Суббота, 18 апреля 2026

Бог у сэрцы, сонца ў небе — па такім прынцыпе жыве і сям’я Барасій, якая сёлета адзначае фарфоравае вяселле

648

Гэтыя словы з песеннага хіта поўнасцю апісваюць светапогляд кожнага беларуса. Насамрэч, для паўнавартаснага жыцця патрэбны не жыллё або годная заработная плата. Гэта другасныя фактары, а важнымі з’яўляюцца менавіта раўнавага ў душы і навакольны спакой, каб можна было будаваць і рэалізоўваць планы. Усё гэта — складнік той жыццёвай гармоніі, якая патрэбна беларусам.

Бог у сэрцы, сонца ў небе — па такім прынцыпе жыве і сям’я Барасій, якая сёлета адзначае фарфоравае вяселле. Шлюб Вольгі і Максіма — яскравы доказ таго, што духоўная гармонія, захаванне сямейных традыцый дастаткова для таго, каб у мірны час будаваць сваю будучыню. Выключна розныя людзі: знешне, па звычках, характары, працоўных занятках. Вольга Уладзіміраўна — экстраверт, яе эмоцыі адразу бачныя, тым больш, што яна звязала свой лёс з педагогікай, працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 5. Максім Вячаслававіч — больш стрыманы ў сваіх эмоцыях, працуе вадзіцелем на «малочцы». Тым не менш у іх жыцці нямала абставін, якія аб’ядналі гэтых людзей у адно суцэльнае. Нават святы, адно з галоўных — Вялікдзень, да якога сям’я Барасій рыхтуецца загадзя… і двойчы. Справа ў тым, што нават у веравызнаннях яны розныя: Максім — праваслаўны, а Вольга вырасла ў каталіцкіх традыцыях.

— І гэта вельмі добра,— зазначае Вольга Уладзіміраўна. — Таму што можна рыхтавацца да свята не адзін раз.


Гаспадыня асабліва любіць пекчы велікодныя кулічы. Цягу да кулінарыі ёй прывілі спачатку бабуля, а потым і маці, якія выдатна авалодалі гэтай справай і заўсёды прыцягвалі да яе ўнучку і дачку. Як цяпер робіць і сама Вольга, ужо ў сваёй сям’і, гатуючы цеста па рэцэпце, які пакінула аж прабабуля. А гэта яшчэ адна сямейная традыцыя, якая захоўваецца ўжо больш за 100 гадоў.

Як сцвярджае Вольга, ёй асабліва падабаецца, калі каталіцкі Вялікдзень не супадае з праваслаўным: можна пекчы ўдвая больш! А яшчэ Барасій разам рыхтуюцца да свята, нават не дапускаючы думкі, што можа быць інакш. Па-першае, толькі так перадаюцца ў пакаленнях сямейныя каштоўнасці, захоўваюцца родавыя традыцыі. А па-другое, рабіць даводзіцца нямала, таму што ў іх вельмі многа сяброў, з-за чаго неабходна напекчы не адзін куліч і пафарбаваць шмат велікодных пісанак. З якімі потым яны наведваюць сяброў і блізкіх, а таксама самі прымаюць гасцей. У святочны ранак адзін аднаго вітаюць галоўнымі словамі: «Хрыстос уваскрос!», пасля чаго разам збіраюцца за сталом, каб ушанаваць гэту падзею.

Пры гэтым і Максім, і Вольга зазначаюць, што розныя веравызнанні ніколькі не перашкаджаюць іх шлюбу: яны разам наведваюць і касцёл, і царкву.
— У веры няма адрозненняў, Бог адзін у сэрцы, як і сонца на небе,— сцвярджае Максім Вячаслававіч.— Адрозненні шукаюць самі людзі, якім не хапае негатыўнай энергіі.

Такі жыццёвы прынцып Барасій укладваюць і ў сваіх дзяцей. Старэйшы Аляксандр зараз адсутнічае дома, таму што пасля шостага класа вырашыў працягнуць вучобу ў далёкім Гомелі ў спецыялізаваным ліцэі пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. Сярэдняй Ульяне падабаецца жывапіс, і ў яе нядрэнна атрымліваецца. Меншая Кацярынка займаецца музыкай, а яшчэ танцуе ў ансамблі «Рубікон». У дзецях і іх схільнасцях асабліва бачныя рысы бацькоў, дакладней іх спалучэнне: разважлівасць і няўрымслівасць, спакой і фантан энергіі, эмацыянальнасць і непарушнасць. Што не перашкаджае ладзіць паміж сабой, вырашаць справы разам і абавязкова дапамагаць бацькам у хатніх клопатах. І іх агульны дом поўнасцю адпавядае светапоглядам Барасій: светлы і ўтульны, дзе кожная рэч знаходзіцца на гарманічным месцы і дапаўняе адна адну. І гэта прасочваецца нават за сценамі хаты, у двары, дзе многае зроблена рукамі Максіма Вячаслававіча. Як ён сам зазначае, майстрам сябе не лічыць, толькі вучнем, хаця за любую справу бярэцца без страху.

— Мы не ведаем, якімі дарослымі будуць нашы дзеці,— гавораць бацькі.— Аднак спадзяёмся, што выхоўваем правільна і яны будуць шанаваць нашы традыцыі і далей, захоўваючы Бога ў сэрцы і радуючыся сонцу ў небе.


Алег Сідарэнка

Фота Кацярыны Масік