Суббота, 18 апреля 2026

Маладыя спецыялісты ААТ «Велікасельскае Агра»

4 651

І смела папаўняюць рады шчырых працаўнікоў у сельскай гаспадарцы. Што пацвярджаюць маладыя спецыялісты, якія абралі сваім другім домам ААТ «Велікасельскае Агра».

Ніхто і адмаўляць не будзе, што вялікую ролю ў выбары сельгаставарыства адыгрывае заработная плата, даванне добраўпарадкаванага жылля, сама атмасфера ў калектыве. Але ж гэта потым. Спачатку ж ідзе ўсвядомлены выбар прафесіі, калі плануеш звязаць сваё жыццё не зусім з лёгкай галіной эканомікі. Сама вучоба таксама патрабуе выдаткаў сіл, каб потым не чырванець ад таго, што не ведаеш самага элементарнага, і не быць абузай для астатніх работнікаў. Цяпер жа ўсюды запатрабаваны кваліфікаваныя спецыялісты, якімі і славіцца вышэйзгаданая гаспадарка.

Як расказвае спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Мікалай Ляўчук, тут напачатку не абяцаюць залатыя горы і хуткі прафесійны рост, а рэальна акрэсліваюць стан спраў, усё раскладваюць па паліцах. І табе адразу зразумелы фронт работы і тое, з чым і з кім давядзецца працаваць. Як у выпадку з ветэрынарным урачом МТФ «Вялікае Сяло № 1» Анастасіяй Самец. Ураджэнка г. Салігорска брала мэтавае накіраванне на Брэсцкую вобласць падчас паступлення ва УА «Віцебская ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны». Падчас вучобы і пачала падбіраць для сябе сельгаставарыства на пяцігадовую адпрацоўку, штудзіравала інтэрнэт, тэлефанавала ў аблвыканкам. Тады і адбылося знаёмства з дырэктарам ААТ «Велікасельскае Агра» Васілём Севасцьянчыкам, які без лішняга прыхарошвання пазнаёміў з гаспадаркай на прыкладзе канкрэтных лічбаў, падкупіла дакладнасць у яго словах і тое, што яна будзе не адзіным ветурачом на ферме.

Пры пераездзе сустрэлі і даставілі, усё паказалі і расказалі. Грошамі не пакрыўдзілі і кватэру са зручнасцямі далі. І вось ужо паўтара года незаўважна мінула для мілавіднай Анастасіі. Яна ж стараецца быць паўнапраўным членам калектыву малочнатаварнай фермы, хаця спачатку было даволі цяжка. Бо адна справа — тэорыя, і зусім іншае — калі ўжо ты сам павінен прымаць рашэнні, несці за іх адказнасць.

Але ў такой прыгожай дзяўчыны ўсё наладзілася. Кожны дзень робіць клінічны агляд пагалоўя, выяўляе слабых, сочыць за цельнымі каровамі. Сваёй увагі патрабуюць і цяляты як будучае папаўненне дойнага статку. Работы хапае, толькі ж сама выбірала свой працоўны шлях. Ды і спакойна тут, эмацыянальна не перагружаны, наадварот, твае падапечныя настройваць на пазітыўны лад, чакаюць цябе кожны дзень, не пакрыўдзяць і не скажуць дрэннага слова. Васьмігадзінны дзень больш чым задавальняе, ды яшчэ пятніца і субота — выхадныя.

Вось і выкарыстоўвае Анастасія свабодны час, каб наведаць Пружаны або Брэст, пагуляць па вуліцах, схадзіць у кафэ ці на фільм. Гэта дае магчымасць знайсці раўнавагу з сабой, набрацца сіл на чарговыя працоўныя будні. Калі ж хочацца застацца дома, то аддушынай з’яўляюцца маляванне і кулінарыя. Першае настройвае на спакойны лад, калі ўключаецца фантазія і ты ўжо думкамі недзе там, за светлым гарызонтам. А прыгатаванне смачных страў наогул упрыгожвае лепшую палову чалавецтва, прымушае схіляць галаву перад кулінарным майстэрствам любога мужчыну.

Не менш апантаны сваёй працай і ветэрынарны фельчар з МТК «Вялікае Сяло № 2» Алег Лукашэвіч. Малады чалавек пасля сканчэння Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа ў 2025 годзе па трохгадовым мэтавым накіраванні вярнуўся ў ААТ «Велікасельскае Агра». Паціху-памалу асвойваецца. Ужо з веданнем справы праводзіць аналізы дойнага статку, яго знешні выгляд. Ажыццяўляе кантроль за прывагамі малака. Не на апошнім месцы вакцынацыя і гінекалогія, калі трэба, УЗІ-даследаванне. У абавязкі Алега ўваходзіць і вядзенне аптэкі, якая, трэба сказаць, поўнасцю аснашчана ўсімі прэпаратамі. А пра калектыў і гаварыць не даводзіцца: такога зладжанага яшчэ пашукаеш, калі цябе не крытыкуюць, а накіроўваюць, не насміхаюцца з памылак, а тактоўна выводзяць на правільны шлях.

Што да выбару прафесіі, дык у выпадку маладога ветфельчара і быць інакш не магло. Бацька Сяргей Вячаслававіч працуе на МТФ «Вялікае Сяло № 1» ветэрынарна-санітарным урачом, там жа матуля Юлія Мікалаеўна — аператарам машыннага даення. Як кажуць, гены пальцам не сатрэш. Ды і навошта, калі душа ляжыць да сельскай гаспадаркі, калі тут табе прывольна, калі менавіта ў гэтым напрамку хочацца рухацца, удасканальвацца. Дадзеныя моманты і ўсцешваюць, радуешся за хлопцаў і дзяўчат, хто не разбэсціўся, не адрокся ад працы на зямлі.

У вялікай сям’і і жывецца шчаслівей. Гэта пра Лукашэвічаў з аг. Вялікае Сяло, дзе выхоўваецца сямёра дзяцей у дружнай атмасферы, з разуменнем адказнасці адзін за аднаго, узаемавыручкай і павагай да інтарэсаў кожнага. Ёсць у Алега і магчымасць дома прадэманстраваць свае прафесійныя якасці, бо бацькі трымаюць свіней, заўсёды рады вітаць дома сабака Бім і два вулічныя каты, яйкі таксама не купляюць. Усё пералічанае раней было звыклым для кожнай сялянскай сям’і, цяпер жа выклікае добрую зайздрасць: умеюць жыць людзі!

Бег па вечарах — справа карысная, як ні паглядзі. Чым і займаецца па магчымасці Алег, дый некалі ж займаўся лёгкай атлетыкай, значыць, і навык ёсць. Не адмаўляе сабе і ў камп’ютарных гульнях, але без фанатызму, каб пераключыцца з працы, перавесці дух. Прыцягвае да сябе Брэст, дзе ў выхадныя дні можна палюбавацца старажытным горадам, падумаць над жыццём і прыйсці да высновы: якое ж яно ўсё-такі цудоўнае, колькі можна ўсяго зрабіць, дзе толькі сябе ні праявіць!

Рэпартаж падыходзіць да лагічнага завяршэння. А для многіх хлопцаў і дзяўчат усё толькі пачынаецца, усе дзверы ў нашай краіне для іх расчынены. Канечне, з распасцёртымі рукамі чакае моладзь і сельская гаспадарка.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік