Суббота, 17 января 2026

І зімою няма прастою

513
Машыністы-трактарысты Сяргей Харытановіч і Дзмітрый Кобак ведаюць пэўна: як адрамантуеш, так і паедзеш.

Жыццё ў аўтатрактарных парках не замірае ні на мінуту. Дадзеная аксіёма даўно знаёма ў ААТ «Жураўлінае», таму гаспадарка не дапускае пралікаў у гэтым накірунку. Прыкладам можа служыць механізаваны двор «Клепачы», дзе самая малая дробязь трымаецца на строгім кантролі, выключаецца любая магчымасць траўмавання работнікаў.

Гэта толькі здаецца, што вясна яшчэ далёка і сельскім работнікам можна крыху спачыць, перавесці дух, набрацца сіл для новых працоўных здзяйсненняў. Не тут было, бо на вёсцы хапае клопатаў круглы год.

Вопытны механізатар Віталь Сахарук ужо ў чаканні таго,
як выведзе свой трактар у счэпцы з плугам «Дыямант 16»
на родныя палеткі.

Тых жа свіней і кароў пакармі, апошніх яшчэ і падаіць трэба. Гэтая работа не церпіць ніякага адкладу і не мае выхадных. Прыбяры за жывёлай, абавязкова агледзь, каб якая хвароба не прычапілася. І зрабі ўсё не на адчэпнае, а каб быў толк, з веданнем справы. Не забываем, канечне, і пра будучую пасяўную кампанію, якая патрабуе карпатлівай падрыхтоўкі ў зімовы перыяд, калі рамантуецца тэхніка, прыводзяцца ў парадак агрэгаты, закупляюцца гаруча-змазачныя матэрыялы і неабходныя запчасткі.

З чаго ўсё пачынаецца? З інструктажа па ахове працы і тэхніцы бяспекі, калі кожны работнік азнаёмлены са сваімі абавязкамі і адказнасцю за іх парушэнне, праходжання планавага агляду абсталявання. Яшчэ з чысціні, калі захоўваюцца ўсе санітарныя нормы, рукі не мерзнуць падчас рамонту тэхнікі, ёсць дзе памыцца, адпачыць. Падчас апошніх снегападаў адразу праводзілася снегаўборка на тэрыторыі. Усё без лішніх рухаў, але зладжана, як адзіны механізм. Вялікі плюс, калі не трэба з сабой браць авоську, а на месцы можаш смачна паабедаць, работнікі сталовай усё з душой прыгатуюць і гасцінна пададуць. Чалавечнасць у адносінах да іншых — вялікая сіла, якая ў канчатковым выніку прыводзіць да высокай прадукцыйнасці працы.

Мікалай Маркевіч любой рабоце рады, абы быць карысным.

Цяпер поўным ходам дыягнастуюцца і абслугоўваюцца ў сельгаставарыстве трактары, плугі і сеялкі, якія па вясне першымі выйдуць на палеткі для ўзворвання і сяўбы. Па патрэбе праводзіцца рамонт і замена вузлоў, агрэгатаў і шын. Для гэтага задзейнічаны вопытныя слесары, якім дапамогу аказваюць і механізатары. Яны ж у першую чаргу зацікаўлены ў тым, каб тэхніка працавала без перабояў. З запаснымі часткамі праблем таксама няма. Адным словам, работа вядзецца ў штатным рэжыме, без аўралу. Звычайны рабочы дзень з 8.00 да 17.00 гадзін, з выхаднымі ў суботу і нядзелю.

Не трэба быць вялікага розуму, каб прыйсці да высновы, што толькі разам мы зможам дамагчыся таго, каб квітнелі родныя палеткі, не перасыхалі рэкі малака і кожны беларус жыў у дастатку. Задача пастаўлена — значыць наперад, да светлай будучыні.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік