
Раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі адзначыў свой 25-гадовы юбілей. Установа за гэты час стала сапраўдным домам, напоўненым увагай, міласэрнасцю, дабрынёй, уважлівасцю і шчырай чалавечай любоўю, для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Уклад у гэтую бясцэнную справу ўносіць кожны супрацоўнік. Калектыў аб’ядноўваюць адкрытыя сэрцы і ўзаемная падтрымка.
За чвэрць стагоддзя работы цэнтра 1361 дзіцяці аказана карэкцыйна-педагагічная дапамога, 21 выпускнік атрымаў пасведчанне аб спецыяльнай адукацыі. Усяго за дапамогай для дыягностыкі і вызначэння адукацыйнага маршруту звярнулася больш за 20 тысяч чалавек.

На святочнае мерапрыемства сабраліся прадстаўнікі раённай улады, прадпрыемстваў, арганізацый-спонсараў, працоўнага калектыву і, вядома, бацькі.
Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч адзначыў:
— Калектыў цэнтра дорыць дзецям шчасце, радасць і надзею на жыццё.
Начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Момлік падкрэсліў:
— Тут шчыруюць людзі, якія, нягледзячы на спецыфічныя ўмовы працы, заўсёды знаходзяць магчымасць для бязмежнай творчасці.
Старшыня раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі Ірына Казарэз у сваёй віншавальнай прамове звярнула ўвагу, што ва ўсіх работнікаў установы сапраўды вялікае і чулае сэрца, якога хапае і на сям’ю, і на дзяцей, якія штодня прыходзяць сюды.
У рамках урачыстасці адбылося ўзнагароджанне лепшых супрацоўнікаў цэнтра ганаровымі граматамі.
Установа пастаянна атрымлівае падтрымку з боку ўлады, аддзела па адукацыі, прадпрыемстваў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў. І гэты асаблівы дзень не стаў выключэннем: філіял РУП «Брэстэнерга» Пружанскія электрычныя сеткі, ААТ «Пружанскі малочны камбінат», «Пружанскі кансервавы завод» зноў парадавалі калектыў падарункамі і цёплымі словамі. Супрацоўнікі цэнтра з удзячнасцю называюць гэтых добрых памочнікаў «чараўнікамі», бо, дзякуючы іх увазе і падтрымцы, установа працягвае дарыць дзецям клопат, цяпло і надзею на светлую будучыню.
У завяршэнне са словамі падзякі да ўсіх прысутных звярнулася дырэктар цэнтра Наталля Красевіч:
— Мы — адна каманда, прыходзім на працу, каб аддаць дзецям частку свайго сэрца. Асаблівая ўдзячнасць бацькам, вашы падтрымку і давер мы цэнім больш за ўсё.
На працягу мерапрыемства свае танцавальныя нумары гасцям дарылі выхаванцы ўстановы, а іх бацькі паказалі гумарыстычную сцэнку.

Свята завяршылася трапяткім танцам педагогаў з сэрцамі ў руках — сімвалам любові, веры і адданасці дзецям.
І, вядома ж, урачыстасць упрыгожыў вялікі святочны торт, які ўсе прысутныя падзялілі, як знак сумеснай радасці і поспеху.
Гэты юбілей стаў не проста святам, а жывым пацвярджэннем таго, што разам — каманда цэнтра, бацькі, спонсары і госці — ствараюць атмасферу цяпла, падтрымкі і натхнення для кожнага дзіцяці, якое пераступае парог гэтага асаблівага дома.
Крысціна Асіпчук. Фота аўтара