Суббота, 18 апреля 2026

Адразу два новых аўтамабіля атрымалі на пачатку бягучага года сілавыя ведамствы: аддзел па надзвычайных сітуацыях і аддзел Дэпартамента аховы.

450

Варта адзначыць, што практычна ўсе сілавыя падраздзяленні раёна на рэгулярнай аснове абнаўляюць свае машынныя паркі, таксама атрымліваюць новае аснашчэнне. Дзякуючы чаму істотна павышаецца аператыўнасць рэагавання, да таго ж становіцца лягчэй і сама служба.

Кожнае новае папаўненне заўсёды сустракаецца асабовым саставам з радасцю. Як расказваюць работнікі МНС Вячаслаў Бірук і Міхаіл Бура , такі ўседарожнік вельмі быў патрэбны, асабліва падчас пошуку тых, хто заблукаў у лесе. Машына з магутным рухавіком, высокім прасветам і цягавітым прывадам пройдзе нават па бездаражы. Што адзначыў і намеснік старшыні аблвыканкама Вадзім Альшэўскі, «і цяперашнія ўмовы надвор’я, цыклон, які прайшоўся ў тым ліку па Брэсцкай вобласці, паказалі, што нашы выратавальнікі працуюць з усімі падраздзяленнямі і арганізацыямі ў адной звязцы і рашаюць задачы па забеспячэнні бяспекі насельніцтва».

Новенькі легкавік паступіў і пружанскім праваахоўнікам. Машына будзе дапамагаць вырашаць унутрыарганізацыйныя пытанні, хаця і гэта станоўча адаб’ецца на агульных выніках дзейнасці службы аховы. Менавіта так ставіцца да атрыманага абнаўлення начальнік райаддзела Дзмітрый Сянкевіч і лічыць дадатковы аўтамабіль яшчэ адной узнагародай за мінулагоднія дасягненні. Дарэчы, летась калектыў падраздзялення быў прызнаны лепшым у конкурсе за арганізацыю прафесійнай падрыхтоўкі, а яшчэ каманда пружанскай аховы стала лепшай у абласной спартакіядзе і прывезла дадому кубак за 1 месца.

Гэта толькі падтрымлівае спадзяванні простых жыхароў раёна, што той набыты парадак, а таксама аператыўнае забеспячэнне бяспекі будуць захаваны і надалей на Пружаншчыне.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік