося звяно па ўзнаўленні буйной рагатай жывёлы з гаспадаркі «Жураўлінае». Алег Мажэйка з гэтага ж сельгаставарыства — лепшы заатэхнік-селекцыянер. Славіцца сваім маладым спецыялістам па штучным асемяненні БРЖ, які адпрацаваў на пасадзе не больш за тры гады, Святланай Рагуляй і ААТ «Ружаны-Агра». А вось дыплом і прэмію па такой жа спецыяльнасці, толькі са стажам працы больш за пятнаццаць гадоў, былі ўручаны Андрэю Петруковічу з ААТ «Жураўлінае». Ганарыцца дадзенае сельгаставарыства і спецыялістам па вядзенні базы даных буйной рагатай жывёлы Аленай Давыдзік. Лепшым ветурачом-гінеколагам быў прызнаны Барыс Гутырчык з ААТ «Велікасельскае Агра».
Віншуем усіх з ганаровымі першымі месцамі і жадаем такой жа плённай працы, дабрабыту і звычайнага чалавечага шчасця!


Вадзім Раўнейка
Фота прадастаўлена племянной станцыяй