Понедельник, 20 апреля 2026

Кругласутачна на пасту

316

Нягледзячы на строгі кантроль за бяспекай на вытворчасці і ў быце, статыстыка здарэнняў штогод толькі папаўняецца. Таму і работы выратавальнікам заўсёды хапае. Хаця яны, як сцвярджае начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Талстой, не імкнуцца да гэтага. Вось толькі выкараніць такую тэндэнцыю не ўдаецца па шэрагу прычын.

— За мінулы год на тэрыторыі раёна зарэгістравана 42 пажары, або +5 у параўнанні з 2024 годам,— расказвае Павел Міхайлавіч.— У агні загінулі два чалавекі, што больш за ўсё засмучае.

— Ці былі аб’ектыўныя магчымасці папярэдзіць гэтыя здарэнні?

— Безумоўна, калі не прымаць да ўвагі наўмысныя падпалы, што з’яўляецца крымінальным учынкам, ва ўсіх іншых здарэннях бяду можна было б папярэдзіць. Напрыклад, летась рэзка (15 фактаў) павялічылася колькасць узгаранняў, звязаных з парушэннем правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання. Здаралася, што ўспыхвала праводка з-за кароткага замыкання. У аднаго з пацярпелых проста ўзарвалася насценная свяцільня, якая дагэтуль эксплуатавалася 30 гадоў. Што і з’яўляецца асноўнай прычынай: гаспадары лічаць, што бытавыя прыборы, хатнія электрасеткі не маюць зносу і могуць працаваць вечна. Але ўсё з цягам часу патрабуе замены.

Тое ж самае можна сказаць адносна выкарыстання агню ў быце, спальвання расліннага смецця або правядзення вогненных работ каля лёгказапальваемых матэрыялаў ці будынкаў.

— На падставе атрыманай статыстыкі якія высновы робіць пажарная служба?

— Мы на практыцы атрымалі пацвярджэнне, што адзіны сродак барацьбы з пажарамі — прафілактыка. Напрыклад, у папярэднія гады значная ўвага была нададзена прадухіленню лясных узгаранняў з дапамогай адпаведнага назіральнага абсталявання, тэхнікі, а таксама праз арганізацыйныя мерапрыемствы і падрыхтоўку персаналу. Разам з лясной службай нам удалося пазбегнуць вялікіх лясных пажараў. Раней разлічвалі толькі на своечасовыя паведамленні сведкаў, цяпер жа аператыўна спрацоўваюць сістэма відэаназірання «Лясны вартавы» і спадарожнікавыя тэхналогіі. Станоўчаму выніку садзейнічаюць і абмежаванні наведвання лясоў падчас неспрыяльных умоў надвор’я. Таму па гэтым паказчыку Пружанскі раён адзін з лепшых у вобласці.


Цяпер жа пасля аналізу прычын і вынікаў пажарнай статыстыкі за 2025 год будзем распрацоўваць прафілактычныя мерапрыемствы на бягучы.

У прыватнасці, з улікам значнага росту пажараў на тэрыторыі райцэнтра (з 7 да 14), Ружанскага (з 4 да 8), Пружанскага (з 2 да 6) і Зеляневіцкага (з 1 да 6) сельсаветаў абавязкова правядзём там народныя сходы і папераджальныя акцыі.

Таксама працягваем па даручэнні Кіраўніка дзяржавы трымаць на строгім кантролі аб’екты з масавым знаходжаннем людзей.

— Павел Міхайлавіч, наколькі гатовы і пружанскія выратавальнікі, і іх аснашчэнне да наступных выклікаў?

— Штогод мы атрымліваем новае абсталяванне, дзякуючы якому павышаецца аператыўнасць рэагавання на трывожныя выклікі. Таксама папаўняецца машынны парк. А яшчэ, што самае прыемнае, вырашаюцца жыллёвыя пытанні работнікаў райаддзела. Усё гэта прыцягвае моладзь у нашы шэрагі.

Больш за тое, у 2025 годзе стварылі выдатную кадравую базу шляхам адкрыцця ў Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы групы навучання будучых выратавальнікаў. Па папярэдніх выніках
9 студэнтаў маюць усе допускі да працы, яшчэ шасцёра маюць магчымасць вырашыць пытанні са здароўем. Астатнія таксама не застануцца «за бортам» пасля заканчэння навучання: атрымаўшы грунтоўныя веды, змогуць стаць выдатнымі спецыялістамі ў іншых сферах.

— Напярэдадні прафесійнага свята што пажадаеце калегам?

— Па-першае, здароўя, якога не бывае многа, асабліва ў нашай службе. А па-другое, памятаць, што пагоны на плячах выратавальнікаў — гэта гонар, які трэба захоўваць нават у той момант, калі іх нябачна. У любой сітуацыі, нягледзячы на пагрозы, разумець, для чаго патрэбна наша служба ўсяму беларускаму грамадству.

Алег СІДАРЭНКА (тэкст і фота)