Воскресенье, 19 апреля 2026

І зноў аб хвалюючым

421

Указам Прэзідэнта 2025 год аб’яўлены Годам добраўпарадкавання. Нам, жыхарам дома № 5 па вул. Палеская, хацелася даведацца, як будзе добраўпарадкоўвацца наш мікрараён? І што плануе адміністрацыя раёна рабіць са стыхійнымі агародамі, парнікамі і цяпліцамі?
Са званка ў рэдакцыю

Спачатку трэба адзначыць, што, сапраўды, 2025 дае старт пяцігодцы якасці і прадугледжвае комплекс мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі, падтрыманні ў належным стане тэрыторый уздоўж дарог, добраўпарадкаванні вялікіх і малых населеных пунктаў, вытворчых аб’ектаў.


Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, работы — вялікае мора. Самае галоўнае, каб у кожнага беларуса быў парадак у думках і ў душы. Мусіць, з гэтага мы і будзем пачынаць. Наводзіць чысціню ў хаце, добраўпарадкоўваць свой двор, сваё працоўнае месца, а значыць, усю краіну. Але ўсё пачынаецца з чысціні думак. Галоўнае — не чакаць каманды, а вучыцца браць адказнасць на сябе…


Як растлумачылі ў КУВП «Камунальнік», згодна з планам добраўпарадкавання горада на 2025 год запланавана навядзенне парадку і ў раёне вул. Палескай. Для зручнасці пешаходаў і прывабнага знешняга эстэтычнага выгляду ўсе пешаходныя дарожкі будуць выкладзены тратуарнай пліткай.


Для тлумачэння другога пытання мы звярнуліся ў аддзел землеўпарадкавання райвыканкама і вось, што нам расказалі:


— Пры выкананні заканадаўства аб ахове выкарыстання зямель, участкі па вул. Палескай могуць быць выкарыстаны грамадзянамі для мэт агародніцтва, забарон на гэты від дзейнасці няма. Безумоўна, землекарыстальнікам неабходна звярнуцца ў райвыканкам для ўзаконьвання фактаў самавольнага заняцця зямлі. Сёння, паводле арт. 3, які тычыцца змяненняў Кодэкса аб зямлі, гэта дапушчальна і нават рэкамендавана. Больш за тое, па гэтых фактах прадоўжаны тэрмін дзеяння да 1 студзеня 2028 года. За самавольнае заняцце зямельных
участкаў, якія былі ўстаноўлены ў рамках інвентарызацыі, грамадзяне да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягваюцца, а наадварот, дзяржава дае ім права іх узаконіць. Па заяве на месца выязджае спецыяліст аддзела землеўпарадкавання, робіць замер участка і далей прымаецца адпаведнае рашэнне на карысць жадаючага валодаць зямлёй на законных падставах.
Ірына Велясевіч