Четверг, 23 октября 2025

Маладосць і сталасць крочаць побач

567

Кожнаму чалавеку наканавана ў жыцці пабываць юным і летуценным, а потым — дарослым і сур’ёзным, са сваімі прынцыпамі. І нічога страшнага няма ў тым, што маладым людзям знайсці сваё «я» ў гэтым свеце дапамагае старэйшае пакаленне. Для таго, каб падтрымаць хлопцаў і дзяўчат, якія толькі распачынаюць свой шлях у прафесію, у сельгаставарыствах раёна практыкуецца настаўніцтва.

Ніколі не трэба баяцца прасіць дапамогі. Не бяры ўсё на свае плечы, калі не зусім дасведчаны ў даручанай справе, лепш параіцца з чалавекам, які ў гэтым разумее больш, зможа падрабязна рас-тлумачыць сутнасць работы. У сукупнасці гэта дапаможа ў будучым стаць добрым працаўніком, праявіць сябе на поўную ў абранай спецыяльнасці.

Існуе многа фактараў, якія іменна гэта пацвярджаюць. Зразумела, у кожнага навучэнца і студэнта ёсць вытворчыя практыкі. Але за кароткі прамежак часу цяжка прымяніць усю тэорыю ў дзеянні, адтачыць свае прафесійныя здольнасці. І вось прыйшоў малады чалавек на першае рабочае месца. Тут вельмі важна падтрымаць яго шчырым словам, усяліць упэўненасць у свае сілы, акружыць цяплом і ўвагай. У адваротным выпадку, калі толькі ўказваць на памылкі і зневажаць, можна адбіць усякае жаданне працаваць, прывесці да расчаравання ў сваёй прафесіі, згубіць з-за чэрствасці душы добрага спецыяліста ў будучым. А потым яшчэ і здзіўляцца, што моладзь нос варочае ад работы, чакае лёгкага заробку.

У прыватнасці, у ААТ «Агра-Калядзічы» маладыя спецыялісты заўсёды пад пільнай увагай старэйшых калег, ім камфортна працуецца. Адным словам, жыццю радуюцца, што наглядна адлюстроўваецца і на канчатковым выніку ў іх рабоце. Узяць хаця б Ангеліну Ушко, якая прыйшла на адпрацоўку ў гаспадарку ў якасці ветэрынарнага фельчара. Знаёмства дзяўчыны з сельгаставарыствам пачалося з вытворчай практыкі падчас вучобы ва УА «Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж» на МТК «Руднікі». Прынялі належным чынам, усё паказалі і расказалі. Гэта і падкупіла, таму з задавальненнем прыняла размеркаванне ў ААТ «Агра-Калядзічы» і цяпер працуе на МТФ «Дабучын». Кожную раніцу з радасцю Ангеліна збіраецца на працу, куды з Пружан дастаўляе транспарт гаспадаркі. А тут чакае зла-джаны калектыў і яе любімыя каровы, з якімі гатова дзяліцца сваёй радасцю і ласкай. І не трэба звяртаць увагу на мініяцюрнасць дзяўчыны, сіл хапае і на догляд буйной рагатай жывёлы і на запаўненне адпаведнай дакументацыі. Галоўнае — рух, так сцвярджае малады спецыяліст, які напаўняе жыццё сэнсам, не дае магчымасці расслабіцца, апусціць рукі ў цяжкай сітуацыі, настройвае на пазітыўны лад. А на пачатку самастойнай працы ўсякае можа здарыцца, нешта прызабудзеш, штосьці не зусім правільна зробіш.

Вось тут заўсёды гатова прыйсці на дапамогу вопытны ветэрынарны ўрач Аляксандра Боўшыс, якая ў Ангеліны і практыку вяла. Як жа цяпер пакінеш дзяўчыну без нагляду, не пацікавішся рабочымі момантамі, жыццём наогул?! На тое ж і настаўніца, каб заўжды трымаць у полі ўвагі сваю вучаніцу, надаваць упэўненасці. А яшчэ не трэба забываць і пра тую акалічнасць, што некалі кожны з нас сам упершыню ўступаў у прафесію, быў навічком у абранай справе. І нам жа нехта дапамагаў, каб нават сумнення не ўзнікала, што не тое абраў і ні на што ты не здатны. А яшчэ Аляксандра Іванаўна адзначае: паняцце чалавечнасці сярод людзей наогул ніхто не адмяняў, будзь заўсёды тварам да навакольных, праяўляй павагу да кожнага і ўсіх. Тады і самой будзе лягчэй жыць на гэтым свеце, усведамляючы, што недзе і пра цябе ўспамінаюць добрым словам, дзякуюць за слушныя наказы ў рабоце.

А разам робім усё магчымае дзеля свайго ж дабрабыту: адны вядуць за сабой, усяляюць веру, іншыя, акрыліўшыся, працягваюць справу праслаўлення працавітай і квітнеючай Беларусі. Ці ж гэта дрэнна?

Вадзім Раўнейка. Фота Руслана Басака