Воскресенье, 19 апреля 2026

Ад высечкі да адраджэння: калі, чаму і як праводзіцца лесааднаўленне

274

Хачу пачаць з таго, што я і сам з’яўляюся па сваёй першай адукацыі інжынерам лясной гаспадаркі, і гэтая тэма мне вельмі блізкая, аднак для больш дэталёвага аналізу сітуацыі вырашыў звярнуцца па дапамогу да былых калег, работнікаў Пружанскага лясгаса, якія ўжо шмат гадоў працуюць на карысць установы і з’яўляюцца для мяне прыкладам… Яны ж, у сваю чаргу, аказалі метадычную дапамогу ў напісанні артыкула, а таксама нагадалі некаторыя асновы вядзення лясной гаспадаркі, за што ім вялікі дзякуй.

Калі і чаму неабходна секчы лес?

Дрэвы, якія растуць у лясным масіве, з’яўляюцца рознаўзроставымі і дзеляцца па групах: маладнякі (1 і 2 класа), сярэднеўзроставыя, выспяваючыя, спелыя і перастойныя. Многія, магчыма, і не ведаюць, што высечкі праводзяцца на працягу ўсяго жыцця дрэвастою, ад моманту, калі ён толькі ў пачатку свайго росту, і да часу, калі дрэвы дасягаюць небывалых вышынь. У кагосьці можа ўзнікнуць пытанне: для чаго ж праводзяць рубкі ў маладняках ці тых жа сярэднеўзроставых насаджэннях? Гэта робіцца з мэтай рэгулявання гушчыні дрэвастою, каб дрэвы галоўнай пароды атрымлівалі больш вялікую плошчу сілкавання і давалі добры прырост, тым самым фарміруючы высокапрадукцыйныя лясныя насаджэнні. Можна сказаць, што гэта работа на перспектыву. Бо, калі не прыбіраць адсталыя ў росце дрэвы, яны і самі толкам не развіваюцца і не даюць гэта рабіць здаровым, забіраючы ў іх вызначаную плошчу сілкавання. Як вынік, дрэвы, якія значна саступалі ў развіцці, самі загінуць, пры гэтым мы не атрымаем ніякай эканамічнай выгады і не дадзім цалкам рэалізаваць свой патэнцыял здаровым арганізмам. Таму высечкі лесу неабходны на кожным жыццёвым этапе дрэвастою, як бы дзіўна гэта не гучала.


Дарэчы, дадзеныя мерапрыемствы называюцца высечкай догляду лесу. Яны ж у сваю чаргу ўключаюцца ў катэгорыю прамежкавага карыстання. Сюды ўваходзяць тыя высечкі, якія ажыццяўляюцца падчас развіцця дрэвастою.


Згодна з нашым лясным заканадаўствам, у краіне маюцца яшчэ дзве катэгорыі: галоўнага карыстання і іншыя. Мы ж з вамі разбяром першую і самую важную катэгорыю. Уся справа ў тым, што да яе даходзяць не ўсе дрэвастоі, а толькі тыя, якія змаглі пражыць шмат гадоў і перанесці шэраг выпрабаванняў. Высечкі галоўнага карыстання праводзяцца ў дрэвастоях, якія дасягнулі ўзросту спеласці. Дадзены паказчык вызначаецца ў залежнасці ад драўніны і катэгорыі лесу. Напрыклад, сасна, якая пераважае ў нашай краіне і раёне, у самай распаўсюджанай эксплуатацыйнай катэгорыі лесу дасягае дадзенага паказчыка ў 81 год, як і іншыя іглічныя дрэвы. У цвёрдаліставых парод, такіх як дуб, клён, ясень, спеласць надыходзіць на 20 гадоў пазней. А вось у мяккаліставых наадварот — на некалькі дзясяткаў гадоў раней, чым у іглічных. Што ж значыць узрост спеласці? Пры ім драўніна дасягае максімальных гаспадарчых уласцівасцяў, дрэвы гатовы да высечкі. У сваю чаргу, узроставыя межы спеласці ўстаноўлены для забеспячэння рацыянальнага выкарыстання лясных рэсурсаў і захавання ўстойлівасці лясных экасістэм. Яны дазваляюць даглядаць лясы так, каб атрымаць эканамічную выгаду, адначасова захоўваючы экалагічную раўнавагу. Калі ж гэта не зрабіць у спелым узросце, а затым і ў перастойным, то дрэвы, як і іншыя жывыя арганізмы, пачнуць старэць і губляць свае каштоўныя ўласцівасці, становячыся схільнымі да розных хвароб, якія рана ці позна прывядуць да гібелі. І як вынік, несвоечасовае ўмяшанне ў жыццё лесу пагражае не толькі стратай эканамічных і экалагічных уласцівасцяў, але таксама ставіць пад пагрозу здаровыя дрэвы, якія ў хуткім часе таксама могуць быць заселеныя рознага роду шкоднікамі. Таму ўсе высечкі лесу, якія праводзяцца лесагаспадарчымі ўстановамі, з’яўляюцца цалкам абгрунтаванымі.

Чаму ж высечак галоўнага карыстання (ВГК) становіцца ўсё больш?

