Безумоўна, навагоднія святы чакае больш за ўсіх менавіта дзятва. Салодкасці, падарункі і вясёлыя мерапрыемствы, а таксама Дзед Мароз і Снягурка. У кожнага малога з маленства павінны заставацца такія асацыяцыі са святкавання Новага году. Таму традыцыйна ў гэты час у нашай краіне стартуе дабрачынная рэспубліканская акцыя «Нашы дзеці».

Сёлета яна адкрылася з маштабнага свята ля гарадской ёлкі «Запальваем навагоднія агні», якое адбылося ў мінулую нядзелю. Як зазначыў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, які са словамі віншавання звярнуўся са сцэны да ўсіх гледачоў, мера-прыемства большай часткай падрыхтавана менавіта для хлопчыкаў і дзяўчынак. Але гэта і падстава ў чарговы раз нагадаць дарослым, што шчаслівае дзяцінства залежыць менавіта ад бацькоў.
— І навагодні перыяд — «святы» час, які нельга прамінуць за паўсядзённымі клопатамі. Давайце разам прыносіць дзецям радасць!

Яго словы сталі стартам гарадскога святкавання. Вядучыя снегавікі адразу задалі вясёлую атмасферу, у чым ім дапамагалі розныя казачныя героі — Санта-Клаўс і, зразумела, Дзед Мароз са Снягуркай. Забаўляльныя танцы, інтэрактыўныя конкурсы, «зімовыя» песні… Усё гэта доўжылася не адну гадзіну.

А яшчэ запальванне самой ёлкі, якая і сёлета прыцягвае ўвагу сваёй незвычайнасцю. Самая высокая, самая яркая і… самая навагодняя. Каля яе цікава сфатаграфавацца, адчуць пах свята, якое зусім блізка. І хочацца спадзявацца, што потым дома, як адгучаць куранты, кожны малы знойдзе падарунак. Можа, і не той, пра які ён напісаў Дзеду Марозу, але ў любым выпадку доўгачаканы і самы-самы прыцягальны.
А рэспубліканская акцыя «Нашы дзеці» будзе працягвацца і надалей. Яна закране дзіцячыя навучальныя ўстановы, зазірне ў дамы сямейнага тыпу. Да яе падключацца пружанскія прадпрыемствы, грамадскія арганізацыі і валанцёры. Каб у нашых дзяцей таксама заставаліся толькі яркія ўспаміны ад добрых спраў дарослых.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
