Среда, 15 января 2025

«Белдзяржстрах» — дапамога тым, каму яна неабходна

457

Маючы працоўны вопыт у сферы страхавання на працягу 26 гадоў, у поўнай меры магу правесці паралелі паміж работай нашай арганізацыі і дэпутацкай дзейнасцю, якой стала займацца пасля атрымання народнага даверу падчас выбараў у раённы Савет дэпутатаў. Вырашаючы розныя сацыяльныя і бытавыя пытанні сваіх выбаршчыкаў па Пружанскай—Набярэжнай акрузе, пастаянна параўноўваю падобную працу з тымі абавязкамі, якія штодня выконваюць страхавыя работнікі. Галоўнае і ў першым, і ў другім выпадках — дапамога тым, каму яна вельмі неабходная.

Выкананне вытворчых планаў абмяркоўваюць (злева направа) вядучы эканаміст Ірына Валкавыцкая, намеснік дырэктара Алена Чарэшка, вядучы бухгалтар Іна Паўлюковіч, дырэктар прадстаўніцтва Ірына Рапейка і вядучы спецыяліст Юлія Слабочыкава.

Калі ж доказаў карыснай дзейнасці раённых дэпутатаў шукаць не трэба, то ў сферы страхавання галоўным сведкам выступае статыстыка. У бягучым годзе нашай дапамогай скарыстаўся 5651 чалавек, якім была выплачана матэрыяльная падтрымка на агульную суму 2,3 млн рублёў. Найбольш папулярныя такія віды страхавання, як страхаванне будынкаў і маёмасці грамадзян, а таксама транспартнае страхаванне.

Варта дадаць, што нашы інтарэсы і адказнасць не абмяжоўваюцца толькі Пружанскім раёнам, любыя здарэнні, няшчасныя выпадкі, уздзеянне прыродных стыхій мы разглядаем таксама, аказваючы своечасовую дапамогу. Прыкладам гэтага лічу тую работу, што нам давялося правесці ў рамках ліквідацыі наступстваў стыхійнага бедства на Гомельшчыне. Работнікі нашага прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пружанскім раёне выконвалі разлікі для Добрушскага, Калінкавіцкага, Рэчыцкага, Гомельскага раёнаў. Да слова, агульная сума страхавых выплат склала 15 млн рублёў. Усе задачы былі выкананы аператыўна і ў поўным аб’ёме, хаця тэрміны былі пастаўлены даволі сціслыя.

Акрамя таго, многія нашы прапановы прадугледжваюць дапамогу «24/7». Гэта не толькі страхаванне ад прыроднай стыхіі, няшчасных выпадкаў, але і сезонныя паслугі, у прыватнасці «Антыклешч», у рамках якога з сакавіка па кастрычнік можна застрахавацца ад непрыемнасцей падчас адпачынку або працы на прыродзе. На такі ж перыяд можна застрахаваць сваю дачу, прычым страхавымі выпадкамі лічацца і незаконныя дзеянні трэціх асоб у дачыненні да нерухомасці і маёмасці.

У Белдзяржстраху гатовы сустрэць і аказаць дапамогу (злева направа) страхавы агент Іна Такарэўская, ацэншчык ТС Канстанцін Краўчук, вядучы спецыяліст Таццяна Сарока, спецыяліст 1 катэгорыі Наталля Кандрацюк, начальнік аддзела страхавання Іна Пекач, вядучыя спецыялісты Дзмітрый Юзяфовіч і Вольга Вакульская.

Увогуле адзначу, што па ўсіх прапановах мы імкнёмся дабіцца максімальнай аператыўнасці вырашэння матэрыяльных пытанняў. Ведаю, наколькі актуальна дапамога, калі яна прыйшла своечасова. Таму тэрміны атрымання выплат у нас лічацца днямі, а бывае і гадзінамі.

А яшчэ варта спыніцца на навінках, якія мы рэгулярна ўводзім у спіс паслуг па страхаванні. Звярну ўвагу толькі на самыя свежыя.

***Добрааахвотнае страхаванне ад няшчасных выпадкаў і хвароб
У варыянтах «Малы» і «Малы+» (ад 0 да 5 гадоў), «Школьнік» і «Школьнік+» (6—18), «Стандарт», «Стандарт+» і «Стандарт-мед» (ад 19 гадоў і старэйшыя). Тут прадугледжана страхавое забеспячэнне па ўсіх відах траўмаў і захворванняў, якія прыводзяць да аператыўнага лячэння. І, як бачыце, для ўсіх ўзроставых катэгорый грамадзян.

***Добраахвотнае страхаванне грамадзянскай адказнасці
Карысна для вадзіцеляў, якія сталі віноўнікамі ДТЗ з вялікім уронам. Напрыклад, абавязковае страхаванне прадугледжвае выплаты да 10 тыс. еўра. А што рабіць, калі атрымаўся больш дарагі ўрон? Шукаць грошы ў доўг або загадзя добраахвотна застрахавацца ад такіх сітуацый. Атрыманы поліс дае значна большую «падушку бяспекі»!

***Страхаванне банкаўскіх картак
І не толькі іх, нават можна абараніць ад махляроў свой карт-рахунак. З любой колькасцю картак, прывязаных да яго. Акрамя зламысных замахаў абарону такая паслуга дае ад страты «пластыкавага кашалька», выдаткаў на аднаўленне, пры механічных пашкоджаннях карткі. Нават страхуюцца тавары, якія былі аплачаны анлайн, але да пакупніка так і не дайшлі.

З нагоды прафесійнага свята віншую і калег, і нашых кліентаў. Жадаю ўсім моцнага здароўя і пазітыву, толькі прыемных падзей, добрых сустрэч. І толькі сапраўдных сяброў побач, гатовых падтрымаць не толькі ў радасці.

Ірына Рапейка, дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пружанскім раёне