Суббота, 18 апреля 2026

Дзяжурная па станцыі Аранчыцы Дар’я Шэшка, напэўна, самая маладая ў мясцовым калектыве чыгуначнікаў

789

Але па адказнасці да даручанай справы, па выкананні сваіх службовых абавязкаў дзяўчына не саступае вопытным работнікам, а каму можа даць і «фору». Менавіта так гаворыць пра маладую калегу начальнік Вольга Кавалевіч, хаця Дар’я Юр’еўна адпрацавала ў Аранчыцах усяго толькі чатыры месяцы.

У школьны час Даша марыла стаць… выхавальніцай дзіцячага садка. Аднак на канчатковы выбар паўплываў прыклад бацькі, Юрыя Балакі, які працяглы час працуе на чыгунцы, тут жа на станцыі. Таму, атрымаўшы атэстат аб сярэдняй адукацыі, пайшла вучыцца ў Брэсцкі чыгуначны каледж. Спачатку пасля заканчэння прафесійнай установы працавала на станцыі «Брэст-Паўночны». І адразу адчула, што хлеб чыгуначніка — адзін з самых цяжкіх.

— Адказнасць, строгая дысцыпліна, максімальная ўвага і пастаянныя нагрузкі,— дзеліцца ўражаннямі Дар’я Юр’еўна.— З першых дзён мне, як сігналісту, даводзілася насіць вагонныя «башмакі» вагой больш за 7 кг. Зараз працую на больш «спакойным» участку, вось толькі адказнасць павялічылася.

Дзяжурная па станцыі сочыць за рухам цягнікоў, расстаўляе маршруты, кантралюе фарміраванне саставаў… Абавязкаў хапае на ўсю змену, якая доўжыцца па 12 гадзін — у дзень або ў ноч. Словам, нагрузкі хапае і на гэтым месцы, але дзяўчына не сумуе і з упэўненасцю заяўляе, што ўдзячна лёсу за цяперашні рэзультат.
Начальнік станцыі Вольга Кавалевіч адзначае маладога спецыяліста як работніка «на сваім месцы». У яе справах заўсёды пануе парадак, па дакументах можна прасачыць любую дробязь, што вельмі важна ў гэтай транспартнай галіне, дзе «плюс-мінус» увогуле не дапускаецца.

Алег Сідарэнка