Четверг, 23 октября 2025

Экскурсія для ветэранаў

335

Бываюць сустрэчы, якія запамінаюцца на ўсё жыццё. Не сумняваюся, што менавіта такой стане для ўсіх нас і паездка, арганізаваная нядаўна раённым саветам ветэранаў.

Далёка ехаць не прыйшлося. Ужо праз паўгадзіны нас сустракала вёска Зарэчча.

— Раней тут жыло амаль 500 чалавек. Цяпер жылымі з’яўляюцца толькі два дамы, калі не лічыць тыя, у якія на лета з’язджаюцца дачнікі, — расказвае наш экскурсавод Раіса Аляксандраўна Бульчук. Ёй, як былому кіраўніку Шарашоўскага філіяла райспажыўсаюза «Стымул», добра знаёмы гэтыя мясціны.

Гэта мясцовая гісторыя. Але ў 2018 годзе яна атрымала неспадзяваны працяг, які прадказвае цяпер неперспектыўнай вёсцы сапраўднае бяссмерце.

Думку наконт стварэння ў родным Зарэччы памятнага месца Міхаіл Куц выношваў не адзін год. Падтрымліваў яго і аднавясковец Георгій Швед. У 2018 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё Зарэчанскага мемарыяла.

Многія называюць гэтае намоленае ўжо не адной сотняй людзей месца Зарэчанскім бессмяротным палком. Кветкі, стужачкі ўпрыгожваюць амаль усе помнікі. Асабліва ўражвае алея загінуўшых — юнакі 20-22 гадоў быццам нарэшце знайшлі сваё апошняе супакаенне на роднай зямлі.

26 красавіка бягучага года на свяце ў вёсцы, якое таксама было прысвечана 80-годдзю Вялікай Перамогі, сабраліся больш за 500 чалавек, Міхаіл Куц быў адзначаны Ганаровай граматай Расійскай акадэміі ваенных навук.

Безумоўна, найлепш убачыць усё сваімі вачыма. Каб пакланіцца і запаліць свечачку. Вельмі важна прыехаць сюды з дзецьмі. Каб ведалі, каб памяталі.

І яшчэ адна сустрэча адбылася ў нас у гэты дзень. Ужо ў вёсцы Чадзель. Там, пад крылом у Белавежскай пушчы, жыхар Пінска Пётр Мініч у мінулым годзе адкрыў аграсядзібу. Мы частаваліся смачным чадзельскім абедам, дзяліліся ўражаннямі і шчыра дзякавалі арганізатарам за экскурсію.


Ганна Хадаровіч