
Сёлетняя зіма не ўражвае ні снегападамі, ні маразамі, хіба люты прынёс крыху зімовага настрою. І як толькі прыціснулі маразы, а на вадаёмах стварылася лядовае пакрыццё, пацягнуліся на сажалкі і рэчкі аматары падлёднай рыбалкі. Якую сёння можна
апраўдана лічыць сапраўды экстрэмальным хобі.
зякуй богу не кожны год, але і ў нашым раёне здараюцца трагічныя выпадкі з гібеллю тых, хто праваліўся пад лёд. Калі прааналізаваць здарэнні, то становіцца відавочным, што пераважная большасць з іх прыходзіцца на перыяды станаўлення або разбурэння лядовага пакрыцця. З улікам гэтага дзейнічае строгая забарона выхаду на лёд у такія перыяды. Дазваляецца толькі ў тым выпадку, калі таўшчыня пакрыцця перавысіць 7 сантыметраў, а значыць, зможа вытрымаць вагу дарослага чалавека.
Аднак і ў спрыяльных умовах рыбакі могуць выходзіць на зімовую рыбалку толькі пры наяўнасці выратавальнай камізэлькі, а яшчэ мець пры сабе сродкі першаснага ратавання. Рэгулярна раённае таварыства выратавання на водах разам з работнікамі МНС праводзяць прафілактычныя мерапрыемствы. У першую чаргу навучанне ў рамках перыядычных дзён бяспекі на вадзе «Лёд=небяспека» вядзецца са школьнікамі. У бягучым сезоне ў такіх занятках прымалі ўдзел вучні розных гарадскіх школ, якім нават на практыцы паказалі, што можа здарыцца пры ігнараванні правілаў знаходжання на лёдзе і як дзейнічаюць выратавальнікі ў надзвычайных сітуацыях.
Вось толькі з дзецьмі прасцей, яны пільна прыслухоўваюцца да слоў дарослых і не думаюць супярэчыць. З рыбакамі, як расказвае старшыня раённай арганізацыі ТВВАД Юрый Амельянчук, складаней.
— Амаль штодня даводзіцца нагадваць аматарам падлёднай рыбалкі правілы бяспекі,— зазначае Юрый Міхайлавіч.— Яны ведаюць і пра забарону выхаду на першы лёд, і пра камізэлькі, і пра наяўнасць першасных сродкаў выратавання… Вось толькі выконвае іх, добра, калі адзін з дзясятка.
У чым мы пераканаліся падчас прафілактычнага рэйду разам з ТВААД і прадстаўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях. На гарадскім возеры было шматлюдна, такая ж сітуацыя, хутчэй за ўсё, і на іншых вадаёмах раёна. Адразу скажу, што ў гэты дзень толькі адзін рыбак меў з сабой выратавальную камізэльку. А ў іншых адзінае тлумачэнне — забыўся. Яны ўзялі з сабой вуды, падрыхтавалі нажыўку, скрыні для ўлову, а вось пра ўласную бяспеку і не ўспомнілі! Прадстаўнікі адказных ведамстваў тактоўна прасілі парушальнікаў пакінуць вадаём, кожнаму ўручалі тлумачальныя буклеты, у якіх дакладна прапісана, чаму ўведзены падобныя патрабаванні. Вось толькі ні адзін не пайшоў дадому, наводдаль ад берага яны чакалі: калі ж інспектары пойдуць. Каб зноў вярнуцца на «прыкормленае» месца і злавіць парачку рыбін у палец даўжынёй. І дзеля гэтага рызыкаваць? Зразумець складана, хочацца толькі, каб такое задавальненне не прынесла гора ў яшчэ адну сям’ю.
Алег СІДАРЭНКА.
Фота Кацярыны Масік
