Четверг, 23 октября 2025

На мінулым тыдні маштабныя вучэнні прайшлі на базе Шарашоўскага сацыяльнага пансіяната «Бярозавы гай»

84

На тэрыторыі нашага раёна ёсць установы з вялікай колькасцю наведвальнікаў, якія знаходзяцца на асаблівым уліку райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Такім чынам выратавальнікі кантралююць сітуацыю, каб аператыўна рэагаваць у выпадку трывожных здарэнняў. Больш таго, рэгулярна праводзяць вучэнні, каб работнікі МНС дасканала вывучалі падобныя аб’екты і ведалі, дзе і як праводзіць ліквідацыю наступстваў надзвычайных сітуацый.

На мінулым тыдні такія маштабныя вучэнні прайшлі на базе Шарашоўскага сацыяльнага пансіяната «Бярозавы гай». У ім пражываюць сотні пацыентаў, працуюць дзясяткі работнікаў. Тэрыторыя ўстановы змяшчае шэраг вялікіх аб’ектаў, ды і плошча дастаткова вялікая. Менавіта для вывучэння ўсіх гэтых асаблівасцей і былі праведзены практычныя заняткі па адпрацоўцы планаў эвакуацыі з тактыка-спецыяльнымі вучэннямі.

Як паведаміў намеснік начальніка РАНС Канстанцін Хованец, такое практычнае навучанне праводзіцца з кожнай зменай падраздзяленняў па задуманым сцэнарыі і заўсёды складаецца з двух этапаў.

— Па-першае, правяраецца, як зладжана рэагуе персанал на няштатную сітуацыю, ці правільна выконваюць свае дзеянні, — зазначыў Канстанцін Аркадзьевіч. — А па-другое, пажарныя на месцы вывучаюць тактыка-тэхнічныя характарыстыкі аб’екта, яго ўваходы і выхады, асаблівасці інфраструктуры для ліквідацыі ўзгаранняў. А паралельна выконваюць практычную адпрацоўку ўводнай па ліквідацыі ўмоўнага пажару.

Падчас вывучэння тэрыторыі пансіяната выратавальнікі азнаёміліся з месцамі размяшчэння пажарных вадаёмаў, гідрантаў, асаблівасцямі будынкаў і лагістыкай — уездамі, схемай праездаў спецтэхнікі і напрамкаў эвакуацыі пацыентаў. Потым былі арганізаваны практычныя заняткі.

У адным з корпусаў установы ў выніку кароткага замыкання здарыўся пажар, які суправаджаецца моцным задымленнем. Пра гэта паступіла паведамленне ад персаналу пансіяната, які адначасова заняўся эвакуацыяй людзей. Як паведаміў дырэктар установы Мікалай Дрозд, падобныя дзеянні тут адпрацоўваюцца рэгулярна. Што і было відавочна па дзеяннях работнікаў і рэакцыі пастаяльцаў, якія без панікі і арганізавана пакінулі «небяспечны» будынак.

Па трывожным выкліку на аб’ект хутка прыехалі чатыры спецаўтамабілі, якія высадзілі каля 20 выратавальнікаў у «пацярпелага» корпуса. Згодна з умовамі тактыка-спецыяльных вучэнняў пажарныя павінны былі не толькі ўтаймаваць агонь з мінімальнымі наступствамі. На месцы «высветлілася», што ў памяшканні могуць знаходзіцца двое пацярпелых, на ратаванне якіх былі адпраўлены звёны газадымаабароны са спецыяльным аснашчэннем. За кароткі час работнікі МНС адшукалі людзей і эвакуіравалі іх на свежае паветра для аказання медыцынскай дапамогі. Потым прафесійна «справіліся» з вогненнай стыхіяй. Як адзначыў намеснік начальніка РАНС, падобныя вучэнні праводзяцца не толькі для атрымання ацэнкі дзеянняў, але і для выяўлення пра-лікаў і недахопаў. Для наступнага дасканалага разбору апошніх падчас тэарэтычных заняткаў.

Алег Сідарэнка (тэкст і фота)