Прыемна адзначыць тое, што сярод маладых спецыялістаў у гаспадарках раёна вялікая колькасць дзяўчат. Раней жа жанчына і дом у чысціні трымала, і па хатняй гаспадарцы завіхалася, і мужа на сенакосе магла падмяніць, нават дапамагала нарыхтоўваць. Час ідзе, прыярытэты мяняюцца, усякая праца аблягчаецца. Але ж сельская гаспадарка ўсё роўна чакае сваіх аператараў машыннага даення, заатэхнікаў, тэхнікаў-асемянатараў і ветэрынарных урачоў і фельчараў. І пахвала тым прыгажуням, якія не пабаяліся прысвяціць сябе працы на вёсцы, убачылі перспектыву кар’ернага росту, уладкаванне ў асабістым жыцці.

Да іх ліку адносяцца юрысконсульт Ірына Крыштаповіч і тэхнік па ўліку Анастасія Мазець з філіяла. Хацелася б таксама засяродзіць увагу, што гэтыя дзве прыгожыя дзяўчыны нарадзіліся ў горадзе (першая ў Драгічыне, а другая ў Пружанах) і да нядаўняга часу, скажам так, мала што ведалі пра асаблівасці працы ў сельскай гаспадарцы. Але самае галоўнае — жаданне дасягнуць сваёй мэты, быць карысным менавіта там, дзе твая душа. Таму і апынулася Ірына ў Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі, а Анастасія — у Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы. Як было запланавана, паспяхова скончылі і па размеркаванні на два гады трапілі ў адно сельгаставарыства. Выбар, канечне, быў, але прывабілі прыцягальная абстаноўка ў калектыве філіяла, пры жаданні даецца добраўпарадкаванае жыллё ў інтэрнаце, усебаковую падтрымку маладога спецыяліста ніхто не адмяняў. Калі адчуваеш сябе ўтульна, тады не трэба нешта прыдумваць, падбіраць словы. Таму і размова з дзяўчатамі атрымлівалася натуральная і шчырая.
Як сябе першапачаткова зарэкамендуеш, такое ўражанне пра цябе, як працаўніка, складзецца і надалей. Таму патрэбна прыкласці ўсе намаганні, каб паказаць сваю адказнасць, кампетэнтнасць і ўменне кантактаваць з людзьмі, жыць з імі ў ладзе, гатовым заўсёды прыйсці на дапамогу. Анастасія прыступіла да працоўных абавязкаў на МТК «Апялянавічы». Работы хапае, але ж і імпэту не займаць тэхніку па ўліку. Вядзецца база па колькасці буйной рагатай жывёлы на комплексе, нагляд за селекцыяй кароў. Кантроль дойкі таксама за Анастасіяй. А яшчэ — афармленне спісаў па лячэбнай прафілактыцы, сарціроўка і перагон жывёлы. Бачым, што важкі кавалак работы ляжыць на плячах маладога спецыяліста, але, як сама сцвярджае, свядома выбірала свой прафесійны шлях, таму цяпер толькі наперад. Зразумела, адразу трэба папрацаваць на сваё імя, але моцна верым, што Анастасію чакаюць у будучым толькі самыя светлыя моманты ў працоўнай дзейнасці.

У Ірыны род занятку мае іншы фармат. Яна займаецца заключэннем гаспадарчых дагавораў. Таксама ў яе абавязкі ўваходзіць работа з іскамі і прэтэнзіямі. А гэта ўжо зносіны з людзьмі, калі патрэбна праявіць уважлівасць да чалавека, уменне выслухаць яго, падтрымаць у няпростай сітуацыі і падказаць рашэнне праблемы. Гэтаму не вучаць ва ўніверсітэтах, але дзяўчына стараецца сама знайсці падыход да кожнага, і гэта дае свой плён: яе ў калектыве бачаць і чуюць.
Вольны час для Анастасіі і Ірыны — гэта магчымасць засяродзіцца на сваім унутраным «я». Падумаць над зробленым, зрабіць адпаведныя вывады. Узяць у рукі кнігу і праз яе ў чарговы раз упэўніцца, што трэба радавацца кожнаму дню, дарыць усмешкі навакольным і верыць, што ў жыцці ёсць толькі адно шчасце — любіць і быць любімымі.
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік
