
Як можна перадаць памяць, якую мы абяцаем захоўваць вечна? Словамі, а яшчэ лепш справамі, пацвярджаючы каштоўнасць захавання гісторыі.
Менавіта так і паступаюць у Ліноўскай сярэдняй школе, дзе на пастаяннай аснове вядзецца работа па патрыятычным выхаванні моладзі на прыкладах землякоў, якія прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне.
Настаўнікі разам з вучнямі праводзяць даследаванні, збіраючы па дробках каштоўныя звесткі, абагульняючы іх у творчыя работы і гістарычныя праекты. Як расказвае дырэктар школы Алена Макарэвіч, падчас аднаго з такіх даследаванняў і нарадзілася ідэя стварыць Алею памяці ліноўскіх настаўнікаў-франтавікоў.
— У пасляваенны час воіны-вызваліцелі вярнуліся дадому і заняліся аднаўленнем парушанай гаспадаркі, — расказвае Алена Леанідаўна. — Адны селі за штурвалы трактароў, а іншыя сталі да класнай дошкі. Паводле сабраных звестак, у нашай школе працавала сем педагогаў, якія прайшлі франтавымі дарогамі, але пра аднаго з іх мы пакуль яшчэ шукаем інфармацыю.
Такім чынам, цяпер адразу пры ўваходзе на школьную тэрыторыю ўсіх сустракае алея з шасці шыльд, на якіх змешчаны фотаздымкі ліноўскіх педагогаў-франтавікоў і сціслыя дадзеныя пра іх.
Уражвае тое, што годы вайны не ачарсцвілі іх сэрцы, не парушылі імкнення да мірнай стваральнай працы. Стралок стаў настаўнікам біялогіі, артылерыст — нямецкай мовы, партызан — пачатковых класаў, авіятар — дырэктарам школы…
— Яны абаранялі сваю краіну і пазбаўлялі ворага жыцця. А вярнуўшыся, сталі вучыць дзяцей берагчы мір, таму што на свае вочы бачылі, колькі каштуе спакой Радзімы, — менавіта гэта падкрэсліў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Момлік падчас сваёй прамовы на мітынгу з нагоды адкрыцця Алеі памяці ў Ліноўскай СШ.
Мерапрыемства сабрала не толькі педагагічны калектыў установы, школьнікаў, удзельнікаў патрыятычнага клуба «Віраж», юных міратворцаў, але і прадстаўнікоў мясцовай улады, духавенства, ветэранаў педагагічнай працы.
— На жаль, — зазначыла першы сакратар райкама БРСМ Ульяна Апаляйчук, — сённяшняе пакаленне апошняе, якому пашчасціла бачыць франтавікоў. Сваім дзецям і ўнукам мы зможам перадаць толькі іх словы. Але і гэта трэба рабіць, каб расціць годную змену. Якая не стане разбураць тое, што зараз ствараецца, а справамі будзе пацвярджаць любоў да Радзімы і жаданне міру.
Алег Сідарэнка.
Фота Кацярыны Масік
