
Так сцвярджае кіраўніцтва ААТ «Пружанскае», маючы на ўвазе трактарыста-машыніста Сяргея Бугвіна, які сумленна выконвае свае працоўныя абавязкі.
Што ж знаходзяць людзі ў сельскай гаспадарцы, дзе і рабочы дзень бывае ненармаваны, і надвор’е не заўсёды спрыяе, то сонца жарыць, то дождж палівае? У шчырых працаўнікоў гэта, у першую чаргу, закладзена на генетычным узроўні, калі твае бабулі і дзядулі, бацькі ўзворвалі зямлю, даглядалі жывёлу сваю і калгасную. Па-другое, вера ў тое, што займаешся важнай справай, вырошчваеш хлеб, забяспечваеш краіну малаком і мясам. Канечне, і душэўны складнік, калі проста не ўяўляеш сябе на іншым месцы, бо тут тваё месца, ты гаспадар на роднай зямлі.
Шлях у прафесію Сяргея Бугвіна пачынаўся з атрымання ў 1997 годзе пасведчання трактарыста-машыніста ў тагачасным Шарашоўскім навучальна-вытворчым камбінаце. Затым юнака з вёскі Клятное чакала служба ў арміі. Пасля чаго і ўладкаваўся ў былы калгас «Іскра». Ці помніць сваю першую тэхніку? Канечне, гэта быў «Беларус-80», на якім адточваў сваё майстэрства, даглядаў трактар, пераконваўся ў правільнасці выбару працоўнага шляху. І па сённяшні дзень нават думкі не дапускае, што нешта па жыцці магло пайсці інакш. Як сцвярджае Сяргей, быць запатрабаваным і сумленным перад сабой і людзьмі — вось галоўны крытэрый быцця ў гэтым свеце.
Так у свой час вучылі і бацькі. Той жа тата Міхаіл Мікалаевіч, які аддаў сельскай гаспадарцы шмат гадоў, а да выхаду на пенсію загадваў чацвёртым балансавым участкам меліярацыі і воднай гаспадаркі. На жаль, пяць гадоў таму ён пакінуў гэты свет, але ж памяць жывая, і гэта не малаважна. Матуля Вера Фёдараўна ўсё сваё сумленнае жыццё шчыравала аператарам машыннага даення. І што казаць, умовы працы на фермах у той час былі куды больш складаныя. Але ж некаму трэба было даіць, і Сяргей прыходзіў на дапамогу, даючы хоць часовы спачын натруджаным рукам самага роднага ў свеце чалавека.
У 2007 годзе з жонкай Аленай і сынам Кірылам перабраўся ў Сланімцы. Гаспадарка выдзеліла дом прысядзібнага тыпу, які з цягам часу прыватызавалі. Ужо тут нарадзілася дачка Вікторыя, памочніца матулі і ўцеха бацькі. Быт усталяваўся, расстаўлены жыццёвыя прыярытэты. Бачна дарога ў будучыню, дзе абавязкова будзе чакаць ціхае сямейнае шчасце.
І вось з таго моманту асноўны занятак Сяргея Бугвіна ў ААТ «Пружанскае» — раздаванне кармоў на МТК «Гарадняны», дзе, дарэчы, ужо чатырнаццаць гадоў працуе заатэхнікам-селекцыянерам і другая палавінка. У шэсць гадзін раніцы ўжо на трактары «Беларус-82» з кормараздатчыкам прыступае да работы, і так да адзінаццаці. Перакусіў, крыху спачыў, а потым з 15.00 да 18.00 зноў на комплексе. І так, можна сказаць, без выхадных. Не, па запатрабаванні можаш і адпачыць, аднавіць сілы. Але калі ёсць яшчэ порах у парахаўніцах, то можна і зарабіць капейку. А яна ніколі лішняй не бывае.
Калі надараецца вольная часіна, Сяргей з задавальненнем удзяляе яе рыбалцы. Гэты занятак дазваляе прывесці думкі ў парадак і ў чарговы раз упэўніцца ў тым, што быць шчаслівым не так і складана, трэба толькі захацець.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
