Неад’емнай візітоўкай нашага раёна з’яўляецца ААТ «Пружанскі льнозавод». Прадпрыемства вось ужо на працягу 50 гадоў займаецца пярвічнай апрацоўкай ільну-даўгунцу. На дадзены момант на льнозаводзе шчыруе 200 чалавек.
Сёння прадпрыемства мае адно з самых вялікіх у нашай краіне палеткаў ільну — гэта амаль 3 тыс. га. На Пружанскім ільнозаводзе пастаянна вядзецца сортаабнаўленне, бо ад гэтага залежыць якасць трасты, ураджайнасць, таксама праводзіцца сортавыпрабаванне. Вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю механізаванага атрада: кожны год закупляецца новая тэхніка. Гэтая акалічнасць паспрыяла таму, што па тэхнічнай забяспечанасці пружанскія льнаводы лепшыя ў рэспубліцы. У сваёй галіне на самым высокім узроўні яны і па сярэдняй заработнай плаце.

На Пружанскім ільнозаводзе наладжаны выпуск валакна льнянога трапанага доўгага, ільнянога кароткага, палатна іголкапрабіўнога, насення льну, паліва і падсцілкі з кастры.
Глядзячы на шчырую і сумленную работу пружанскіх ільнаводаў, можна з упэўненасцю сцвярджаць: сінія палеткі ніколі не знікнуць з беларускіх зямель.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