Як ужо было сказана, ВГК праводзяцца ў спелых насаджэннях. Адпаведна доля гэтых самых лясоў ва ўзроставай структуры павялічваецца. Варта адзначыць, што правядзенне дадзеных мерапрыемстваў вызначае не сам лясгас, а яны прызначаюцца лесаўпарадчыкамі, якія прыязджаюць кожнае дзесяцігоддзе і таксіруюць лес, а затым выдаюць установе лесаўпарадкавальны праект, на падставе якога і вядзецца дзейнасць. У гэтым дакуменце адлюстроўваецца такі паказчык, як разліковая лесасека. Яна паказвае штогадовы аб’ём водпуску драўніны на пні, які ўсталёўваецца для высечак галоўнага карыстання. І гэты паказчык расце кожнае дзесяцігоддзе…

Калі паглядзім яшчэ глыбей, то давядзецца знерваваць тых, хто па-ранейшаму з’яўляецца праціўнікам любога роду высечак… Дык вось, у наступнае дзесяцігоддзе лесагаспадарчыя ўстановы Беларусі будуць высякаць лес яшчэ больш, але і аднаўляць будуць адпаведна таксама ў такіх жа аб’ёмах. І на гэта ёсць тлумачэнні! Да ўзросту спеласці пачынаюць падыходзіць лясы, якія былі створаны нашымі продкамі ў пасляваенны час, а такіх было мноства. Больш падрабязна аб’ёмы высечак разгледзім пазней на прыкладзе нашага Пружанскага лясгаса.


Лясгасы нашай краіны праводзяць мерапрыемствы па лесааднаўленні штучным і натуральным спосабам. Штучнае аднаўленне — гэта фарміраванне новага пакалення лесу шляхам стварэння лясных культур пасадкай або пасевам на плошчах, раней занятых лесам. Назва «натуральнае аднаўленне лесу» гаворыць сама за сябе. У гэтым напрамку чалавек прама не ўплывае на яго аднаўленне, а можа толькі садзейнічаць. Існуюць розныя метады, але асноўным з’яўляецца мінералізацыя. Трактарам узворваецца глеба на ачышчанай плошчы, сюды з бліжэйшых дрэвастояў у момант сталасці пладоў вылятае насенне, засейваючы тыя самыя разоры.


Не хвалюйцеся, мы без ляснога багацця не застанемся, а наадварот — яго толькі прымножым, бо, апроч аднаўлення, ёсць яшчэ і лесаразвядзенне. Кожны год у лясгасах краіны лес высаджваецца на тых плошчах, дзе яго раней не было.

Які ж накірунак лесааднаўлення лепшы?


Калі ж аддаваць перавагу, то варта зрабіць гэта накарысць натуральнага аднаўлення лесу. Чаму? Па-першае, гэта эканамічна выгадна. Дадзены від менш затратны. Калі ўзяць тую ж мінералізацыю, то неабходна толькі ўзворванне глебы, у адрозненне ад штучнага лесааднаўлення, дзе спачатку трэба сабраць плады, атрымаць насенне, выгадаваць сеянцы, а затым перасадзіць іх на лесакультурную плошчу. Другая і самая галоўная прычына — дрэвы натуральнага паходжання больш устойлівыя да неспрыяльных знешніх фактараў асяроддзя, шкоднікаў і хвароб. У такіх насаджэнняў больш шанцаў у параўнанні са штучнымі прайсці свой шлях да ўзросту спеласці.

Як вядзе сваю работу па дадзеных напрамках Пружанскі лясгас?


Каб убачыць, як вядзецца работа ў нашай лесагаспадарчай установе па лесанарыхтоўках, я вырашыў узяць і параўнаць паказчыкі трох гадоў розных дзесяцігоддзяў . Па-першае, як мы ўжо адзначалі ранней, з кожным дзесяцігоддзем расце доля спелых лясоў, а значыць павялічваецца плошча высечак галоўнага карыстання. Па-другое, у кожным з перыядаў ідзе рэзкае зніжэнне долі суцэльных высечак ад агульнага аб’ёму ВГК, а таксама павялічваецца паказчык несуцэльных высечак. Гэты факт сведчыць, што лесаводы Пружаншчыны высякаюць спелы лес паступова, у некалькі прыёмаў, даючы яму аднавіцца самому. А гэты факт сведчыць аб тым, што лясгас робіць упор на натуральнае аднаўленне лесу, каб на выхадзе ўжо нашы нашчадкі атрымалі прадукцыйны і ўстойлівы да розных хвароб і неспрыяльных знешніх фактараў асяроддзя лес.

Што ж тычыцца суцэльных санітарных высечак, то тут не варта рабіць якіх-небудзь высноў, бо кожны год паказчыкі могуць моцна адрознівацца. Гэта залежыць ад лясных хвароб і прыродных фактараў, якія ў адзін год могуць закрануць пэўны рэгіён краіны, а ў наступны іншы. Хацелася б, каб паказчык гэтых высечак быў заўсёды роўны нулю, як і было на тэрыторыі нашага лясгаса ў 2003 годзе.

У цэлым наша лесагаспадарчая ўстанова працавала згодна з лясным заканадаўствам і не перавысіла максімальна дапушчальнае значэнне. Да таго ж аб’ёмы лесааднаўлення Пружанскага лясгаса таксама актыўна растуць. Выснова напрошваецца сама: наколькі хутка растуць аб’ёмы высечак, настолькі ж хутка ідзе іх і аднаўленне.

Калі ж падвесці вынік усяму вышэйсказанаму, то варта адзначыць, што аб’ёмы высечак зялёнага багацця імкліва растуць, але пры гэтым яны цалкам абгрунтаваны. Такімі жа хуткаснымі тэмпамі ідуць і работы па яго аднаўленні, таму перажываць, што лясоў не застанецца альбо стане менш, — не варта. Неабходна згадаць і пра паказчык лясістасці Пружанскага раёна. У 1944 годзе ён складаў толькі 19,5%, а да цяперашняга часу павялічыўся больш чым у два разы і складае 44,7%, што, безумоўна, гаворыць аб выдатнай рабоце лесаводаў розных пакаленняў. А гэта значыць, нашы нашчадкі спаўна змогуць нацешыцца зялёным скарбам, як і мы зараз дзякуючы нашым продкам.

Руслан Басак

Фота Кацярыны Масік, з архіва сайта