Распавядаць аб людзях рэдкіх прафесій заўсёды цікава, а калі чалавек на сваім месцы, прыемна ўдвая.
З Андрэем Аляксандравічам Кундам мы сустрэліся ў райгазе раніцай, паколькі шчыльны працоўны графік не дазваляе яму ні на мінуту адхіліцца ад пастаўленых задач. Ды і большую частку працоўнага дня ён знаходзіцца ў раз’ездах. Здавалася б, прафесія электраманцёра зразумелая кожнаму. Гэта звычайны спецыяліст, які мае пэўны ўзровень кваліфікацыі па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, прыбораў і ўстановак. Але калі справа тычыцца газавай галіны, то ўсё, што звязана з электрычнасцю, становіцца больш складаным. Гэтая сфера патрабуе дакладных ведаў, павышанай увагі і пэўных навыкаў, а галоўнае — вялікай адказнасці за праведзеную работу і жадання заставацца ў прафесіі. Не кожны зможа вытрымаць такі рэжым, а ў Андрэя Аляксандравіча, спецыяліста з 32-гадовым стажам, усё атрымалася.
— Працоўную дзейнасць пачаў электраманцёрам на Аранчыцкай ГНС. Пяць гадоў таму мяне, як спецыяліста з вялікім стажам, перавялі ў райгаз, у сэрвісную службу манцёрам па абароне газаправодаў ад карозіі. Гэта не было чымсьці невядомым, але мне давялося крыху змяніць профіль, вывучыць новыя канцэпцыі, адтачыць свае навыкі, каб граматна падыходзіць да сваёй працы. Газавая галіна ідзе ў нагу з прагрэсам, і каб правільна абслугоўваць абсталяванне, неабходна пастаянна ўдасканальвацца, вучыцца новаму і дакладна разумець, што я раблю і з чым я працую, — расказвае Андрэй Кунда.
Яшчэ ў юнацтве, як і многія хлопчыкі, будучы майстар сваёй справы любіў займацца радыёэлектронікай, выпісваў тэматычныя часопісы «Юны тэхнік» і «Радыё», збіраў розныя дэталькі, рамантаваў тэхніку. Затым ён паступіў у Брэсцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, якое тады толькі адкрылася, і там атрымаў грунтоўную базу ведаў у галіне радыёэлектронікі. Пастаяннае імкненне зразумець нязведанае, прымяніць гэтыя веды на практыцы з цягам часу прывялі да жаданага выніку.
На мінулым тыдні падчас святочнага мерапрыемства, прысвечанага 85-годдзю ўтварэння Брэсцкай вобласці, Андрэй Аляксандравіч быў узнагароджаны Падзячным лістом Брэсцкага аблвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу і значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна. Такая высокая адзнака сведчыць аб тым, што чалавек адданы сваёй прафесіі, якой ён прысвяціў усё жыццё.
— Наша служба працуе ў цесным тандэме з іншымі падраздзяленнямі райгазу. Мы абслугоўваем нашы аб’екты па ўсім раёне, праводзім тэхнічны агляд, робім замеры, праводзім маніторынг стану ізаляцыі газаправода, падтрымліваем яго электрычны патэнцыял і абараняем ад розных відаў карозій. Дапусцім, калі для арганізацыі патрабуецца ўзгадаць месца, глыбіню залягання газаправода, мы выязджаем брыгадай, робім трасіроўку, г.зн., паказваем, дзе знаходзіцца газаправод, каб работы ў ахоўнай зоне праводзіліся бяспечна, — гаворыць спецыяліст. — Таксама мы абслугоўваем аўтаматыку непасрэдна на тэрыторыі райгазу і іншых аб’ектах. Вядома ж, работы хапае, але тут не аб стомленасці, тут аб карысці і важнасці справы, якой ты служыш.
Пасля размовы з гэтым чалавекам застаецца прыемны «паслясмак», як пасля ранішняй кавы. Прашу прабачэння за параўнанне, але гэта сапраўды так. Андрэй Аляксандравіч настолькі захоплена расказвае пра тонкасці сваёй прафесіі, што адразу становіцца зразумела, перад намі Чалавек з вялікай літары. З прычыны сваёй прыроднай сціпласці ён прыемна здзіўлены такой высокай узнагародзе і яшчэ раз падкрэслівае, што гэта заслуга ўсёй каманды. А яшчэ дзякуе кіраўніцтву райгазу за аказаныя яму гонар, давер і велізарны стымул — імкнуцца наперад!
Ірына Велясевіч
Фота аўтара