Суббота, 18 апреля 2026

Марыя Мікалаеўна Кулецкая на мінулым тыдні адзначыла 75-гадовы юбілей

970

У самым сэрцы пружанскага краю жыве чалавек-легенда — цудоўная сціплая жанчына, чые рукі ўмеюць ажыўляць шкло і палотны, лазу і гліну. Народны майстар Рэспублікі Беларусь, Ганаровы грамадзянін Пружанскага раёна — усё гэта яна, Марыя Мікалаеўна Кулецкая, якая на мінулым тыдні адзначыла свой яркі і шчодры на творчасць 75-гадовы юбілей.

У зацішнай атмасферы палацыка адбыўся творчы вечар мастачкі пад знакавай назвай — «Творчасць праз сэрца і рукі». І гэта не проста словы, а яе жыццёвае крэда. Вечар стаў сапраўдным святам для ўсіх, хто ведае, шануе і схіляецца перад яе асобаю. Паважаную юбілярку прыйшлі павіншаваць яе прыхільнікі, тыя, хто ўмее цаніць маштаб яе творчасці і вялікі ўклад у культуру роднага краю.

Словы падзякі і віншаванняў прагучалі з вуснаў намесніка старшыні райвыканкама Руслана Супрыновіча.

— Ваша імя — сапраўдная жамчужына Пружаншчыны. Дзякуючы неверагоднай энергіі, адданасці традыцыям і незвычайнаму таленту, забытае мастацтва «маляванак» адрадзілася і стала візітнай карткай нашага раёна. Вы — сапраўдны прыклад таго, як адзін чалавек можа ўзбагаціць цэлы культурны ландшафт. Жадаем Вам моцнага здароўя, натхнення і новай радасці ад кожнага дня!

Да гэтых слоў далучыўся і начальнік аддзела культуры райвыканкама Канстанцін Панімаш, які таксама адзначыў, што юбілярша — нястомная крыніца натхнення, урок жывой гісторыі і любові да прыгажосці. Яна не проста стварае цудоўныя рэчы, а вяртае да глыбокіх каранёў, да нашай самабытнасці.

Вечар быў напоўнены цёплымі ўспамінамі. На экране праносіліся старонкі жыцця нашай гераіні: бацькі, якія ўклалі ў дачку любоў да роднай зямлі, мясцовая школа, мастацкае вучылішча ў Бабруйску, Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум… Якая разнастайнасць лёсу! Мастак-афарміцель, бібліятэкар, кіраўнік лялечнага тэатра «Званочак» і нават зваршчыца. Гэтыя факты толькі сведчаць аб тым, што Марыя Мікалаеўна — чалавек неверагоднай энергіі і шырокай душы, гатовы да любых выклікаў.

Але сапраўднае прызначэнне чакала яе пасля выхаду на пенсію. У 2006 годзе яна стварае студыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Шклінка-маляванка». Гэта стала пачаткам новай творчай эпохі, і ўжо ў 2018 годзе суполка атрымлівае высокае званне — «Узорны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».

Пра такіх у народзе кажуць — «залатыя рукі». Яна віртуозна валодае шматлікімі тэхнікамі, але менавіта «маляванкі», роспіс па шкле, прынеслі ёй сапраўдную вядомасць. Больш за 20 гадоў яна адраджае гэта забытае традыцыйнае мастацтва і, дзякуючы ёй, «шкляныя карціны» сталі своеасаблівым сімвалам Пружан. У 2023 годзе гэты промысел атрымаў афіцыйны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, і ў гэтым вялікая заслуга майстрыхі.

Сама Марыя Мікалаеўна з асаблівай цеплынёй і гонарам гаворыць аб самым галоўным сваім дасягненні — дачцэ Ірыне, якая амаль 30 год працягвае яе справу на прафесійным узроўні. Вось яно сапраўднае шчасце, калі творчая апантанасць перадаецца з пакалення ў пакаленне і тваю спадчыну падхопліваюць рукі дзяцей.

Але якіх толькі няма захапленняў у гэтай неспакойнай душы: ткацтва, алейны жывапіс, пляценне з лазы, стварэнне гліняных свістулек… Кожная праца для яе, як дзіця. Памятае, калі і пры якіх абставінах выраб нарадзіўся. Дарэчы, самая першая карціна Марыі Мікалаеўны з’явілася на свет яшчэ ў 1967 годзе пад назвай «Ветраныя млыны». Менавіта пра стварэнне гэтай прыгажосці расказала сама аўтар.

— Гэта быў пачатак майго шляху, — дзялілася ўспамінамі юбілярша. — Тады я толькі шукала сябе, адчувала ўнутраны покліч да пэндзля і фарбы. Ветраныя млыны… У іх ёсць нейкая магія, сіла, рух. Яны ловяць вецер лёсу і перамолваюць яго ў «муку» жыццёвых падзей. Мне хацелася перадаць гэта адчуванне сілы прыроды і чалавечай працы. Памятаю, як доўга я шчыравала над кожнай лопасцю, імкнулася, каб яны «круціліся» нават на статычным палатне.

Асаблівай духоўнасці сустрэчы надало віншаванне благачыннага цэркваў Пружанскага раёна, настаяцеля храма святога князя Аляксандра Неўскага протаіерэя Міхаіла Носкі, які падкрэсліў узвышанасць, вялікую каштоўнасць яе мастацтва для землякоў. Усе вырабы — жывая гісторыя, застылая на шкле. У кожным дыханне роднай зямлі, рытм народных традыцый, цяпло рук выдатнага майстра.

Але на гэтым свята не скончылася. Усе жадаючыя маглі падняцца на другі паверх музея, паглядзець у вочы «мастацкім казкам», задаць пытанні аўтару.

Марыя Кулецкая — сапраўдны скарб нашай зямлі. Яе творчае жыццё насычанае і паслядоўнае, адданае прызванню і бясконцай любові да прыгажосці, якую яна нясе праз сэрца і рукі.

Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік