Суббота, 18 апреля 2026

Будет хлеб на столе!

337

Мы — незалежныя. Гэта самае галоўнае для любой дзяржавы. Нам ніхто не ўказвае, які курс развіцця краіны выбіраць, з кім сябраваць і падтрымліваць партнёрскія адносіны. Беларусы самі выбіраюць, як жыць, што апранаць і нават есці. Дарэчы, аб апошнім. Каб не пераводзіўся пахучы хлеб, пышныя булкі і розныя мучныя салодкасці на нашым стале, у краіне штогод вялікая ўвага ўдзяляецца выкананню дзяржаўнага заказу.

Сёлета гэта 699,3 тыс. тон зерня, што на 11,1% ніжэй адносна 2024 года. І выканаць дзяржзаказ, як запатрабаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, павінны няўхільна ўсе — ад сельскагаспадарчых да перапрацоўчых прадпрыемстваў. Гэта, як гаварылася неаднаразова, харчовая бяспека дзяржавы, і кожны яе грамадзянін мае права на шчаслівае жыццё. Дый хто аспрэчыць той факт, што хлеб — сапраўды ўсяму галава, заклад дабрабыту і дастатку.

Калі ўзяць у разрэзе асобных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны, то для Мінсельгасхарчу ўстаноўлены наступныя нормы закупак: 510,9 тыс. тон пшаніцы, жыта — 123,5 тыс. тон, ячменю — 17 тыс. тон, аўсу — 30,5 тыс. тон, грэчкі — 14 тыс. тон і проса — 3,4 тыс. тон. Акрамя гэтага, плануецца закупіць 60 тыс. тон пшаніцы для вытворчасці амінакіслот, а таксама 22 тыс. тон пачаткаў кукурузы для вытворчасці насення гібрыдаў першага пакалення. Канцэрн «Бел-дзяржхарчпрам» заку-піць 3,35 млн. тон цукровых буракоў (так што без салодкага чаю не застанёмся!), 86 тыс. тон піваварнага ячменю і 95,6 тыс. тон масланасення рапсу. Лічбы, за якімі стаіць клопат дзяржавы аб сваіх людзях, каб гаспадарка вялася і спакойна спалася.

У нашым раёне прыёмшчыкам збажыны з’яўляецца філіял «Аранчыцкае хлебапрыёмнае прадпрыемства» ААТ «Баранавіцкі камбінат хлеба-прадуктаў». Дзякуй вялікі і сельгаставарыствам Пружаншчыны, і работнікам прадпрыемства! Адны пастараліся не затрымліваць пастаўкі, другія не толькі прынялі, але яшчэ і заклалі новы ўраджай у склады. Усё, маем сто працэнтаў! Пры плане ў 4500 тыс. тон жыта і пшаніцы па факце заклалі 4542 тыс. тон. Перавыканалі, а то некаторыя скептыкі яшчэ і сумняваюцца, што, калі дружна і з жаданнем, можна зрабіць нават больш, чым першапачаткова мяркуецца.

Толькі шчырай працай можна дамагчыся пашаны. Гэта пэўна ведаюць беларусы, якія заўсёды гасцінна вітаюць гасцей хлебам і соллю. Інакш мы не можам, бо народ такі.


Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік