Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час удзелу ў фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2024» у Валожыне расказаў пра непублічныя перагаворы з прадстаўнікамі заходніх дзяржаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«У перадвыбарны перыяд усе здаюць экзамен. Некалі я прыдумаў добрую формулу: не толькі дзеючы Прэзідэнт, але ўсе мы перад нашым народам здаём экзамен. Ды што там перад нашым народам: сёння засяроджана ўсё на Беларусі. Паверце, усё на Беларусі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Учора (у пятніцу, 18 кастрычніка. — Заўвага БЕЛТА) у мяне быў непублічны дзень, але вельмі цяжкі. Вельмі складаныя, цяжкія, але цікавыя перагаворы з прадстаўнікамі заходніх дзяржаў. І я, размаўляючы з імі, зразумеў, наколькі яны ўважліва назіраюць за намі. Наколькі прыдзірліва яны шукаюць, вывучаюць нашы памылкі і нашы поспехі. І калі няма сродкаў масавай інфармацыі, яны гавораць шчыра і адкрыта, — расказаў кіраўнік дзяржавы. — Вы ведаеце (а найбагацейшыя краіны былі прадстаўлены), яны нам зайздросцяць. Зайздросцяць таму, што мы ўмеем працаваць, жыць, святкаваць. Што мы, невялікая па мерках краіна, знайшлі свой шлях развіцця і дастойна па ім прайшлі».
Прэзідэнт таксама адзначыў, што цяпер у краіне праходзіць шмат розных мерапрыемстваў, у іх ліку і «Марафон адзінства». Аляксандр Лукашэнка параўноўваў гэты фестываль з «Дажынкамі», толькі для прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі: «У нашых творчых людзей таксама цяпер «уборка», як я ім кажу: вы павінны парадаваць нашых людзей. Яны гэта робяць дастойна».
«Я папрасіў творчых работнікаў, дзяржслужачых гэта вялікае дзейства правесці па краіне, паказаць, што не толькі рабочыя, сяляне, але і творчыя людзі дастойны нашай працы — рабочых і сялян. Такіх мерапрыемстваў будзе шмат», — анансаваў кіраўнік дзяржавы.
